Дзякуем Табе, Ойча наш…

Напрыканцы кожнага года мы азіраемся назад ды разважаем над тым, што прынёс нам мінулы год, чым запамятаецца, якія радасці былі ў ім, якія няўдачы. Для верніка ж заўсёды актуальным застаецца ўменне бачыць дзеянне Божае ў ягоным жыцці. Ды яшчэ важна аналізаваць, ці ўмеў ты сам супрацоўнічаць з Божай ласкай, чыю прагнуў выконваць волю: сваю альбо Божую? Задумвацца над гэтым напрыканцы года важна яшчэ і для таго, каб у новым годзе пазбегнуць памылак. Мы папрасілі некалькі нашых чытачоў падзяліцца тым, што перажылі яны ў мінулым годзе, чаго чакаюць, на што спадзяюцца ў будучыні.

Юлія Дубіна, г. Лісабон, Партугалія

— Прывітанне з сонечнай Партугаліі! Я нарадзілася ў прыгожым беларускім горадзе Баранавічы. Вучылася да нядаўняга часу ў Беларусі, а цяпер вучуся ў самай заходняй краіне еўрапейскага кантынента. У гэтым годзе Пан Бог захацеў, каб я апынулася ажно ў Партугаліі! І вось з верасня я тут, працягваю вучобу ў Лісабоне. 

Яшчэ да афармлення дакументаў я шмат малілася, спрабуючы распазнаць, ці ёсць у гэтым Божая воля і ці патрэбна гэта мне. Працэдура падачы дакументаў і адбор на праграмму навучання за мяжой адбываецца не вельмі складана, але ў мяне не ўсё лёгка атрымлівалася. Я нават думала, што ўжо не буду рабіць намаганняў, каб паехаць, але менавіта тады Пан Бог і паслаў мне сваіх людзей  на дапамогу. Цяпер нават трохі смешна ўспамінаць, як мая сяброўка  адпрошвалася з працы і прыязджала мяне падтрымліваць.

Я вельмі ўдзячная Богу за магчымасць вучыцца ў Партугаліі, бо вучоба тут — добры досвед для маёй будучай прафесіі архітэктара. Першыя дні, першыя крокі ў незнаёмай краіне, вядома, былі даволі складаныя. Моцы і ўпэўненасці надавала ўсведамленне таго, што мой Бог заўжды са мной. У кожнай справе Ён спрыяў мне і спрыяе — трэба толькі моцна даверыцца. Калі, напрыклад, мы заблукалі, то з малітвай хутка знаходзілі неабходнае месца. Гэткім жа чынам знайшлася і добрая кватэра, і ўсё неабходнае. Самае адказнае для мяне цяпер заданне — не змарнаваць магчымасцяў, якія Бог мне дае. Разумею, як важна для мяне плённа правесці гэты час. Спадзяюся, што і надалей буду мець  сілы часам пераадольваць сябе і ісці толькі за Ім.

Мікола Васільеў, парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса, г. Наваполацк

— У мінулым годзе ў нашай сям’і нарадзіўся сын! Такая падзея перажываецца ў кожнай сям’і радасна. У нашай сям’і гэта была вельмі адметная гісторыя. Рэч у тым, што раней дактары шакіравалі нас тым, што мая жонка Анжэла не зможа мець дзяцей. Вядома, гэта быў стрэс, але глыбока ў сэрцы нас не пакідала надзея. Мы верылі, што Пан Бог — галоўны Гаспадар нашай гісторыі, і мы даверылі Яму гэтую праблему.

Цуд не прымусіў доўга чакаць — мы даведаліся, што ў нас будзе дзіця!!! Колькі ж радасці прыйшло ў нашу сям’ю разам з гэтай навіной! Але адначасна з’явіліся і праблемы. Перыяд цяжарнасці працякаў вельмі цяжка, асабліва складанымі былі першыя месяцы. Аднак Бог даваў нам зразумець, што ўсё будзе добра. Ад нас патрабаваліся цярплівасць, надзея і давер. Мы шмат маліліся, кожны дзень давяраючы нашае дзіця Нябеснаму Айцу.

У хуткім часе мы з радасцю даведаліся, што ў нас будзе хлопчык. Разам з гэтай навіной паўстала пытанне, як мы яго назавём. У нас было на прыкмеце адно імя, але, як мы зразумелі, не для гэтага дзіцяці. Неяк па дарозе на працу я раптам выразна прыгадаў, як у дзяцінстве, калі я быў міністрантам, мы перад святой Імшой і пасля яе маліліся праз заступніцтва святога Дамініка Савіа. Я паўтарыў услых гэтае прыгожае імя, прыслухаўся і вырашыў увечары паглядзець, што яно азначае. Якой жа была мая радасць, калі я прачытаў, што імя Дамінік азначае той, хто належыць Богу! Сказаў пра гэта Анжэле, і яна адразу ўспомніла, як на апошніх рэкалекцыях «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» для ўдзельнікаў яе групы было заданне падумаць, што яны могуць падараваць Пану Богу. Гаворка ішла пра штосьці вельмі дарагое. Анжэла тады адразу падумала, што самае дарагое для яе — хлопчык, якога яна носіць пад сэрцам. Яна падаравала Богу свой найдаражэйшы скарб — сына...

У нас зніклі ўсе сумненні — мы ўжо ведалі, што назавём свайго сына Дамінікам! Дарэчы, разам з прынятым рашэннем кудысьці зніклі і нашы трывогі.

Дамінік нарадзіўся ў нядзелю. Цяжка перадаць словамі пачуццё нашага шчасця. Ніякіх ускладненняў у Анжэлы не было, і Дамінік нарадзіўся здаровенькім. Вядома, дзіця прыносіць у сям’ю шмат клопату, але гэты клопат такі радасны!

Бог любіць усіх нас, Ён удзельнічае ў нашых планах, часта карэкціруе іх, але калі нашыя планы не супярэчаць Яго волі, Пан Бог дапамагае нам іх ажыццяўляць. Нам жа трэба толькі маліцца і верыць.

Чаго мы чакаем цяпер ад Пана Бога? Яго благаслаўлення на кожны дзень нашага жыцця. Мы будзем таксама маліцца аб павелічэнні нашай маленькай сям’і…

Ганна Папкоўская, парафія Маці Божай Ружанцовай, г. Мінск

— Ужо цяпер я перакананая ў тым, што падзеі мінулага года застануцца ў маёй памяці на ўсё жыццё, бо для мяне гэта быў год выразнай Божай ласкі. 


У касцёл я прыйшла ў 2000 годзе. Прайшла катэхізацыю і прыступіла да першай у сваім жыцці споведзі. Потым я працягвала наведваць заняткі, удзельнічала ў моладзевых сустрэчах. Але надышоў час, калі ўсё, што я перажывала ў касцёле, зрабілася для мяне нецікавым, аднастайным, а мне хацелася, каб жыццё бурліла.

Я пачала праводзіць больш часу ў кампаніях маіх равеснікаў, якія былі далёкія ад Касцёла і якіх не цікавіла духоўнае жыццё. Але мяне гэта не турбавала — я з галавой акунулася ў пустое і ў многім амаральнае баўленне часу з усім наборам розных «задавальненняў». Паступова мяне зацягнула настолькі моцна, што я зусім перастала хадзіць у касцёл.


Неўзабаве новыя сябры падставілі мяне на вялікую суму грошай. Мне сурова далі зразумець, што альбо я аддаю гэтыя грошы, альбо мяне проста не стане на гэтай зямлі. І, як вы думаеце, куды я пабегла са сваёй бядой? Вядома, у касцёл! Я малілася і прасіла Бога злітавацца, прасіла, каб патрэбныя грошы зваліліся на мяне з неба. Менавіта ў тыя дні святар і прапанаваў мне прыйсці на евангелізацыйныя курсы. З таго моманту, як я цяпер разумею, пачалося маё навяртанне.

Грошы не знайшліся і не зваліліся на мяне з неба, але праблему я ўсё ж вырашыла, бо проста зусім іншымі вачыма зірнула на свет, на мае запатрабаванні. Крок за крокам я пачала пазнаваць «новага» Бога: удзельнічала ў рэкалекцыях «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі», нармалізавала адносіны з бацькамі. У мяне з’явіліся новыя, вельмі класныя, сябры.

Але аднойчы… Як снег на галаву — цяжкая хвароба… Я зразумела, што гэта — вынік майго нядаўняга бяздумнага баўлення часу. Першае, што прыйшло ў галаву: «Божа! Чаму цяпер? Чаму?..» Я баялася нават з кімсьці падзяліцца сваёй бядой, мне здавалася, што ад мяне ўсе цяпер адвернуцца і я згублю ўсё, што нядаўна з такой радасцю набыла. Але блізкія і сябры не адвярнуліся. Наадварот, яны падтрымлівалі мяне, пераконвалі, што для Бога няма немагчымага.

2 сакавіка 2013 года я прыехала на чарговую сустрэчу «Вінаградніка» ў Оршу. Як заўсёды, там была заступніцкая малітва, і я ў часе яе прасіла ў Пана Бога цуду аздараўлення. Пасля малітвы да мяне падышла жанчына, якая сказала, што Пан Бог аздаравіў мяне. Я і сама адчувала, што са мной адбываецца штосьці неверагоднае і ўжо ні кроплі не сумнявалася, што… аздароўленая! Пачала казаць пра гэта сябрам. Яны ж нібы і згаджаліся, і радаваліся, але адначасна казалі, што трэба зрабіць аналізы, трэба, каб медыкі пацвердзілі факт аздараўлення. Я пайшла да медыкаў, і ў выніку абследавання пацвердзілася: я здаровая! І вось цяпер я гатовая абвяшчаць пра гэта ўсяму свету!

Словам, мінулы год для мяне стаў годам Божай ласкі. Я пераканалася ў тым, што Бог мяне любіць, нягледзячы ні на што. Ён быў са мной побач, калі я падала, Ён са мной, калі я падымалася і вярталася да Яго, калі я далёка і калі блізка. Хвала Пану за кожнае Яго дзеянне ў маім жыцці!

...Кожны з нас прыгадвае ў гэтыя дні штосьці сваё, адметнае пра падзеі пражытага года. Шмат было ў ім адкрыццяў, сустрэчаў, прыгожых і не вельмі прыгожых падзеяў. Былі радасць і горыч, шчасце і боль. Было ўсё, з чаго складаецца нашае жыццё.

Як жа важна нам навучыцца не проста пражываць адведзеныя Панам Богам дні, а задумвацца над усім, што нас сустракае! Аналізаваць, бачыць Божую руку ў тым, з чым мы штодня сутыкаемся, для таго, каб усё больш і больш пазнаваць Яго, разумець, не стамляцца здзіўляцца Яго Провіду. Гэта напаўняе нашае жыццё сэнсам, шчасцем называцца дзецьмі Божымі. Не заўсёды паслухмяныя, не заўсёды добрыя, але заўсёды, і ў гады свайго маленства, і ў  паважным узросце, мы —  Яго дзеці. Таму з даверам дзіцяці падзякуем у гэтыя дні нашаму Нябеснаму Айцу за чарговы год, які мы пражылі з Яго ласкі і дабрыні. Падзякуем за ўсё, што Ён нам паслаў і яшчэ пашле.

Ірына Жарнасек

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней