Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаем вас, паважаныя чытачы.
Гэта наша апошняя сустрэча ў 2013 годзе. Праз колькі часу настане новы год, ён прынясе з сабой новыя радасці і трывогі, новыя здзяйсненні і няўдачы. У гэты свет прыйдуць новыя людзі, а нехта яго пакіне, адышоўшы ў вечнасць. Азіраючыся на пражыты год, мы звычайна падводзім нейкія вынікі, ацэньваем свае дзеянні (ці бяздзеянне). Адны думкі мы пакінем у сваёй памяці, другія перакажам на споведзі, а іншымі падзелімся з сябрамі і блізкімі.
Вось і некаторыя нашы карэспандэнты вырашылі падзяліцца ўспамінамі пра падзеі гэтага года з чытачамі часопіса.
Вернікі з Лёзна распавядаюць пра сваё парафіяльнае свята: «22 верасня ў нашай парафіі адбылося свята айца Піо, імя якога носіць наша парафія. Да нас у гэты святочны дзень прыехала шмат гасцей — былі ксёндз Валеры з Оршы, ксёндз Адам з віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага, ксёндз Браніслаў з касцёла святой Барбары, ксёндз Андрэй з Чашнікаў, ксёндз Аляксандр са Шклова, айцец Дзмітрый з Віцебска, грэка-каталіцкі хор і шмат іншых гасцей. У інтэнцыі святога айца Піо можна было напісаць свае просьбы. Наш ксёндз Алег Півавар будзе маліцца за ўсіх, хто гэта зрабіў. Пасля Імшы мы падрыхтавалі пачастунак для сваіх гасцей. Мы вельмі ўдзячныя нашаму ксяндзу Алегу за свята, на падрыхтоўку якога ён патраціў шмат сілаў. Хочам таксама падзякаваць усім гасцям, што прыехалі і прыйшлі да нас у касцёл на свята». Такі ліст ад імя лёзненскіх парафіянаў нам даслала Данута Голубева.
Сафія Хаткевіч з Мінска прыгадвае свята ў сваёй роднай вёсцы. «У жыцці кожнага чалавека адбываюцца падзеі, якія запамінаюцца надоўга. Для мяне такой падзеяй стала святкаванне 5 кастрычніка 250-годдзя касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах. І хоць лёс склаўся так, што цяпер я разам з сям’ёй жыву ў Мінску, але кожны раз, калі з’яўляецца магчымасць наведаць бацькоў у невялікай вёсачцы Куляшы, што ў Вілейскім раёне, мы абавязкова прысутнічаем на нядзельнай Імшы. І вось дачакаліся такой светлай даты!.. Распачынаючы святую Імшу, пробашч парафіі ксёндз Пётр Пятрага сардэчна прывітаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, святароў, усіх прысутных і расказаў пра гісторыю касцёла. Калі ксёндз Пётр успамінаў святароў, якія служылі ў Касцяневічах, перад маімі вачыма паўставалі іх светлыя вобразы… Да Першай Камуніі я прыступала пры кс. Станіславу Жуку. З дзяцінства памятаю толькі добрыя словы ў адрас гэтага святара-падзвіжніка, які да апошняга імгнення свайго зямнога жыцця служыў Богу і людзям. Несуцешным было гора парафіянаў, калі ён адышоў у вечнасць… Наступны ўспамін — сустрэча ў Касцяневічах новага пробашча Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага. Прыемна было ўбачыць ксяндза Эдмунда на ўрачыстасці. Згадаю і пра ксяндза Зыгмунта Абартуха. Ён пакінуў родную Польшчу, каб служыць католікам Беларусі. У той час Касцёл пачаў праводзіць богаслужэнні на беларускай мове, і хоць ксёндз Зыгмунт быў ужо ў сталым веку, ён здолеў гэта зрабіць… Парафіяне не маглі стрымаць слёз, калі ўжо цяжка хворы святар развітваўся з намі, каб вярнуцца на Радзіму. Наступным пробашчам парафіі стаў ксёндз Андрэй Яркавец. Менавіта ён рыхтаваў мяне да вельмі важнай падзеі — сакрамэнту сужэнства… Урачыстасць закончылася, а на душы засталіся вялікая радасць і задавальненне ад таго, што жыве Касцёл на Беларусі, што касцяневіцкая святыня і надалей будзе збіраць вернікаў, каб у сваіх сценах абвяшчаць Евангелле і праслаўляць Пана Бога».
Генавефа Дубіловіч прыгадала фестываль арганнай музыкі, які прайшоў у касцёлах Пастаўшчыны 19–20 кастрычніка. Наша карэспандэнтка расказала, як гэта адбывалася ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Камаях. «… Арган камайскага касцёла адметны тым, што ён зроблены выдатным нямецкім майстрам Ёзафам Гатко. На ім стаіць дата вырабу — 1906 год. Гэта адзіны ў Беларусі арган, выраблены гэтым майстрам, і іх увогуле вельмі мала ў свеце, бо Ёзаф Гатко памёр маладым. Суботнім вечарам 19 кастрычніка сабралася шмат народу. Прыехалі госці: саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Канстанцін Шараў, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Кацярына Мікалаева і арганізатары свята: намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў і наш зямляк, былы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі. У пачатку свята выступіў Юрый Кісялёў, які згадаў, што ў Камаях прайшло дзяцінства і юнацтва вядомага музыканта Браніслава Руткоўскага — прафесара, польска-беларускага арганіста, дырыжора, кампазітара, педагога. Свята прадоўжылася і ў нядзелю 20 кастрычніка. У дзень памяці благаслаўлёнага Ежы Папялушкі па запрашэнні ксяндза Яцэка (ён, дарэчы, вырас у сям’і музыканта, які 50 гадоў служыць арганістам у адным з касцёлаў Польшчы) прыязджалі госці з Астравеччыны, а разам з імі і арганіст з гервяцкага касцёла Св. Тройцы, магістр музыкалогіі, бакалаўр культуры і гісторыі музыкі Андрэй Міхневіч, які не толькі граў на аргане, але і спяваў беларускія і польскія песні. Многія парафіяне не маглі стрымаць слёз радасці і захаплення: здавалася, што сапраўды неба спусцілася на зямлю. Хацелася слухаць бясконца! Як жа акрыляе людзей вера і як многа страчваюць тыя, хто праходзіць міма касцёла і не цікавіцца яго жыццём».
Марына Жакаўка расказала пра душпастырскі візіт мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Радашковічы. «11 лістапада каталіцкія вернікі сустракалі ў парафіі Святой Тройцы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У гэта дзень католікі свету адзначалі ўспамін святога Марціна Турскага, які мае найбольшую пашану ў Францыі. Пра гэтага святога расказаў у сваім казанні Тадэвуш Кандрусевіч. Ён звярнуў увагу і на пытанні жыцця парафіі і іншыя важныя моманты сучаснага грамадства і каталіцкай веры. Напрыканцы Імшы старшыня пасялковага савета Віктар Неказакаў падзякаваў мітрапаліту за ўвагу да жыхароў пасёлка. Ён зазначыў, што касцёл актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні магіл польскіх салдатаў, аб чым з удзячнасцю казаў падчас свайго прыезду ў дзень Усіх Святых першы сакратар пасольства Польшчы ў Беларусі Яцэк Саберайскі».
А мы дзякуем усім, хто да-слаў нам адказы на анкету, і просім тых, хто яшчэ гэтага не зрабіў, знайсці трохі часу і адказаць на нашы пытанні. Гэта дапаможа і нам — у працы над часопісам, і вам — знайсці на яго старонках цікавыя артыкулы.
Калі яшчэ раз азірнуцца на адыходзячы год, абавязкова ўспомніцца святкаванне 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. У нашым часопісе гэта падзея была адзначана конкурсам «Будслаў — прызнанне ў любові», у якім узялі ўдзел многія чытачы. Кожны ўдзельнік адзначаны памятным дыпломам, вось толькі не ўсе яго атрымалі, бо мы не ведаем некаторых адрасоў. Просім тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе, але яшчэ не атрымаў свайго дыплома, звярнуцца ў рэдакцыю. Яшчэ раз дзякуем усім за ўдзел у конкурсе. Нават калі вашы творы не былі адзначаны, не засмучайцеся — гэта не апошні конкурс і, магчыма, ваша перамога яшчэ наперадзе.
На гэтым мы развітваемся з вамі і жадаем шчаслівых і благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння і плённага новага году. Няхай Пан Бог дапамагае вам ва ўсіх добрых справах і пачынаннях.
Да новых сустрэч.
Заставайцеся з Богам.
Вера Галубовіч