Айцец ведае нашыя сэрцы

Сведчанне ўдзельніка Сусветных дзён моладзі ў Бразіліі

Мая падрыхтоўка да гэтых дзён распачалася прыкладна год таму, але гэта быў матэрыяльны клопат: білеты, рэгістрацыя, падлічванне грошай. Духоўны бок гэтай падрыхтоўкі быў адкладзены на апошні момант. Але, як я пераканаўся ў чарговы раз, калі гэта Божая справа, то Ён клапоціцца за нас ад самога пачатку. Візы нам зрабілі ў бра­зільскім пасольстве ў Польшчы бясплатна, што ўвогуле амаль немагчыма, і мы распачалі свой шлях: ад катэдры ў Мінску, аэрапорт у Варшаве, далей – аэрапорт у Парыжы, у Сан-Паўла і на аўтобусе 900 км па Бразіліі да Віторыі. Пан Бог пачаў адорваць нас сваімі падарункамі ўжо на гэтым шляху. 

У Польшчы сястра Цэцылія прапанавала нам наведаць мястэчка Кодынь, дзе ў касцёле знаходзіцца вельмі прыгожы абраз Маці Божай. Потым мы заехалі ў грэка-каталіцкую цар­кву, таксама ў гэтым мястэчку, але ўжо было позна, і яна была зачыненая. Ды толькі калі нас убачыў мясцовы святар, ён адчыніў яе і распавёў нам гісторыю царквы і шмат цікавага пра мясцовы люд. Пасля развітання з гэтым шчырым святаром сяс­тра Цэцылія пажартавала, што мы, мабыць, нечым асаблівыя, калі Пан Бог так дзейнічае, што нам нават дзверы святыняў адчыняюць! Нібы проста жарт, але мне ён спадабаўся і запа­мятаўся. 

Потым быў пералёт праз Атлантыку! Пачуцці ў часе яго мне не ўдасца перадаць, таму й спрабаваць не буду. Словам, пераляцелі… І вось я, просты беларускі хлопец, праз вакно аўтобуса бачу ўсход сонца ў Паўднёвай Амерыцы… Таго самага сонца, якое свеціць таксама і над маёй радзімай, і ўсё ж… Тое, што адбывалася ўнутры, мне вельмі цяжка перадаць. Яшчэ некалькі гадоў таму я свядома «ўбіваў цвікі ў скалечанае цела майго Збаўцы на крыжы», а цяпер аглядаю тую цудоўную справу рук Ягоных, якую мараць убачыць многія ў свеце…

15 ліпеня нас сустрэлі ў адным з раёнаў Віторыі – Віла-Вэлія – вельмі мілыя людзі. Дарэчы, Віторыя знаходзіцца ў штаце Бразіліі, які носіць назву Эс­піріту-Санту, што азначае «Дух Святы»! Вось бы нам у Беларусі мець такія тапанімічныя назвы! У гэтым горадзе праходзіў для нас «місійны тыдзень», на працягу якога мы прынялі шмат цудоўных Божых падарункаў. Нас моцна ўразіла, што ўся мясцовая парафія рыхтавалася да нашага прыёму ажно чатыры месяцы (!), а нас было ўсяго 13 чалавек. Людзі збіралі грошы, нешта выпякалі, рыхтаваліся... Гэта не вельмі багатая парафія, але цеплыня і гасціннасць вельмі нас узрушылі. Яны потым казалі, што для іх прымаць нас, пілігрымаў, было падарункам ад Бога. Я паверыў, што гэта былі не проста прыгожыя словы.

Наш побыт у Бразіліі — гэта наведванне святыняў, захапленне хараством прыроды, узіранне, услухоўванне ў жыццё тутэйшых людзей. Некалькі гісторый урэзаліся ў памяць. Напрыклад, гісторыя аднаго валанцёра, якога завуць Тэры. Ягоная жонка Адрыяна распавяла, што ён раней шмат піў, але ўжо амаль два гады нават не бярэ ў рот і сам гэтым вельмі ганарыцца. Да Бога ж Тэры быў крыху абыякавы, але ў часе падрыхтоўкі да нашага прыёму (ён быў нашым перакладчыкам з ангельскай мовы на партугальскую) і падчас нашага побыту Тэры адкрыў для сябе Езуса! У дзень заканчэння місійнага тыдня яны з жонкай абое плакалі ад радасці — Бог наведаў іх! Мы ўсе таксама шчыра радаваліся за нашых новых сяброў.

У Бразіліі я выразна адчуў, што Бог ведае жаданні майго сэрца. Я адчуваў Ягоную прысутнасць ва ўсім: у час прабежкі на світанні па беразе акіяна, калі піў каву на балконе ды глядзеў на акіян, калі проста назіраў за ўсім, што адбываецца навокал. 

22 ліпеня распачаліся дні сустрэчы моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра. У тыя дні на гэтым далёкім ад нашай радзімы кантыненце мы найчасцей узгадвалі словы са Святога Пісання пра тое, што Бог клапоціцца нават пра маленькіх вераб’ёў, а Ягоную любоў да нас, Ягоных дзяцей, мы адчувалі на кожным кроку. Карыснымі, безумоўна, былі рэкалекцыі — іх правёў кардынал Клеменс Пікель, які служыць цяпер у Расіі. Карыснымі былі знаёмствы і размовы з моладдзю з Расіі, Азербайджана, Казахстана, Арменіі. Крыжовы шлях, які праводзіла моладзь Бразіліі з удзелам Святога Айца, прымусіў падумаць пра многае. Уразіла Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з папам Францішкам, тая ціша, якая раптоўна спавіла агромністы натоўп на каленях. На хвіліну здалося, што апроч мяне і Езуса там нікога не было… А да таго, як яна распачалася, было некалькі сведчанняў вернікаў. Напэўна, ніколі не забуду аповед маладога бразільца ў інвалідным крэсле. Гэты хлопец быў паранены кулямі бандытаў, калі ён бараніў грошы сваёй парафіі ад злачынцаў. Тыя грошы парафіяне збіралі менавіта для сустрэчы са Святым Айцом. Яго жыццё пасля ранення вісела на валаску, але маці моцна малілася, і ён застаўся жывы і цяпер дзякуе Богу! Дзякую Богу і я за гэтага адважнага чалавека.

Потым была ноч, праведзеная на пляжы Капакабана перад нядзельнай святой Імшой, якую цэлебраваў Святы Айцец Францішак. Я глыбока перажыў святую Імшу, на якой прысутнічала каля 3 400 000 чалавек. І зноў у часе паднясення Цела і Крыві Езуса запанавала цішыня… Толькі чуліся гукі хваляў акіяну... Было проста цудоўна! 

Яшчэ адным вялікім пада­рункам было тое, што нас на апошнія пару дзён прыняў падрэ палацінец Даніэль, рэктар мясцовай семінарыі, у якой мы жылі. А пробашчам парафіі служыць святар з Польшчы — ён у Бразіліі працуе ўжо 34 гады і пяць з іх правёў у джунглях басейна Амазонкі. Мы разам з парафіянамі маліліся на Імшы, і яны маліліся за нас. 

Вось толькі маленькая частка маіх уражанняў з пілі­грымкі ў Бразілію. Мне вельмі хацелася падзяліцца імі з іншымі людзьмі, якія там не былі, распавесці пра Божую Любоў, якая так моцна краналася нас у гэтыя незабыўныя дні. А яшчэ мне неабходна сказаць пра тое, што Бог часта пасылае ў нашыя сэрцы жаданні, і нам не трэба баяцца іх здзяй­сняць, бо ў нас ёсць міласэрны Айцец, які ведае нашыя сэрцы...

 

Дар’юш Астасевіч,

парафія святога апостала Андрэя, г. Мінск.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней