На плошчы св. Пятра ў Ватыкане, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, з удзелам тысячаў вернікаў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў папа Францішак. Гэта святая Імша стала ўвянчаннем літургічнага году і заканчэннем Году веры, абвешчанага ў кастрычніку 2012 года Бэнэдыктам ХVI.
З нагоды заканчэння Году веры ўпершыню былі выстаўленыя для публічнага ўшанавання рэліквіі св. Пятра, якія захоўваюцца пад галоўным алтаром ватыканскай базылікі.
Разам з Папам Эўхарыстыю канцэлебравалі Главы Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў, прадстаўнікі Канферэнцый біскупаў розных краінаў свету, шматлікія кардыналы, біскупы і святары.
Урачыстасць праходзіла пад знакам Сірыі, дзе больш за два гады прадаўжаецца грамадзянская вайна, і Філіпінаў, якія пацярпелі ад тайфуну Хаян. Ахвяраванні, збіраныя перад пачаткам св. Імшы, будуць накіраваныя ахвярам тайфуну.
На заканчэнне ўрачыстасці Папа абвясціў сваю першую апостальскую адгартацыю «Evangelii gaudium» («Радасць Евангелля»).