1700-годдзе Міланскага эдыкту і Беларусь

У гэтым годзе хрысціянскі свет адзначыў 1700-годдзе Міланскага эдыкту.

Міланскі эдыкт (лац. Edictum Mediolanensium) — гэта ліст імператараў Канстанціна і Ліцінія, які абвяшчаў рэлігійную памяркоўнасць на тэрыторыі Рымскай імперыі. Гэта быў важны крок на шляху ператварэння хрысціянства ў афіцыйную рэлігію імперыі. На жаль, тэкст эдыкту ў арыгінале да нас не дайшоў, аднак ён цытуецца Лактанціем у яго працы «Пра смерць ганіцеляў».

Міланскі эдыкт быў скіраваны кіраўнікам правінцыйных адміністрацый імперыі ад імя імператараў Канстанціна і Ліцінія ў 313 годзе. Яўсевій Кесарыйскі піша: «…Канстанцін і з ім Ліціній, яшчэ не ўпалы ў вар’яцтва, якое пасля ім авалодала, шануючы Бога як даўцу ўсіх пасланых ім выгодаў, аднадушна выдалі закон, для хрысціянаў зусім цудоўны. Яны паслалі яго Максіміну, які яшчэ кіраваў на Усходзе і паддобрываўся да іх».

Гэты эдыкт быў працягам выдадзенага імператарам Галерыем Нікамедыйскага эдыкту ад 311 года, які легалізаваў хрысціянства і дазваляў адпраўленне абрадаў пры ўмове, што вернікі будуць маліцца за дабрабыт рэспублікі і імператара. Міланскі эдыкт пайшоў значна далей. У адпаведнасці з ім усе рэлігіі ўраўноўваліся ў правах, і такім чынам традыцыйнае рымскае язычніцтва губляла ролю афіцыйнай рэлігіі. Эдыкт прадугледжваў вяртанне хрысціянам і хрысціянскім супольнасцям усёй уласнасці, якая была забраная ў іх падчас ганенняў, таксама кампенсацыю тым, хто ўступіў у валоданне ўласнасцю, якая раней належала хрысціянам, і мусіў вярнуць яе ранейшым уладальнікам...

Менавіта пасля Міланскага эдыкту хрысціянства пачало пераможнае шэсце па ўсёй імперыі. Але як звязана з гэтым эдыктам Беларусь, акрамя таго, што мы хрысціяне? Ад  313 года да першага ўспаміну пра Полацк было яшчэ больш за 500 гадоў, аднак жа сувязь ёсць.

У Правых Мастах каля касцёла стаіць абеліск, узведзены ў 1913 годзе з нагоды 1600-годдзя Міланскага эдыкту. На абеліску па-польску напісана:

«З гэтым знакам пераможаш
313–1913
+
1600-гадовая
юбілейная памятка
Міланскага эдыкту
Прысвячэнне мастоўскай парафіі
Ксёндз Й-В. Сарасек».

Гэты абеліск каля старога касцёла выстаяў ва ўсіх войнах і пры ўсіх ўладах. І нават калі пры савецкай уладзе падчас злому згарэў касцёл, а на яго месцы пабудавалі краму, помнік стаяў, праўда, ён апынуўся ўжо ў двары мясцовай амбулаторыі. У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. у Правых Мастах быў пабудаваны новы касцёл, і недзе гадоў з пяць таму назад помнік быў перанесены на яго тэрыторыю і пастаўлены ў куток пляца.

За савецкім часам помнік ацалеў, відаць, таму, што ніхто не ведаў, каму і з якой нагоды ён з’явіўся.

Сёння гэты помнік, бадай што, адзіны на ўсю Беларусь, прысвечаны Міланскаму эдыкту, ды і самому помніку якраз 100 гадоў, а нешта не чутно пра шматлюдныя пілігрымкі да яго...

Адукаваны быў ксёндз Сарасек — грунтоўна і манументальна адзначыў такую важную падзею ў гісторыі хрысціянства. А тое, што мала хто ведае пра гэты помнік, дык... дзе той Міланскі эдыкт 313 года, а дзе Правыя Масты  2013 года — амаль на розных планетах...

Яраслаў Грынкевіч

Цэтлікі: Юбілеі, Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней