Прашу Тваёй ласкі…

Нядаўна ўвесь каталіцкі свет маліўся разам з Папам Рымскім Францішкам, просячы ў Бога апекі над Сірыяй, ахопленай вайной, нянавісцю, горам. Да яе ўжо працяглы час звернутыя позіркі людзей усяго свету. Суцэльная рана на нашай планеце... Рана нашага часу...

Мы маліліся і молімся ў гэтай інтэнцыі па-рознаму. У гэтым нумары мы змяшчаем малітву сірыйца Tony Homsy SJ, які цяпер жыве і вучыцца ў ЗША. Ён католік, належыць да Закону Таварыства Езуса. У Сірыі засталіся ўсе ягоныя родныя, сябры. У маладога сірыйца баліць душа за сваю радзіму, і гэтым болем ён дзеліцца з Езусам. Нам ёсць чаму ў яго павучыцца. Учытаемся ў  ягоныя словы, памо­лімся разам з ім…

Пане Езу, што б Ты зрабіў, калі б быў 30-гадовым сірыйцам? 

Задаю Табе гэтае наіўнае пытанне, каб даверыць Табе мой неспакой, які не пакідае мяне з таго часу, калі мая кра­іна завісла над прорвай. Сірыя ж Табе не чужая. Ты жыў па-суседску, а можа, нават наведваў яе...

Задаю Табе гэтае пытанне ў разгубленасці, бо не магу знайсці адказаў, якія прынеслі б мне спакой.

Што зрабіў бы Ты, калі б апынуўся на маім месцы? Прашу, каб Ты быў цяпер блізка. Вядзі мяне, мой Пане. Тое, што Ты спазнаў дзве тысячы гадоў таму, не нашмат адрозніваецца ад таго, што перажываем мы цяпер.

Я нарадзіўся пры дыктатуры і таму заўжды, як і іншыя сірыйцы, марыў аб свабодзе. Ты ж таксама памятаеш сваё маленства ў жорсткія часы панавання Ірада...

Таму прашу Тваёй ласкі, каб я не толькі бачыў гора маёй радзімы, але каб чуў таксама Твой заклік змяніць свет.

А Твая сям’я? Твая Маці і Твой святы Апякун? Яны ж таксама спазналі тое, што перажываюць мае родныя, якія сёння мусяць уцякаць з дому, шукаць іншых сховаў.

Таму прашу ў Цябе ласкі цярплівасці для мяне і мудрага ўсведамлення, што на ўсё патрэбны час. 

Табе не патрэбны інтэрнэт, каб даведацца пра жах нашай вайны — братазабойства і смерць тысячаў дзяцей, жанчын і мужчын. Калі было забойства дзяцей у Ерузалеме неўзабаве пасля Тваіх наро­дзінаў, Ты таксама быў бязрадным Дзіцем…

Таму прашу ў Цябе ласкі, каб я быў ціхі і ніколі сам не скарыстаў насілля.

Напэўна, Ты памятаеш той дзень, калі Ты пакінуў свой дом і вырушыў у пустыню — так Цябе павёў Святы Дух. Хіба Марыя не прагнула тады, каб Ты шчасліва вярнуўся? Сірыйскія маці гэтымі днямі жадаюць лепш цярпець з прычыны адсутнасці іх сы­ноў і мужоў, чым убачыць іх у дамавінах.

Прашу Цябе суцешыць і ўмацаваць усіх сірыйцаў, а найперш жонак і маці, якія цяпер плачуць.

Я не спазнаў сапраўднага жаху гэтых дзён, бо знахо­джуся ўдалечыні ад дому, але мая сям’я і сябры засталіся там і штодня перажываюць трывогу і страх. Гукі грому, якія так уразілі Тваіх вучняў, калі Ты спаў у чаўне, непараўнальныя з грымотамі ракетаў і бомбаў, што падаюць на нашыя гарады і дамы.

Прашу Цябе адарыць маіх родных і блізкіх ласкай адвагі, каб яны больш не паддаваліся няўпэўненасці і страху. Учыні таксама, каб яны ніколі не засумняваліся ў Тваёй, Пане, прысутнасці.

Я ніколі не карыстаўся зброяй і нават не ведаю, як яна дзейнічае. Дык ці ж не дзіў­-на, што цяпер я прагну, каб іншыя краіны з дапамогай зброі вызвалілі мой край? Ты ж нават не дазволіў падняць камень супраць грэшніцы!..

Пане, прашу ў Цябе ласкі, каб я маліўся за мір і заклікаў да кампрамісу, а не да выкарыстання сілы.

Хімічная зброя — страшная зброя, якая забівае ў імгненне вока. Я не спецыяліст у хімічнай зброі, але калі б нават быў ім, не змог бы ўявіць таго, што адчувае чалавек, які памірае ад атрутнага газу, так, як не магу ўявіць Твайго цярпення на крыжы…

Прашу Тваёй ласкі, каб я ўмеў раздзяліць боль з ня­віннымі, якія так моцна церпяць.

Я і большасць маіх сяброў пакінулі Сірыю да крызісу альбо ў часе яго. Чаму Ты, Езу, вярнуўся ў Ерузалем? Цябе не задавальнялі слава і пос­пех, якія Ты меў у Юдэі? Ты не быў шчаслівы, калі Цябе запрашалі на гасціны?

Прашу Тваёй ласкі дапамагчы мне вярнуцца на сваю радзіму і зноў палюбіць яе.

Хачу даверыць Табе маю таямніцу, аб якой нікому не казаў, бо нядобра, калі законнік гаворыць аб памылках Касцёла. Але ж Ты не маўчаў, калі сутыкаўся з чымсьці ганебным. Гэтая хвароба, праз якую мяне агортвае сорам, увесь час пашыраецца, бо як можна гаварыць пра цярпенні хрысціянаў і маўчаць пра нядолю іх братоў мусульманаў?

Прашу ў Цябе ласкі па-ранейшаму любіць Касцёл і ўсіх ягоных грэшных вернікаў, да якіх і сябе таксама залічваю.

А найбольш мяне мучыць, што так цяжка прабачыць тым, хто пакрыўдзіў мяне. Я не шукаю апраўдання, бо Ты прабачыў тым, хто ўкрыжаваў Цябе. Аднак, калі я думаю пра Твой заклік наследаваць Цябе, то не патраплю зрабіць нічога іншага, як толькі пра­сіць Твайго прабачэння…

Таму прашу Цябе: адары мяне гэтай ласкай і прабач мне, і прабач маім ворагам.

...Я іду па тонкім канаце, нацягнутым паміж надзеяй і роспаччу. Я перажываю цяпер тое, што перажывалі Твае вучні пасля Тваёй смерці. Прагну, каб ажыццявілася мая мара аб міры і каб ніколі не пралівалася кроў муча­нікаў.

Веру ў Тваё змёртвыхпаўстанне.

Таму ў хвіліну найболь­шага сумнення прашу Цябе: прыйдзі і ўчыні, каб мы паўсталі і прайшлі праз Галготу да хвалы Змёртвыхпаўстання.

Давяраючыся Твайму Ай­цу, кажу: Божа, у Твае рукі аддаю сябе і мой народ.

О мой Езу! Адзінае суцяшэнне для мяне — мы церпім тое, што было і Тваім лёсам. Ты ведаеш, што мы перажываем. Мы ж ведаем — Ты заўсёды ёсць з намі.

Паводле сайта deon.pl

падрыхтавала Ірына Жарнасек.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней