Ці трэба любіць сябе?

Перакананне ў тым, што сябе трэба любіць і прымаць такім, як ёсць, стала ледзь не самым модным у побытавай філасофіі канца ХХ стагоддзя. Пра тое, як патураць сваім жаданням і клапаціцца пра ўласнае задавальненне і камфорт, напісаны дзясяткі тысяч кніг, што выдаюцца мільённымі накладамі. Калі мы ўключаем дома тэлевізар, то таксама бесперапынна чуем, што сябе трэба любіць, а часам — што любіць трэба менавіта сябе. І пра гэта гавораць паспяховыя, знакамітыя і заможныя людзі. У грамадскім транспарце можна заўважыць, што кожны пасажыр стараецца заняць самае камфортнае месца, не адчуваючы пры гэтым няёмкасці або пачуцця віны. Больш за тое, штодзённа прыходзячы на працу, мы сутыкаемся з тым, што кожны з нашых калегаў клапоціцца ў першую чаргу пра свае выгоды, пра свой кар’ерны рост і, урэшце, пра свой заробак, не надта клапоцячыся пра бліжніх.

У атмасферы ўсеагульнага палявання на асалоды і даброты верніку няцяжка заблытацца і разгубіцца. У якой ступені трэба клапаціцца пра сябе, дзе мяжа паміж прыняццем сябе і эгаізмам, ці варта, ды і наогул ці можна, любіць сябе? Гэтыя пытанні часта выклікаюць няўпэўненасць і неспакой у многіх хрысціянаў. 

Правільны кірунак у любові да сябе задае запаведзь «Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Забываючыся пра яе, людзі часта трапляюць у пастку: часам нам здаецца, што нашай любові «на ўсіх не хопіць», і тады мы пачынаем выбіраць або любоў да бліжняга, або любоў да сябе. Што часцей за ўсё выбіраюць хрысціяне, зразумела без каментару. Але задумайцеся, калі ласка, яшчэ раз: «Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Сапраўды, колькасць любові ў свеце неабмежаваная. Любоў — гэта не нафта, не грошы і нават не хлеб. Калі мы захочам, нашай любові хопіць на ўсіх — і на іншых, і на сябе. Выбіраць няма патрэбы!

Аднак любоў да сябе, як і кожная іншая любоў, мае мноства праяваў. Разгледзім іх больш падрабязна.

Любоў — гэта клопат

Клапаціцца пра сябе — значыць звяртаць увагу на свае патрэбы. Спытайцеся ў сябе, ці рэгулярна Вы корміце сябе абедам, ці не перагружаеце працай, ці не прымушаеце сябе цярпець холад або мокнуць пад дажджом, ці даяце адляжацца ў час хваробы? Вельмі часта ў такіх выпадках мы не надта думаем пра свае патрэбы. Такія адносіны да іншага чалавека мы назвалі б жорсткасцю, а ў Святым Пісанні яны разглядаюцца як неміласэрнасць. Але ці гэтак мы абыходзімся са сваім дзіцем альбо з маці?

Любоў — гэта спачуванне

Паважаць сябе — значыць лічыцца са сваім меркаваннем, а не адмахвацца ад яго, стараючыся дагадзіць іншым. І першы крок да гэтага — дазволіць сабе фармаваць гэтае меркаванне. І не трэба баяцца пераблытаць наяўнасць уласнай думкі з жаданнем судзіць і асуджаць. Чалавек, які паважае ўласную свабоду, будзе паважаць і свабоду іншых. Павага да сябе — гэта яшчэ і прызнанне сваіх поспехаў, нават калі яны нязначныя, і здольнасць радавацца з-за свайго прагрэсу. Мы так часта запалохваем сябе словам «пыха», што забываемся радавацца нават самым натуральным рэчам. Яшчэ адзін момант, пра які мы часта забываемся, — гэта павага да сваіх пачуццяў. Усе пачуцці, якія ў нас нараджаюцца, вартыя таго, каб прыслухацца да іх — ці гэта цікавасць, ці гнеў, сум, страх, радасць або сорам. Таму што толькі яны могуць расказаць нам пра тое, у якім стане знаходзіцца нашая душа. Асобнаю тэмаю з’яўляецца тое, наколькі часта мы праяўляем увагу да сваіх жаданняў і асабліва — да сваіх нежаданняў. Нярэдка мы блытаем гэта з эгаізмам. Але паважаць свае жаданні — значыць мець адвагу хацець, марыць і спрабаваць увасабляць свае мары ў рэчаіснасці. Сапраўды, менавіта моцныя жаданні людзі называюць марамі. А паважаць свае нежаданні — значыць умець гаварыць «не» і не дазваляць іншым прымушаць нас да тых учынкаў, якія супярэчаць нашым прынцыпам, у тым ліку хрысціянскім. Самапавага — гэта менавіта тое, чаго большасці з нас так моцна не стае. Адна вядомая танцорка казала: «Жыццё — гэта танец. Калі ты не станцуеш свой танец, то хто яго станцуе?»

Любоў — гэта прыняцце

Псіхолагі часта гавораць, што існуе вялікая розніца паміж самаўдасканаленнем і самапрыняццем. Адрозненне паміж гэтымі паняццямі заключаецца толькі ў ступені пакоры. Працэсам самаўдасканалення кіруе самаўпэўнены, а часам і жорсткі дрэсіроўшчык, упэўнены ў тым, што можна стаць дасканалым уласнымі намаганнямі. Згадаем гісторыю пра вераб’я, якога спыталі: «Ты хто?» «Арол», — адказаў ён. «А чаму такі маленькі?» — «Хварэў». Самаўдасканаленнем любяць займацца вераб’і, якія «перахварэлі» на арліную веліч. І мы таксама. Самапрыняцце — гэта пакора ў адносінах да ўласнай недасканаласці. «Божа, калі нават Ты прымаеш мяне такім, то ці ж мне судзіць сябе? Дзякуй Табе за міласэрнасць».

Любоў — гэта сумленнасць

Сумленнасць не дазваляе нам падманваць сябе і паглыбляцца ў свет прыгожых ілюзій. Адзінае адрозненне салодкіх ілюзій ад горкай праўды заключаецца ў тым, што ілюзій, якімі б яны ні былі прыгожымі, няма ў рэчаіснасці, а праўда — гэта і ёсць нашае жыццё. І горкай яна становіцца толькі тады, калі прыходзіць занадта позна і калі ўжо немагчыма нічога змяніць. Любоў да сябе, а значыць і да праўды, дае нам шанец пазнаць Ісціну не пасля смерці, а цяпер, калі ў нас яшчэ ёсць так шмат магчымасцяў.

Любоў — гэта падтрымка і гатоўнасць дапамагчы

Падтрымліваць сябе зусім няцяжка, проста не трэба сябе запалохваць і бесперапынна крытыкаваць. Не трэба быць увесь час супраць самога сябе, сваіх пачынанняў і планаў — варта аднойчы стаць на свой бок і пачаць сабе дапамагаць. Мне часта даводзіцца гаварыць людзям, якія звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу: «Я буду змагацца за Вас і на Вашым баку, буду дапамагаць Вам, і гэта менавіта тое, чаго Вы самі для сябе не робіце, бо я люблю Вас, а Вы сябе — не». Шкада, што гэтыя словы даводзіцца паўтараць вельмі часта.

Любоў — гэта вернасць

Быць верным — значыць не здраджваць. Адно з самых складаных заданняў для чалавека — не здраджваць сабе. Цяжка стаць для сябе тым, на каго можна абаперціся ў змрочныя хвіліны. Вядома і тое, што, калі чалавек здраджвае нават сабе, то абавязкова настане час, калі ён здрадзіць і іншаму. Можа, менавіта таму сучасны свет больш не верыць у вернасць. Але ўсё яшчэ спадзяецца...

І ўсё гэта значыць любіць сябе. Не больш, але і не менш, чым бліжняга.

Але з чаго пачаць? Прынцып зусім просты, але працы шмат

Па-першае, трэба пачаць назіраць за сабою: як я люблю, а дакладней, як я не люблю сябе? Як менавіта я абыходжуся з сабою ў складаных ці стрэсавых сітуацыях? Важна пачаць заўважаць праявы нелюбові да сябе — спачатку праз некаторы час пасля нейкага здарэння, а потым і ў час самаго здарэння.

Па-другое, трэба сур’ёзна паразважаць і папрасіць у сябе прабачэння за ўсе выпадкі здрады сабе, за ўсе абразы і жорсткасць у адносінах да сябе. Трэба пакаяцца ў нежаданні клапаціцца пра сябе і паважаць сябе, у адсутнасці спачування і пакорлівага прыняцця самога сябе. Потым неабходна папрасіць прабачэння ў Бога за тое, што мы не беражом той найкаштоўнейшы дар, які атрымалі, — саміх сябе і сваё жыццё.

А па-трэцяе, трэба не баяцца любіць.

І проста пачніце што-небудзь змяняць у сваім жыцці.


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» №6 (158), 2008.

Ілюстрацыі Андруся Такінданга


Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан: 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней