Якой была Эмілія Вайтыла?

«Вы не перажывяце гэтых родаў, зрабіце, калі ласка, аборт», — гэтыя словы ад свайго лекара пачула Эмілія Вайтыла, калі выявілася, што яна чакае дзіця. Нягледзячы на гэта, яна вырашыла нарадзіць. Жанчына пражыла яшчэ дзевяць гадоў пасля нараджэння Караля — будучага Папы Рымскага — Яна Паўла ІІ.


Была восень 1919 года. Эмілія разам са сваім мужам Каралем Вайтылам і сынам Эдмундам ужо шэсць гадоў жыла ў Вадавіцах і ўжо амаль год — у арандаваным памяшканні на вуліцы Касцёльнай. Яна была на сёмым небе, калі даведалася, што зноў чакае дзіця.

Эмілія доўга не магла зацяжарыць. Сыну Эдмунду было ўжо трынаццаць гадоў. Дачушка Вольга, якая нарадзілася за тры гады да гэтага, пражыла толькі 16 гадзінаў. Эмілія вельмі балюча перажыла яе смерць. Яна пачынала непакоіцца, ці зможа ўвогуле яшчэ раз зацяжарыць, тым больш што ёй было ўжо трыццаць шэсць гадоў. Але яна моцна хацела, каб у Эдмунда быў брат або сястра. І вось урэшце сям’я павялічыцца. Эмілія была шчаслівая.

Аднак ідылія працягвалася нядоўга.

Яна вельмі хацела жыць

Ад доктара, вядомага вадавіцкага гінеколага і акушэра, Эмілія пачула дыягназ, які гучаў нібы прысуд: цяжарнасць у небяспецы. Доктар сказаў, што яна не даносіць дзіця і няма шанцаў нарадзіць яго жывым. А калі дзіця і народзіцца, то коштам жыцця маці. Для таго, каб уратаваць сябе, Эмілія павінна была пазбавіцца зачатага дзіцяці, — рашуча паведаміў ёй доктар. «Вы не перажывеце гэтых родаў, зрабіце, калі ласка, аборт», — патлумачыў ён.

Эмілія была ў шоку. Яна павінна забіць дзіця, якое носіць у сабе? Хіба яе жыццё важнейшае, чым жыццё дзіцяці? Кожнае жыццё мае аднолькавую каштоўнасць. І кожнае — святое. У гэта яна глыбока верыла. Але пры гэтым Эмілія ўсведамляла, што яе жыццё таксама вельмі патрэбнае. Яна мела сына Эдмунда, якому было ўсяго трынаццаць гадоў. Яшчэ зусім дзіця. Як ён справіцца без маці? Эмілія памятала, што столькі ж гадоў было і ёй, калі памерла яе мама. Ведала, як цяжка быць напалову сіратою, і ні за што на свеце не хацела, каб яе дзіця мела такі лёс. А што будзе, калі абое — і яна, і дзіця — не перажывуць родаў? У Эдмунда не будзе ні маці, ні брата або сястры. І што будзе з яе мужам? Яна падрыхтуе яму лёс удаўца? Але ж у іх было яшчэ столькі сумесных планаў! Скончылася вайна, Польшча стала незалежнаю, яе сын Эдмунд пасля двух гадоў школы ў Верхняй Аўстрыі быў цяпер з ёю дома, рос здаровым, добра вучыўся. Муж арандаваў новае, большае памяшканне. Жыццё пачынала стабілізавацца.

Эмілія хацела жыць. Яна вельмі хацела жыць.

 

Пад іх адказнасць

Рашэнне Эмілія прыняла вельмі хутка. Ужо пасля першай размовы з мужам не сумнявалася: яна народзіць гэтае дзіця! Яно мае права жыць. Калі будзе патрэбна, то дзіця дасць сабе рады, а яна павінна толькі даць яму магчымасць. А калі штосьці станецца, значыць такая воля Божая.

— За цяжарнасцю Эміліі назіраў іншы доктар — з вадавіцкіх казармаў, у якіх працаваў яе муж, сержант Караль Вайтыла, — паведамляе гісторык з Вадавіцаў Міхал Сівец-Целебон, які даведаўся пра гэтую гісторыю ад акушэркі, што прымала ў Эміліі роды. — Гэта быў доктар Таўб, вядомы тым, што праводзіў эфектыўнае лячэнне нават у цяжкіх і безнадзейных сітуацыях. Ён пайшоў на рызыку назіраць за цяжарнасцю Эміліі па вялікай просьбе абодвух сужэнцаў. І пад іх адказнасць.

Немагчымае стала магчымым

Другі сын Эміліі нарадзіўся 18 мая 1920 г. прыкладна а 17-й гадзіне. У той дзень у Вадавіцах было незвычайна горача для гэтай пары года. Тэмпература даходзіла нават да трыццаці градусаў. Да таго ж было душна. Эмілія ляжала на ложку ў сваім доме. Калі родавыя схваткі сталі мацнейшыя, яна папрасіла акушэрку адчыніць вокны. Ёй патрэбна было больш паветра. І больш сілаў.

Калі набліжалася 17-я гадзіна, раздаўся касцёльны звон, а потым пачуўся спеў Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі: жыхары Вадавіцаў, як заўжды ў маі гэтай парою, удзельнічалі ў маёвым набажэнстве.

Збег акалічнасцяў? Прадказанне цуду? Менавіта ў гэты момант дзіця Эміліі прыходзіла ў свет. Яна нарадзіла яго, слухаючы спеў Літаніі да Маці Божай. Нібы Хтосьці з вышыні дапамагаў у гэтых родах.

Нарадзіўся цудоўны хлопчык. А дакладней, хлопец. Ён быў незвычайна дужы, моцны, здаровы. І моцна плакаў, нібы хацеў перакрычаць людзей, якія спяваюць Літанію ў касцёле, што знаходзіўся непадалёку.

Калі акушэрка паклала немаўля на грудзі маці, яна ўбачыла, што па шчоках Эміліі цякуць слёзы, а на твары з’явілася шырокая ўсмешка. Маці адчувала радасць, узрушанасць і шчасце, бо здарыўся цуд. І дзіця, і яна жывыя.

...Аднойчы ў гадавіну свайго нараджэння Ян Павел ІІ сказаў, калі быў у адной з італьянскіх парафій: «Я нарадзіўся паміж 17-ю і 18-ю гадзінамі, у той самы час, у які праз 58 гадоў быў выбраны Папам Рымскім».

Гэтае дзіця будзе кімсьці вялікім

Пасля нараджэння Караля здавалася, што Эмілія нібы ажыла, памаладзела, набралася сілаў. На адзіным захаваным здымку з сыночкам, якому было некалькі месяцаў, яна нарэшце ўсміхаецца. Трымае яго перад сабою, прыбранага ў белую вопратку. Сама — у цёмнай сукенцы, валасы зачасаныя ў пучок, у вушах — завушніцы. Дагледжаная, элегантная, радасная.

Яна нібы ашалела ад гэтага дзіцяці — падкрэслівалі суседкі Вайтылаў. Бесперапынна калыхала яго дома ў драўлянай калысцы, спявала яму перад сном, насіла яго ў падушцы, трымала на каленях. Яна не называла яго Караль, а заўсёды ласкава — Лёлюсь, а калі падрос — Лёлек. Гэта было найбольш «афіцыйнае» імя сына.

Штодзённыя клопаты пра дзіця больш за ўсё прыносілі ёй радасць, нягледзячы на тое, што ёй было нялёгка. Умовы даволі складаныя: вада — у студні, таму яна мусіла насіць яе вёдрамі ў дом на другі паверх. Для таго, каб выкупаць дзіця, трэба было закіпяціць ваду і пераліць у балею. Для нагрэву служыла печ, якую трэба было спачатку распаліць. Пялюшкі трэба было кожны раз праць і кіпяціць, а ваннай у доме на вуліцы Касцёльнай не было. Сушыць бялізну Эміліі таксама асабліва не было дзе. Прасавала ў кухні на стале. Празаічныя хатнія справы займалі ў яе шмат часу, вычэрпвалі і без таго слабыя сілы (да гэтага трэба далучыць пакупкі, гатаванне ежы, прыбіранне).

— Пані Вайтыла выносіла каляску з дзіцем у наш двор, — успамінала суседка Гэлена Шчэпаньска. — Перад нашаю камяніцаю было крыху зелені. Пасярэдзіне стаяла студня. Пані Вайтыла прывозіла дзіця, сядала каля гэтай студні, а я выходзіла на ганак. Яна часта прасіла мяне, каб я сышла і прыгледзела за Лёлюсем, бо ёй трэба было паклапаціцца пра абед або выйсці па пакупкі.

У чэрвені 1920 г., калі скончыўся навучальны год, больш часу меў другі сын Эміліі, і ён дапамагаў ёй з Лёлекам, калі муж быў на працы.

— Аднойчы я размаўляла з пані Эміліяй. Тая нахілілася над каляскаю, у якой ляжаў малы Лёлек, і сказала: «Гэтае дзіця будзе кімсьці вялікім», — успамінала Гэлена Шчэпаньска. — Яна сказала гэта з такім унутраным хваляваннем, з такой упэўненасцю, якой я ні ў кога не сустракала. Здаецца, гэтае перакананне пані Вайтылы падзялялі яе муж і старэйшы сын.

Мацярынская інтуіцыя Эмілію не падвяла.

Ён навучыўся цярплівасці ад маці

Усё часцей здараліся дні, калі Эмілія адчувала сябе вельмі дрэнна. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці яе жыццё было пазначана хваробамі, усё большым цярпеннем, пастаяннаю слабасцю. Аднак Эмілія ведала, што муж павінен хадзіць на працу, і арганізавала справы так, каб хатнія як найменш адчувалі яе недамаганне. Не было так, каб дом заставаўся занядбаны, каб не было прыгатаванага абеду, а дзеці не мелі апекі.

Сілу ёй давалі таксама вера і малітва. Ніхто не памятаў, каб яна наракала на свой лёс або сварылася. А калі трэба было, яна ўмела прасіць дапамогі. У неадкладных справах звярталася не толькі да Гэлены Шчэпаньскай, але таксама і да іншай суседкі — Зоф’і Пукло. Калі Лёлек ужо хадзіў, Зоф’я забірала яго да сябе дадому і, паколькі сама мела малых дзяцей, хлопчык мог з імі спакойна пагуляць. Пазней, калі здароўе Эміліі паступова пагаршалася, пані Пукло кожную нядзелю адразу пасля святой Імшы прыходзіла да Вайтылаў дадому, каб дапамагчы ім у хатніх справах. Моцаю абставінаў да іх мусіў далучацца і муж Эміліі. Трэба прызнаць, што ён быў незвычайна адданы жонцы і дзецям: амаль нікуды не хадзіў пасля працы, кожную вольную хвіліну праводзіў дома. Ён дапамагаў таксама з урокамі Эдмунду, які ўжо вучыўся ў гімназіі.

Як успамінала суседка, Марыя Яніна Качарова, ужо ў 1927 г. хвароба Эміліі моцна давалася ў знакі.

— Гэта было падобна на захворванне сэрца ці рэўматызм. Яна пакутавала ад паралічу ног і іншых хваробаў. У Вадавіцах людзі гаварылі, што ў яе штосьці з пазваночнікам ці з печанню.

Андрэ Фрассар пісаў: «Сваю маці [Ян Павел ІІ] ведаў менавіта як хворага чалавека. <...> Яго ўспаміны пра маці досыць цьмяныя, аднак памятае, што яму было вельмі прыкра, калі аднойчы яна паехала ў Кракаў без яго — напэўна, на кансультацыю да доктара».

На што канкрэтна хварэла Эмілія і чаму яна так моцна цярпела, невядома. Нават з яе сям’і ніхто не можа гэтага сказаць. Не засталося медыцынскай дакументацыі, ніводнага рэцэпта.

Яна прымала жыццё такім, як ёсць

У 1927 г. здароўе Эміліі ўжо настолькі пагоршылася, што муж Караль вырашыў пайсці на ранюю вайсковую пенсію. Ён павінен быў цалкам прыняць апеку над жонкаю і сямігадовым сынам. Часам Эмілія цэлымі тыднямі ляжала ў зачыненым пакоі, куды Лёлек рэдка тады заходзіў — маці не хацела, каб ён глядзеў на яе цярпенне.

Бацька Караля ўзяў на сябе вядзенне хатняй гаспадаркі: рабіў пакупкі, гатаваў ежу, мыў посуд, прыбіраў памяшканне, праў. У гэты час ён узгадаў рамяство, якому навучыўся ў бацькоўскім доме — кравецтва. Сябры Лёлека, наведваючы яго, часта бачылі бацьку за такою працаю як шыццё, перайначанне старой вопраткі, цыраванне шкарпэтак. Ён знаходзіў таксама час на тое, каб знаёміць сына і яго школьных сяброў з айчыннай гісторыяй, распавядаў ім пра розныя здарэнні з мінулага Польшчы, вучыў нямецкай мове, а таксама плаванню, бо любіў спорт. Час ад часу ён хадзіў з Лёлекам і яго сябрамі ў горы, а калі дадому прыязджаў Эдмунд (у той час ён вывучаў медыцыну ў Кракаве), то да гэтых заняткаў далучаўся і ён. Эдмунд гуляў з малодшым братам у футбол або настольны тэніс, хадзіў  гуляць на Скаву.

Эмілія цешылася, што браты так добра ладзяць між сабою. Нягледзячы на хваробу, яна не патрабавала, каб хлопцы займаліся ёю, не наракала, хоць старэйшы сын, які меў добрыя поспехі ў вывучэнні медыцыны, цікавіўся здароўем маці і далучаўся да працэсу лячэння: ён праглядаў лекі, даваў парады, кансультаваўся з дактарамі. Магчыма, гэта давала ёй надзею на выздараўленне.

Наколькі магла, Эмілія дапамагала Лёлеку падрыхтавацца да Першай святой Камуніі. Менавіта яна навучыла сына першым малітвам, тлумачыла, што вера вельмі важная ў жыцці чалавека. Эмілія па-мацярынску назірала за тым, як сын цікавіцца рэлігіяй, бачыла, як моцна ён хоча стаць міністрантам, і старалася падтрымліваць яго ў гэтым рашэнні. Але ў той жа час не навязвала яму сваёй думкі. Маці разумела, што гэта павінен быць яго выбар, што кожнае дзіця павінна пражыць сваё жыццё паводле свайго замыслу, а не матчынага. Нават калі пасля будзе шкадаваць пра гэта.

Аднак на пачатку 1929 г., калі набліжаўся дзень Першай святой Камуніі Лёлека, стан здароўя Эміліі настолькі пагоршыўся, што яна не мела сілы займацца сынам, не кажучы ўжо пра пакупкі, якія трэба было зрабіць перад Першай Камуніяй: белую кашулю ці боцікі. Яна вельмі перажывала з-за гэтага і часам казала адной з суседак, што з-за хваробы занядбала Лёлюся. Але, як падкрэслівалі суседкі, Эмілія, рэалістка па натуры, у кожнай сітуацыі ўмела пагаджацца з Божаю воляю. Яна прымала жыццё такім, як ёсць, без бунту і абурэння.

«Час уцякае, вечнасць чакае...»

У суботу, 13 красавіка 1929 г., тэмпература ў Вадавіцах павялічылася да пятнаццаці градусаў. У паветры ўжо адчувалася вясна. Зеляніна прадвяшчала павольнае адраджэнне прыроды згодна са спрадвечным парадкам. Але ў доме Вайтылаў гэтага ніхто нават не заўважыў. У гасцінай на ложку ляжала Эмілія, якая моцна цярпела. Было холадна. У паветры адчуваўся блізкі канец: беспаваротнае прамінанне жыцця. А ціша, якая панавала навокал, прадвяшчала падрыхтоўку ў дарогу, на другі бок жыцця. Усё згодна са спрадвечным рытмам, натуральным парадкам, бо калі ёсць жыццё, павінна быць і смерць. Іншай магчымасці няма.

Пры хворай Эміліі з самага ранку быў муж. Бачыў, як жонка слабела з кожнай гадзінай. Аднак яна ўвесь час заставалася прытомнаю. Папрасіла, каб ён прывёў да яе з парафіі ксяндза са святой Камуніяй, абавязкова хацела прыняць таксама сакрамэнт намашчэння хворых.

Як і ў важныя хвіліны жыцця, так і цяпер, калі заканчвалася яе зямное існаванне, яна глядзела ў вакно, на гадзіннік са знамянальным надпісам: «Час уцякае, вечнасць чакае». Вечнасць станавілася такою рэальнаю...

Канец зямнога жыцця Эміліі настаў 13 красавіка 1929 года. Яна адышла ціха, спакойна, як і жыла.

Чаму гэтая смерць прыйшла акурат цяпер? Навошта Пану Богу спатрэбілася ў небе 45-гадовая Эмілія Вайтыла, калі дома ў Вадавіцах застаўся яе 9-гадовы сынок, якому яшчэ так неабходная была маці?

Тады гэта здавалася неспасцігальным. І нелагічным. Толькі з перспектывы амаль ста гадоў, калі гэтае асірацелае дзіця з’яўляецца адным з найбольш вядомых святых у свеце, можна зразумець больш глыбокі сэнс такой, бясспрэчна, заўчаснай смерці. Хоць для чалавека яна ўсё яшчэ застаецца таямніцаю, аднак упісваецца ў Божы план адносна будучага Папы Рымскага.

 


Мілена Кіндзюк

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле часопіса «Niedziela»,
№ 40 (6 кастрычніка 2013 г.).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней