Крык душы пакутуючай маці

Дарагая рэдакцыя і ўсе чытачы часопіса «Ave Maria»! Звяртаюся да вас як да адной Божай сям’і і прашу малітвы за майго сына Аляксандра, якому вельмі патрэбна хоць бы самая маленькая малітоўная падтрымка. Для Пана Бога няма нічога малога і не вартага. У Яго вачах самая нязначная ахвяра — гэта вялікі выраз любові да свайго бліжняга. Мой сын трапіў у вялікую бяду — моцную залежнасць ад парнаграфіі. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі, яму вельмі цяжка справіцца з гэтым злом, якое пераследуе яго ўсюды. Ён вельмі хоча вярнуцца да нармальнага паўнавартаснага жыцця, але д’ябал моцна трымае яго ў сваіх кіпцюрах. Яму цяжка правільна думаць, ацэньваць сітуацыю, лагічна разважаць. Яму цяжка ў адносінах з людзьмі, яго думкі блытаюцца, ён не можа сканцэнтравацца і церпіць страшны боль галавы. Ён загнаў сябе ў кут, бо не можа кантраляваць свае эмоцыі і дзеянні. Яго пераследуюць думкі пра самагубства.

Наша сям’я перажывае сапраўдную трагедыю, і ваша нават маленькая малітоўная падтрымка вельмі патрэбная нам. Адзін у полі не воін, але, калі збярэцца цэлае Божае войска, мы пераможам. Я веру ў моц шчырай малітвы і ў тое, што яна хутка ляціць да Пана Бога. А для Усявышняга няма нічога немагчымага, і менавіта Ён перамагае ўсялякае зло.

Інтэрнэт можа вельмі разбуральна дзейнічаць на нашых дзяцей, калі яны бескантрольна ім карыстаюцца. Толькі здаровае мысленне, здаровая душа моцай Святога Духа можа перамагчы зло, якое на кожным кроку падсоўвае інтэрнэт. На жаль, сёння нават мультфільмы разбуральна дзейнічаюць на псіхіку дзяцей. Сацыяльныя сеткі часта выкарыстоўваюць псіхічна ненармальныя людзі і нават злачынцы. З цікавасці дзіця можа ўвайсці ў кантакт са злом, а потым не зможа з ім змагацца. Гэта багна хутка яго паглынае, і сам ён з яе ўжо не можа вырвацца.

Трэба быць пільнымі: калі вы заўважылі, што вашыя дзеці сталі раздражняльнымі, канфліктнымі, калі яны ўвесь свой вольны час праводзяць у камп’ютары, забываючыся нават пра ежу, насцярожваюцца, калі вы падыходзіце ў гэты час да іх і імгненна націскаюць клавіятуру, спрабуючы схаваць тое, што глядзелі, і пры гэтым раздражнёна гавораць, што робяць урокі. Магчыма, у такіх выпадках ужо пачынаецца залежнасць. Калі ў сям’і ёсць поўны давер і любоў, нічога не трэба хаваць. Бацькі маюць поўнае права пацікавіцца, чым займаецца іх сын альбо дачка. І, калі дзяцей гэта раздражняе, тут нешта не тое. Калі дзеці ведаюць, што яны нічога дрэннага не робяць, то і паводзіць сябе будуць спакойна.

Вельмі хачу, каб гэтыя словы, напісаныя ад усяго сэрца, камусьці дапамаглі. Я веру ў вялікую Божую міласэрнасць і ў тое, што з дапамогай малітвы многіх людзей мой сын будзе здаровым, а потым і сам будзе сведчыць аб сваім ацаленні. Ужо адно тое, што я пішу вам аб гэтай сваёй праблеме з такой адвагай і верай, ёсць вялікая Божая ласка.

Дзякуй вялікі за любую малітоўную падтрымку! Магчыма, хтосьці  мае досвед таго, як з гэтай навалай змагацца, і можа падзяліцца з намі. Будзем удзячныя за кожную параду. Наш адрас і тэлефон ёсць у рэдакцыі.

І. К., г. Ліда.

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней