
Абмяркоўваючы разнастайныя псіхалагічныя праблемы, шмат гаворыцца пра ролю маці ў жыцці дзіцяці. Сённяшняя размова прысвечана ролі самага галоўнага мужчыны ў жыцці кожнага чалавека — бацькі. Што значыць быць бацькам? Якім чынам бацька ўплывае на дзяцей на працягу ўсяго жыцця і нават пасля сваёй смерці? Чаго пазбаўлены дзеці, якія не маюць бацькі? Усе гэтыя складаныя пытанні часта бянтэжаць маладых і крыўдзяць вопытных бацькоў. Паспрабуем зірнуць на іх з пункту гледжання сучаснай псіхалогіі.
БАЦЬКА ЯК НЯБАЧНЫ ТРЭЦІ
У першыя месяцы і гады жыцця (прыблізна да 2,5 гадоў) бацька прысутнічае ў жыцці дзіцяці ў вялікай ступені апасродкавана, а дакладней, праз маці. Так, напрыклад, на працягу некалькіх тыдняў і нават месяцаў пасля нараджэння дзіцяці абсалютна не важна, што ў мамы ёсць яшчэ нейкае жыццё, апрача яго (прафесія, абавязкі жонкі, дачкі), свая гісторыя жыцця, што мама «таксама была маленькаю», што ў яе ёсць жаданне самарэалізацыі, сябры і шмат чаго іншага. Знаходзячыся па-за полем зроку дзіцяці ў нейкіх адносінах з іншым чалавекам, і ў першую чаргу з яго бацькам, маці прыходзіць да дзіцяці з настроем, які з’яўляецца вынікам гэтых узаемаадносінаў. Таму часта яна можа быць раздражнёная, расчараваная, запалоханая, у пастаяннай дэпрэсіі або спакойная і шчаслівая.
Менавіта праз яе настрой бацька заўсёды прысутнічае ў адносінах маці да дзіцяці як нябачны трэці. Але зразумела, што немаўля прымае ўсе пачуцці маці на свой рахунак, вырашаючы пры гэтым для сябе (зразумела, на падсвядомым узроўні): «я добры» або «я дрэнны». І гэта той спосаб, якім бацька актыўна ўздзейнічае на фармаванне самаацэнкі і пачуцця ўласнай паўнавартаснасці дзіцяці.
АДНОСІНЫ ДА ЎЛАСНАЙ ЦЯЛЕСНАСЦІ
Пасля 2-х гадоў бацька ўсё больш набывае сваю значнасць у свеце дзіцяці. Так, паколькі ў гэты перыяд дзіця інтэнсіўна пазнае магчымасці ўласнага цела і сваю мышачную сілу, актыўныя гульні з бацькам дапамагаюць яму сфармаваць давер і пазітыўныя адносіны да ўласнай цялеснасці. Калі гэтага не адбываецца, у дзіцяці на ўсё жыццё застаюцца недавер, страх, а часам і пагарда да свайго цела.
У такім выпадку крыху пазней, а дакладней, з падлеткавага ўзросту, у людзей з’яўляецца незадаволенасць сваёй знешнасцю, што перарастае ў навязлівую захопленасць дыетамі, пластычнымі аперацыямі, дэманстрацыю свайго цела іншым людзям з несвядомым жаданнем атрымаць пацверджанне яго прывабнасці, «нармальнасці» і паўнавартаснасці («не горш, чым у іншых»). Часам гэты ранні дэфіцыт бацькоўскай прысутнасці праяўляецца ў дарослых людзей у страху перад цяжкімі хваробамі, гэта значыць, перад «здрадаю» цела. Тады яны пачынаюць атакаваць медыкаў з падазрэннямі на ўяўныя хваробы і мучыць сябе бясконцымі трывогамі.
АДАСАБЛЕННЕ АД МАЦІ
Адна з асноўных задачаў бацькі ў сям’і — дапамагчы дзіцяці ў адасабленні ад маці. Гэта бывае неабходна з-за таго, што жанчына здольная дайсці да «вар’яцтва» ў сваёй матчынай любові і ператварыць яе ва «ўдушлівыя абдымкі» для свайго дзіцяці, не даючы яму магчымасці стаць дарослым, самастойным і, аддзяліўшыся ад яе, пачаць жыць сваім жыццём. Дапамагчы дзіцяці ў адасабленні бацька павінен двума шляхамі. П а - п е р ш а е , ён павінен быць такім прывабным для жонкі, каб яна не хацела праводзіць увесь час толькі з дзіцем, але цягнулася і да свайго мужа. Напрыклад, для таго, каб не спаць да падлеткавага ўзросту з дзіцем, маці павінна хацець сыходзіць на ноч у спальню да мужа. А гэта значыць, што бацька павінен знаходзіцца са сваёй жонкаю ў адносінах любові. П а - д р у г о е , часам бацька павінен валявым рашэннем настаяць на тым, каб маці дала свайму дзіцяці свабоду, адпусціўшы яго ў госці, паход і г.д.
БАЦЬКА — АГЕНТ СОЦЫУМУ Ў СЯМ'І
Яшчэ адна важная функцыя бацькі — пазнаёміць дзіця з будоваю вялікага свету, таго, які знаходзіцца па-за межамі сям’і. Такім чынам, бацька з’яўляецца як бы агентам соцыуму ў сям’і. Гэтае прадстаўніцтва ажыццяўляецца ў некалькіх кірунках:
- Паведамленне дзіцяці пра р э а л ь н у ю небяспеку.
Гэта звязана з тым, што матчына карціна свету моцна скажоная жаночай эмацыйнасцю і ў прыватнасці рознымі страхамі. Папярэджваючы дзіця пра небяспеку, маці звычайна эмацыйна перабольшвае яе. Бацька ж здольны на больш р э а л і с т ы ч н у ю ацэнку. Але калі ён не выконвае сваю функцыю, гэта значыць, не дзеліцца з дзіцем сваёй «картаю свету», то дзіця альбо карыстаецца матчыным (перапоўненым страхам) бачаннем жыцця, альбо, не давяраючы маці, застаецца наогул незарынтаваным і пазнае свет на ўласных памылках, часам вельмі балючых.
- Паведамленне дзіцяці пра межы яго магчымасцяў.
Гэтыя межы вызначаюцца здольнасцямі, часам, колькасцю рэсурсаў, мараллю. Бацька, з’яўляючыся асноўным прадстаўніком закона ў сям’і, адначасова вызначае межы магчымага і межы дазволенага. Так, рэалістычны мужчынскі погляд на здольнасці дзіцяці дае адначасова і магчымасць развіцця ініцыятыўнасці, і малюе для яго прывабныя перспектывы, не ўводзячы пры гэтым у зман усёмагутнасці і пыхі, тым часам ідэалізаванае бачанне дзіцяці вачыма матчынай любові размывае для яго межы рэальнасці. Акрамя таго, менавіта бацька ўводзіць для дзіцяці часавыя межы, вучыць яго планаваць час і ставіць мэты. Тэма рэсурсаў і іх рацыянальнага выкарыстання з’яўляецца ў сям’і таксама дзякуючы бацьку, таму што маці ў сваёй любові да дзіцяці часта можа не слухаць голас здаровага розуму ў сферы выдаткаў і выканання жаданняў дзіцяці. Нарэшце, маральныя абмежаванні (першапачаткова як сукупнасць законаў, сістэма заахвочвання і пакарання, а пазней — як сумленне і ўнутранае пакаранне ў выглядзе пачуцця віны) уводзяцца ў жыццё дзіцяці і падтрымліваюцца ў сям’і таксама бацькам як самаю моцнаю фігураю. Калі бацька ўхіляецца ад гэтага абавязку, маральныя межы ў жыцці дзіцяці становяцца размытымі.
- Бацька з’яўляецца ўвасабленнем ідэі «сілы, якая стаіць на варце».
Ён фармуе ў дзіцяці пачуццё а б а р о н е н а с ц і і ўменне не баяцца будучыні. Але разам з тым, калі бацька залішне шчыруе з «законам» і пакараннямі, дзіця пачынае адчуваць празмерны страх перад правіламі і агрэсіяй, што ў выніку блакуе яго творчыя здольнасці і спараджае заўсёдны страх перад будучыняю. Акрамя таго, у яго можа з’явіцца паталагічнае пачуццё віны або празмернае пачуццё сораму за сябе.
ВОПЫТ БЫЦЦЯ ЛЮБІМЫМ ДЗІЦЁМ БОГА
Стаць добрым бацькам можа пераважна той, хто меў вопыт быць дзіцем добрага бацькі ў сваім жыцці. На жаль, такое сустракаецца рэдка. У сувязі з гэтым вопыт духоўнага жыцця, гэта значыць, вопыт быцця любімым дзіцем Бога, з’яўляецца вырашальным. Той, хто пазнаў Бога як любячага Айца, мае шанец стаць добрым бацькам для сваіх дзяцей. Аднак варта памятаць, што Бог уваходзіць у нашае жыццё не толькі праз нашыя ўнутраныя перажыванні, але і праз разнастайныя падзеі і іншых людзей. Таму перажыць вопыт бацькоўскай любові ў пэўнай ступені можна і з іншым чалавекам, асабліва тым, які знаходзіцца ў адносінах любові з Богам, таму што ён, маючы вопыт быцця дзіцем Бога, можа стаць добрым бацькам для іншых людзей. І ў ролі такога духоўнага бацькі можа выступаць святар або іншы веруючы чалавек.
Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» №7-8(172-173), 2009
Фота: кадры з фільма «Like father like son» (2013)
Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан: