Практыка прысвячэння сябе Марыі — аддання Багародзіцы ўласнай волі, сэрца, розуму, заслугаў і ўвогуле ўсёй сваёй уласнасці — вядомая з VII стагоддзя. Аднак прайшло цэлае тысячагоддзе, пакуль яна з увасаблення пабожнасці асобных людзей і згуртаванняў ператварылася ў шлях да святасці. Дарэчы, прысвячэнне народа і дзяржавы Сэрцу Езуса і Марыі павінна мець не толькі прыватны, але і грамадска-палітычны характар. У сваім палкім прагненні навяртання душаў Сэрца пажадала быць у асаблівай пашане не толькі ў паспалітага люду, але ў элітаў, якія ўласным прыкладам і ўплывам маглі б спрыяць пашырэнню і паглыбленню веры і цнотаў ва ўсім народзе.
Прысвячэнне ёсць актам, у якім мы ахвяруем Богу нешта каштоўнае — дзеля аддання Яму хвалы, дзеля надання гэтаму дару сакральнасці і вартасці. Прысвячэнне можа датычыць не толькі прадметаў, але і асобаў, сем’яў, установаў, народаў і ўсяго чалавецтва. Прысвячэнне служыць сімвалічнаму вызнанню Божай улады над створаным светам, прызнаннем Божага права на атрыманне пэўнай ягонай часткі як «ахвяры», яно нагадвае чалавеку, што ўсе свае памкненні ён мусіць кіраваць да Бога і ўсё аднаўляць у Хрысце.
Паводле легенды, першае ў свеце падобнае народнае прысвячэнне мелася адбыцца ў далёкім 1037 годзе, калі князь Яраслаў Мудры прысвяціў Багародзіцы Кіеўскую Русь. Праз год тое ж учыніў у сваёй дзяржаве кароль венгерскі — св. Штэфан. У 1142 г. Божай Маці аддае сябе Партугалія. Сустракаюцца звесткі, што падобныя акты ў XII ст. здзейснілі Англія і Францыя.
Але задакументаваная гісторыя гэткіх прысвячэнняў распачынаецца ў 1638 г., калі кароль Людовік XIII аддаў Марыі сваё панаванне ў Францыі, а ў 1646 г. падобнае было ўчынена ў Партугаліі.
1 красавіка 1646 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір Ваза перад абразом Маці Божай Ласкавай у львоўскай катэдры, у прысутнасці цэлебранта св. Імшы папскага нунцыя кардынала П’етра Відоні і ўсяго каралеўскага двара, з рыцарствам, сенатарамі і духавенствам, склаў каралеўскія шлюбы, аддаўшы Ёй сваю дзяржаву і абвясціўшы Яе Каралевай Польскай Кароны. Далей былі Аўстрыя, Англія, Швейцарыя, Баварыя, Іспанія, Ірландыя, іншыя дзяржавы…
Шанаванне Найсвяцейшага і Беззаганнага Сэрца з часам паглыблялася, пашыралася і ўзмацнялася, а практыка аддання народаў пад апеку Марыі аднавілася ў XX ст. у сувязі з фацімскімі аб’яўленнямі сястры Люцыі ад Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, узмацненнем у свеце атэістычных і квазіпаганскіх ідэалогій. З таго часу, калі Маці Божая дала свету сваю фацімскую зброю, гісторыя набірае незвычайнае паскарэнне. Чытач ведае, што адбылося ў Фаціме, таму ўзгадайма толькі найважнейшыя падзеі і факты.
У Пантэвэдра 10 снежня 1925 г. Дзіцятка Езус паведаміў сястры Люцыі: «Май спачуванне да Сэрца твае Найсвяцейшай Маці, абвітага цернем, якім няўдзячныя людзі яго зноў і зноў раняць, і няма нікога, хто б праз акт перапрашэння гэтыя церні павыцягваў». Марыя ж дадала: «Я прыбуду ў гадзіну смерці з ласкамі, патрэбнымі для збаўлення ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы адбудзе споведзь, прыме святую Камунію, згаворыць 1 ружанец і на працягу 15 хвілін разважання над 15-цю ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога». А ў аб’яўленні с. Люцыі ў Туі 13 чэрвеня 1929 г. з вуснаў Багародзіцы чуем заклік: «Прыйшла хвіліна, у якой Бог заклікае Святога Айца супольна з біскупамі ўсяго свету прысвяціць Расію Майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы ратаваць яе з дапамогаю гэтага сродку». У гэтых аб’яўленнях палягаюць вытокі вядомага нам набажэнства Першых суботаў месяца і справы прысвячэння Расіі і свету Сэрцу Беззаганнай.
Колькі ж Божай моцы ў простых словах фацімскай візіянеркі! 13 траўня 1931 г. у Фаціме пры незлічоным натоўпе вернікаў епіскапат Партугаліі ў поўным складзе прысвяціў свой край Сэрцу Марыі. Колькі ж было Божай моцы ў тым акце прысвячэння, што Неба адгукнулася адразу ж! Гісторыкі ўголас сцвярджаюць: той факт, што Партугалія засталася па-за сцэнаю камуністычнай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Іспаніі, быў сапраўдным цудам. Гэты акт Партугалія здзейсніла пасля яшчэ двойчы: на парозе Другой сусветнай (краіна цудам захавала нейтралітэт у вайне) і ў 1975 г. (камуністы і ваяўнічыя бязбожнікі цудам не атрымалі ў краіне ўлады).
Калі разгарэлася Другая сусветная вайна, сястра Люцыя пісала папу Пію XII: «Пан наш абяцаў атачыць асабліваю апекаю Партугалію <…>, зважаючы на прысвячэнне нацыі Беззаганнаму Сэрцу Марыі — як сведчанне ласкаў, што будуць удзеленыя іншым нацыям, калі — як і Партугалія — сябе Яму прысвецяць». Нельга не прыгадаць, што яшчэ раней за Партугалію — 25 жніўня 1920 г., пасля Варшаўскай бітвы, Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі маршалкам Юзафам Пілсудскім была аддадзеная Польшча.
Прысвячэнне польскага народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі — як аднаўленне гістарычных шлюбаў з Хрыстом і Каралеваю Польшчы — адбылося на Яснай Гары 8 верасня 1946 года. У тыя ж часы прысвяцілі сябе Беззаганнаму Сэрцу народы Аўстрыі і Венгрыі (1947), Германіі (1954), Іспаніі (1956), Італіі (1959), Швейцарыі (1960). У апошнія дзесяцігоддзі Беззаганнаму Сэрцу Марыі былі аддадзеныя народы Літвы, Латвіі, Славакіі і — дзякуем Богу праз Багародзіцу — Беларусі (6 ліпеня 2013 г., на ўрачысты юбілей 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе). Праз месяц (15 жніўня 2013 г.) гэта адбылося і ў Ірландыі.
30.10.1942 г. Святы Айцец Пій XII упершыню спрабуе выканаць фацімскае пажаданне Божай Маці і прысвячае свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Ён жа ўчыніць гэта паўторна праз месяц, 8 снежня, але ўжо не праз зварот у радыёэфіры, а ў літургіі, у самым сэрцы Касцёла, у рымскай базыліцы св. Пятра. Потым, у 1952 г., ён прысвеціць Беззаганнаму Сэрцу Марыі ўсе народы Расіі (меліся на ўвазе, напэўна, народы СССР). Некалькі спробаў прысвячэння свету (1942, 1952, 1982 і 1984) і Расіі (1952, 1982 i 1984) урэшце прывялі да таго, што Неба прыняло той акт, якога некалі прасіла ад нас Багародзіца.
Ёсць каталіцкія колы, дзе аргументавана сцвярджаецца, што насамрэч прысвячэння Расіі Сэрцу Беззаганай дагэтуль не здзейснена, што Неба не залічыла людзям таго, што адбылося 25 сакавіка 1984 года. Спрэчка ў гэтым пытанні, на маю думку, не завершыцца ў бачнай будучыні, таму адказнасць бярэ на сябе кожны: альбо мы слухаем і давяраем аўтарытэтнаму слову Папы, Касцёла і с. Люцыі, прамоўленаму перад Другім Ватыканскім Саборам і пасля яго, альбо не давяраем — кампрамісу няма і не будзе! Варыянты выбару ўзаемавыключальныя. Кожны сам мусіць узяць на сябе адказнасць перад Богам за выбар уласнай пазіцыі ў гэтым пытанні.
У афіцыйным лісце з Фацімскага санктуарыя ў 1999 г. айцец Лейт піша: «Прысвячэнне Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі — гэткае, аб якім прасіла Маці Божая, — учыненае Святым Айцом у лучнасці з усімі біскупамі свету 25 сакавіка 1984 года перад фігураю Маці Божай, адмыслова прывезенай ажно ў Рым з Фацімы, з Капліцы аб’яўленняў. У лучнасці са Святым Айцом, па яго просьбе, біскупы свету спадарожнічалі яму ў тым выключным акце. Сястра Люцыя шмат разоў казала, што гэтае прысвячэнне цалкам адпавядае прагненням Маці Божай. У лісце да Вальтэра Наэлькэра яна засведчыла: “Мяне спыталі, ці прысвячэнне здзейсненае згодна з просьбаю Маці Божай. Адказваю: так!”». Звяртаю ўвагу: гаворка не пра «прысвячэнне Расіі» і не пра «прысвячэнне свету» — але пра «прысвячэнне, якога прагнула наша Пані».
У размове 17 лістапада 2001 г. з арцыбіскупам Тарчызіо Бэртонэ SDB у прысутнасці а. Льюіса Кондара SVD (віцэ-пастулятара беатыфікацыйнага працэсу бл. Францішка і бл. Гіяцынты Марто) і настаяцелькі кармэліцкага кляштара св. Тэрэзы 95-гадовая с. Люцыя сказала: «Прысвячэнне, якога прагнула наша Пані, было здзейсненае ў 1984 годзе і было прынятае ў Небе.<…> Хай [людзі] чытаюць маю кніжку; там ёсць парады і заклікі, якія з’яўляюцца выразам прагненняў нашай Пані. Малітва і пакаянне, злучаныя з вялікай вераю ў моц Божую, збавяць свет».
13 верасня 2013 г. на святкаванні 10-годдзя кансэкрацыі касцёла Маці Божай Фацімскай у Жодзіне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў у гаміліі: «Напрыканцы сваіх аб’яўленняў Маці Божая ў Фаціме папрасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу і сказала, што Яно затрыумфуе і Расія навернецца. Марыя гаварыла аб Расіі, але Яе словы адносяцца і да Беларусі, бо ў тыя часы яна належала да Расійскай імперыі. Сястра Люцыя сказала, што слова “Расія” з фацімскіх аб’яўленняў неабходна разумець як “увесь свет”, бо “грэх не мае нацыянальнасці”. Фацімскае пасланне застаецца актуальным: сёння неабходна не толькі хрысціць навернутых, але і навяртаць ахрышчаных».
13 кастрычніка 2013 г., падчас кульмінацыі Марыйных дзён у Год веры, перад фігураю Маці Божай Ружанцовай з Капліцы аб’яўленняў, якая з Фацімы наведае Вечны горад, у часе святой Эўхарыстыі папа Францішак у лучнасці з усім Касцёлам зноўку прысвеціць свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Услухаймася ў гэты заклік: «Вера, малітва, пакаянне!». Прыслухаймася і збаўляйма свет — тут і цяпер. Праз Пана Езуса ў Панне Марыі. Праз Панну Марыю ў Пане Езусе. Праз вялікую веру ў моц Божую. Праз пакаяльную малітву і малітоўнае пакаянне. Праз свядомую перапрашальную жывую ахвяру ў Хрысце з сябе саміх за грэшнікаў — за сябе і за іншых, за Беларусь і за люд беларускі. «Пакаянне!» — трубіць нам Анёл Партугаліі. «Пакаянне!» — заклікае нас Анёл Беларусі. Божа, уратуй Беларусь! Няхай будзе толькі Твая воля, Божа! Амэн.
Андрэй Мікалаеў, брат Людовік OPs.