Сведка Божай любові

Нельга спазнаць чалавека, яго радасці і клопат, не прымаючы ўдзелу ў яго жыцці. Часта знешне моцныя і шчаслівыя людзі чакаюць нашай дапамогі і падтрымкі, перажываюць сямейныя трагедыі і хваробы ў поўнай адзіноце. І толькі Бог ніколі не пакідае сваіх дзяцей. Ён у сваёй любові і міласэрнасці ратуе чалавека, пасылаючы на ягоны жыццёвы шлях людзей веры з чулымі сэрцамі і праз іх дапамагае і клапоціцца пра тых, хто жыве ў патрэбе.

Сведкам бязмежнай Божай любові стала Людміла Шырман — верніца з парафіі святога Антонія ў Віцебску. Жанчыну напаткала мноства выпрабаванняў, падчас якіх яна пакутавала ад хваробы алкагалізму, неўладкаванасці сямейнага жыцця. З родных людзей побач быў толькі бацька-інвалід, з якім у Людмілы былі вельмі складаныя стасункі. А калі Людміла даведалася, што зацяжарыла, бацька пачаў яе адгаворваць нараджаць, ды і знаёмыя раілі зрабіць аборт, казалі, што выхаваць дзіця адной у яе не атрымаецца, бо на сужыцеля надзеі не было ніякай. Але ні іх настойлівыя ўгаворы пазбавіцца дзіцяці, пакуль не позна, ні адсутнасць умоваў для жыцця не пераканалі маці, і Пан Бог благаславіў яе нараджэннем сыноў-блізнятаў — Паўла і Ягора.

Жытла не было, таму жанчына тулілася ў будане пры згарэлым доме. Такое месца не магло стаць домам для немаўлятак, а гэта значыла, што дзетак могуць забраць у прытулак. Яшчэ да родаў яна пачала шукаць жыллё, і да гэтага пошуку далучылася парафія. З дапамогай святара і намаганнямі сястры-законніцы ў адным з гарадскіх інтэрнатаў Людміла атрымала пакойчык. Пажыць у інтэрнацкім пакоі Людміле з дзеткамі давялося не доўга, бо хвароба бацькі рэзка абвастрылася і трэба было яго даглядаць. Разам з сынамі яна перабралася ў ягоны дом.

Нягледзячы на боль ад крыўдаў, з ласкі Божай жанчына змагла дараваць бацьку нават тое, што ён не жадаў нараджэння ўнукаў, быў часам жорсткі да яе — сваёй дачкі. Канчаткова парваўшы адносіны з сужыцелем, бездапаможная, з двума немаўлятамі на руках, яна была пры бацькавым ложку да самага ягонага скону.

Атрымаўшы велізарны скарб ад Бога — дар мацярынства, Людміла цешылася сваімі сынамі і дзякавала за іх Богу. А калі хлопчыкам яшчэ не было і года, у жанчыны пачалі моцна балець ногі: высветлілася, што ў яе артроз тазабедраннага сустава, а ў дадатак яшчэ і артроз пазваночніка і остэаартроз каленных суставаў 1-й і 2-й ступені. Такая хвароба патрабуе своечасовага і тэрміновага лячэння, патрэбна аперацыя па замене суставаў, таму што без аперацыі хвароба будзе развівацца і жанчына можа зусім перастаць хадзіць.

Кошт аперацыі — 35 мільёнаў рублёў, але гэта не канчатковыя расходы, якія чакаюць сям’ю: у час аперацыі, а таксама рэабілітацыі Людміла не зможа працаваць, а затраты на выхаванне і жыццё будуць толькі расці.

Цяжка не заўважыць, як Пан Бог праз дар мацярынства змяніў жыццё Людмілы. Пакутуючы ад хваравітай залежнасці, пазбаўленая бацькоўскай любові, пакрыўджаная адносінамі сужыцеля, без нармальных чалавечых умоваў для існавання, за крок да аборту яна прыняла Божую падтрымку і стала шчаслівай маці дваіх хлопчыкаў, сведкам Божай любові.

Цяпер дзецям Людмілы па тры з паловай гады, і ўжо ў такім узросце яны дапамагаюць матулі, як умеюць: раніцай, напрыклад, яны адзяваюць ёй шкарпэткі, бо сама яна ўжо няздольная гэта зрабіць. Яны – вялікая радасць і надзея Людмілы. Гледзячы на іх, яна любіць і жыве, распавядае ім пра Хрыста і прагне перадаць ім веру — навучыць жыць у праўдзе і Божай любові.

Сёння мы можам дапамагчы Людміле Шырман: ратуючы маці, мы ратуем яе маленькіх сыноў, становімся ўдзельнікамі вялікай Божай справы. Толькі прымаючы рэальны ўдзел у жыцці іншага чалавека, мы можам яму сапраўды дапамагчы, а не застацца простымі назіральнікамі чужога жыцця.

26 снежня ў Віцебску адбудзецца дабрачынны канцэрт «HARLEM GOSPEL CHOIR» з ЗША. Музыкі выступяць спецыяльна, каб дапамагчы Людміле, а сума ад прададзеных квіткоў пойдзе на аперацыю і лячэнне.

(Нумар дабрачыннага рахунку:
беларускія рублі: Транзитный счет 3819382103002 —
на благотворительный счет № 000033
в отделении №200/140 филиала ОАО «АСБ Беларусбанк»)

Алеся Вайцяховіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней