Пахвалёны Езус Хрыстус!
Шчыра вітаю ўсіх супрацоўнікаў рэдакцыі і выказваю вялікую падзяку за тое, што мой твор «Вянок з дванаццаці зорак для Маці Божай» быў так высока ацэнены. Было вельмі прыемна, бо дзякуючы таму, што ён быў надрукаваны, шмат людзей перажывуць, магчыма, тыя ж эмоцыі, што і я, калі пісала гэты верш. Ну і, вядома ж, пабачыць сваё прозвішча побач з імёнамі ўжо вядомых аўтараў вельмі хвалююча і прыемна. Яшчэ раз вялікі дзякуй!
А цяпер я пішу вам, таму што хачу падзяліцца моцным уражаннем, якое перажыла не так даўно. Знаёмыя запрасілі мяне на адпустовую ўрачыстасць, прысвечаную 70-й гадавіне трагічнай гібелі кс. Леапольда Аў-ліха і кс. Казіміра Рыбалтоўскага, якія былі расстраляныя немцамі 24 ліпеня 1943 г. у в. Камень Валожынскага раёна. Ва ўрачыстасці прымаў удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На жаль, у той дзень я не змагла туды трапіць. Але ж на ўсё воля Пана Бога! Я паехала ў выходныя, адразу пасля адпусту. Мне расказвалі, што ў парафіі служыць ксёндз Веслаў Глэмбоцкі, францішканін, які мае ўжо сталы ўзрост — 73 гады. Я ўжо ўяўляла сабе старога чалавека, але калі ўбачыла яго, то ад разгубленасці замоўкла на некалькі хвілін. Перад намі адчыніў дзверы... пробашч, сагнуты напалову, з ляскаю ў руках. Каб прывітацца з ім, трэба было таксама сагнуцца амаль да самай зямлі. Нас запрасілі на каву, пра штосьці размаўлялі, а я ўсё глядзела на святара. Ён аказаўся цікавым суразмоўцам, уважлівым слухачом. Праз нейкі час усе рушылі на святую Імшу. І я зноў дзівілася: колькі моцы ў гэтым чалавеку, якой трывалай веры ксёндз, бо ён у тую нядзельку адслужыў чатыры (!) Імшы. І гэта пры тым, што трэба было пераязджаць з месца на месца. А голас! Пазайздросціць любы малады чалавек. Моцны, упэўнены, не слухаць проста немагчыма! А яшчэ мяне вельмі ўразілі вочы кс. Веслава. У людзей яго ўзросту я такіх вачэй амаль не сустракала. Жывыя, светлыя і адкрытыя, нібы ён яшчэ толькі на пачатку жыццёвага шляху, поўны надзеі і ініцыятывы. Незвычайнае святло і цеплыня яго вачэй, нібы магніты, прыцягваюць да сябе.
Калі пасля чацвёртай Імшы яны вярнуліся дадому, было бачна, што стома ўсё ж такі ёсць. Але айцец Веслаў ні на хвілінку не папрасіў нас пакінуць яго, каб ён мог крыху адпачыць. Заставаўся такім жа ўважлівым, дбайным гаспадаром. Я ўвесь час «лавіла» сябе на думцы, што жыццёвыя абставіны, розныя непрыемнасці і хваробы толькі фізічна сагнулі гэтага чалавека: як святар айцец Веслаў станавіўся толькі мацнейшым. Яго любоў да людзей, трывалая вера ў мудрыя парады — каштоўны скарб для нас, маладых. Мне пашчасціла, я дзякую Богу, што Ён спаслаў мне ласку пазнаёміцца са сціплым айцом францішканінам, добрым і мудрым кс. Веславам.
Ехала дадому, успамінала, перажывала ўбачанае і зноў «злавіла» сябе на тым, што не проста абдумваю, а нібы малітву, паўтараю словы: «Людзі, трэба маліцца за святароў!»,
бо не кожны, а толькі выбраныя — моцныя верай і духам — возьмуць на сябе святарскую ношу.
Дарэчы, у хуткім часе кс. Веслаў паедзе ў Польшчу, дзе яму будуць рабіць аперацыю, таму і пішу, просячы аб асаблівай малітве за яго, і прапаную вам свой новы верш.
Прысвячаецца айцу францішканіну
Веславу Глэмбоцкаму
з парафіі св. Пятра і Паўла
у в. Камень Валожынскага раёна
* * *
Мудрасць народа — крынічка жывая.
Лета змяняе зіму. Дзеці — бацькоў.
Яна ж існуе, і сабой напаўняе
Сэрцы, адкрытыя праўдзе вякоў.
Чула не раз я сама ад старэйшых,
Што выпадковых здарэнняў няма.
Провід вядзе нас: мацнейшых, слабейшых,
Каб разумелі: усё нездарма.
Так у жыцці маім сталася неяк:
Толькі па чорнай пайшла паласе,
Шэрай бы трохі (куды мне да «белі»),
Дзень новы сум за сабою нясе.
Ела мяне адзіноты ваўчыца,
Сіл не хапала мне з ёй ваяваць.
Многіх пыталася: як навучыцца
Жыць мне іначай, зноў радасць спазнаць.
Расчараванне расло снежным комам.
І... нечакана прыемны званок.
Запрашэнне на фэст. Шчыры дзякуй знаёмым.
Светлых уражанняў будзе глыток.
Стома ў дарозе — вядомая справа.
Цёплай усмешкай сустрэлі мяне:
«Пойдзем! — ксёндз кліча на кубачак кавы, —
Госця здалёк, хай крыху адпачне!»
Дзверы адкрыў гаспадар і... о, Пане!
Як жа на ўсіх і на ўсё Твая воля!
Моўчкі застыла замест прывітання:
З ляскаю пробашч, прыгнуты да долу.
Восьмы дзясятак нясе за плячыма,
Кожны — ступенька; вышэй — то цяжэй.
Крочыў упэўнена. Беды, прычыны
Толькі фізічна сагнулі ніжэй.
Вочы... Уразілі светлыя вочы!
Быццам з крынічкі з гаючай вадой
Паілі цяплом і любоўю прарочай,
Столькі ў іх сілы і веры жывой.
Працай ахвярнай айцец францішканін,
Шчырай малітвай, святою Імшой
Мкнецца, каб кожны паверыў у Пана,
Жыў не скарбам багаты — багаты душой.
Доўга яшчэ мы ў той дзень размаўлялі,
Мудры і сціплы, як з роднай дачкой,
Слухаў і раіў, а я адчувала,
Як у душы нарадзіўся спакой.
Добра, што сталася тая сустрэча,
Дзякую Провіду, бо нездарма.
Шмат зразумела. Трывогі, дарэчы,
Роспач, адчай мой — ды грош ім цана.
Час развітання, і стала так прыкра,
Што трэба вяртацца, ехаць дамоў...
Людзі, прашу вас, маліцеся шчыра,
Шчыра маліцеся за святароў!
Ношу святарскую возьме не кожны.
Няпроста пакінуць свой дом і бацькоў.
Людзі, прашу вас, удзень і ўночы,
Заўсёды маліцеся за святароў!
Нават калі вам жыццё іх падасца
Толькі гадзінаю за алтаром,
Людзі, прашу вас, маліцеся часта,
Часта маліцеся за святароў!
Жадаю поспехаў у вашай працы. Яшчэ раз прашу аб малітве за кс. Веслава. Усяго вам добрага.
З павагаю, Алена Татун.
P.S. Пакуль гэты нумар часопіса рыхтаваўся да друку, рэдакцыі стала вядома, што айцу Веславу ўжо зрабілі аперацыю і ён вярнуўся ў Беларусь.