Шукаць падтрымкі ў Бога

Што, на вашу думку, прыносіць самы каштоўны досвед у чалавечае жыццё? Ад якіх момантаў сваёй біяграфіі вы ніколі б не адмовіліся? Якія ўспаміны найбольш саграваюць вас у цяжкія хвіліны? І, нарэшце, на паўтарэнне якога досведу мы з вамі будзем спадзявацца заўсёды?


Дык што ж было самым каштоўным у вашым лёсе? І нават не спрабуйце сябе падмануць. Зразумела, гэта тыя моманты, калі вы проста «купаліся» ў матчынай любові. У кагосьці гэта магло доўжыцца гадамі, у кагосьці былі толькі асобныя хвіліны, але як жа глыбока яны ўрэзваліся ў душу! І ўявіце, што з вамі было б, кім бы вы сталі, калі б гэтага не здарылася ў вашым жыцці?

НАСТУПСТВЫ ДЗЯЦІНСТВА

Матчына любоў — гэта тое, што адразу пасля нараджэння робіць нашу сустрэчу з агромністым чужым светам выноснай, тое, што здольна супакоіць першы дзіцячы крык. Мамін пах, мамін голас, яе вочы і рукі — яны прыносяць у жыццё дзіцяці надзейнаць і пачуццё абароненасці. Пачынаючы з самых першых хвілін пасля нараджэння менавіта мама задавальняе ўсе патрэбы дзіцяці, а іх нямала.

- Па-першае, гэта патрэбы, звязаныя з  ф і з і ч н ы м  в ы ж ы в а н н е м : патрэба ў ежы, якую дзіця не можа здабыць самастойна, у абароне ад гарачыні і холаду і ў абароне ад нападу. Калі мама была не асабліва ўважліваю да гэтых патрэбаў дзіцяці, то ў яго назаўсёды застанецца адчуванне небяспекі існавання ў выглядзе страху перад жыццём, у тым ліку страху перад будучыняю.

- Па-другое,  патрэба  ў  л ю б о в і , або, як гэта прынята называць у псіхалогіі, кантакце, як фізічным, так і душэўным. Кантактам у дадзеным выпадку мы называем заўсёдную прысутнасць маці побач з дзіцем, любоў і ўвагу ў яе вачах, голасе, дотыках, а не фармальнае фізічнае знаходжанне побач, калі думкі дзесьці далёка. Людзі не могуць жыць, не атрымліваючы любові. Чалавецтву даўно вядомы феномен раптоўнай дзіцячай смерці, калі дзіця, цалкам здаровае фізічна, памірае ад вострага недахопу ўвагі. Але нават проста недахоп цёплай бацькоўскай увагі ў дзяцінстве прыводзіць да таго, што мы не давяраем людзям, баімся ўласнай пяшчоты, пакутуем ад страху, што нас разлюбяць або нам здрадзяць, не ўмеем будаваць адносіны з людзьмі, баімся казаць «так» альбо «не» і да многіх іншых праблемаў у будучых адносінах з атачэннем.

- Па-трэцяе, у дзіцяці ёсць і патрэбы, звязаныя з  у н у т р а н ы м  ж ы ц ц ё м . Напрыклад, не ўсе маладыя бацькі ведаюць пра тое, што маленькае дзіця не здольнае самастойна кіраваць сваімі ўнутранымі перажываннямі або эмацыянальным станам. Гэта значыць, што моцныя пачуцці ў душы з’яўляюцца нечакана для самога дзіцяці, і яно выказвае іх крыкам або плачам, на змену якім крыху пазней прыходзіць уменне смяяцца і актыўна рухацца, у тым ліку біцца. Гэтыя моцныя пачуцці малое дзіця адчувае як празмернае ўзбуджэнне або трывогу, не адрозніваючы пры гэтым, што менавіта яно перажывае: страх, гнеў або радасць.

ШТО ТАКОЕ ЎНУТРАНЫ «КАНТЭЙНЕР»?

Ці спрабавалі вы калі-небудзь, ужо дарослымі людзьмі, стрымліваць у сабе, нічым не выдаючы, наймацнейшае захапленне чым-небудзь або выбух гневу? І калі нават для дарослага гэта вельмі цяжкая задача, то зразумела, што дзіцяці проста немагчыма з гэтым справіцца. І яно крычыць, плача, нястрымна весяліцца або бегае і ламае цацкі, падсвядома пазбаўляючыся пры гэтым ад неспакою.

Але ёсць яшчэ адна важная асаблівасць дзіцячай псіхікі. Справа ў тым, што ніводнае дзіця не можа самастойна «выключыць» сваё раптоўнае перажыванне, а апісаныя спосабы рэагавання толькі ўзмацняюць яго ўзбуджэнне. І тут яму не справіцца без мамы. Так, менавіта мама з’яўляецца «выключальнікам» яго страху, крыўды, абурэння і гора. І зусім не яе строгі голас і патрабаванне змоўкнуць, а цёплыя дотыкі, абдымкі, падтрымка і любоў, калі мама ператвараецца ў адзін вялікі і надзейны «кантэйнер» для ўсіх цяжкасцяў і нягодаў дзіцяці. У псіхалогіі гэты працэс называецца «кантэйніраваннем».

Зразумела, з часам мама павінна паступова і мякка навучыць сваё дзіця самастойна спраўляцца з непрыемнымі перажываннямі, гэта значыць, узгадаваць «кантэйнер» у ім самім. Гэты працэс будзе доўжыцца шмат часу і скончыцца толькі прыкладна ў дваццаць гадоў, калі ўнутраны «кантэйнер» будзе ўжо настолькі вялікі, што чалавек не будзе мець патрэбы ў выяўленні сваіх пачуццяў з дапамогаю крыку альбо хаатычнай актыўнасці, а таксама не будзе мець патрэбы ў яго няспынным супакойванні іншымі людзьмі.

Аднак вельмі часта ўнутраны «кантэйнер» у дарослых застаецца занадта маленькім. Менавіта таму многім людзям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях так хочацца апынуцца побач з мамаю, адчуць дотык яе рук, пах роднага дома, смак мамінай бульбачкі. Ну, як мінімум, хочацца пачуць яе голас і яе дыханне ў тэлефоннай трубцы. Іншыя ж людзі падсвядома шукаюць у калегах па працы, лекарах, сябрах, у мужу або жонцы, а часам і ва ўласных дзецях менавіта замяняльнік мамы, а дакладней, магчымасць кампенсаваць у сабе недахоп функцыі супакаення ад трывогаў і бескантрольнага ўзбуджэння («я нешчаслівы, таму што мая жонка не робіць...», «я магу быць спакойная толькі тады, калі маё дзіця дома...»).

І калі выбраны намі чалавек не спраўляецца з нашым неспакоем, гэта значыць, нягледзячы на ўсе яго дзеянні, нам усё яшчэ трывожна, то мы з упэўненасцю заносім яго ў спіс дрэнных спецыялістаў, сяброў, сужэнцаў або няўдзячных дзяцей.

ПРЫЧЫНЫ ЗАЛЕЖНАСЦІ АСОБЫ

Такія няўдачы ў працэсе самастойнага «кантэйніравання» самога сябе маюць некалькі прычынаў:

  • недаступнасць мамы ў дзяцінстве (дзіця рана аддалі ў садок, мама шмат працавала);
  • матчына эмацыйная халоднасць (мама была ў стане дэпрэсіі і не заўважала эмацыйных праблемаў дзіцяці; мама — прыхільніца дысцыпліны і стрыманасці; мама была не вельмі прывязаная да дзіцяці);
  • няздольнасць маці да «кантэйніравання» (у мамы ўласны «кантэйнер» вельмі малы, і яна не спраўлялася з крыкам, плачам і актыўнасцю дзіцяці, бо яны ўзмацнялі яе ўласныя страх, гнеў і смутак, на якія яна адрэагавала таксама крыкам, фізічнымі пакараннямі і плачам);
  • нежаданне мамы раставацца са сваім дзіцем (спроба застацца для яго незаменнаю, адмаўленне яму ў самастойнасці).

У кожным выпадку, выйшаўшы з такой сям’і, чалавек будзе мець патрэбу ў дадатковых сродках, якія, на яго думку, дапамагаюць справіцца з неспакоем: алкаголь, ежа, гульні або іншыя людзі. А калі да гэтага дадаць яшчэ і большую, чым у іншых людзей, колькасць крыніцаў неспакою ў выніку таго, што іх фізічныя патрэбы і патрэбы ў кантакце задавольваліся недастаткова, то мы атрымаем партрэт цалкам залежнай асобы: я хачу быць самім сабою, але не спраўляюся з праблемамі самастойна, без апірышча. Аб’ект залежнасці ж адыгрывае ўжо другасную ролю.

ПАВЯЛІЧЫЦЬ СВОЙ «КАНТЭЙНЕР»

Залежная структура асобы пачынае фармавацца з самага ранняга дзяцінства. Дарослы чалавек можа павялічыць свой «кантэйнер», аднак на гэта патрабуецца шмат часу, ды і нялёгкая гэта праца. Першым і, напэўна, галоўным крокам на гэтым шляху з’яўляецца разуменне. Разуменне механізма залежнасці і разуменне сябе, таго, што вы робіце ў дадзены момант, навошта вы гэта робіце і як. На гэтым шляху часта неабходная падтрымка, і рука зноў цягнецца да тэлефона, халадзільніка або спіртнога. У гэты момант важна спыніцца і не дакараць сябе за тое, што позна спахапіўся, а проста спыніцца і пашукаць падтрымкі ў Бога, таму што Ён адзіны, ад каго варта быць залежным.

 


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» №12(165), 2008


Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан: 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней