«Радуйцеся...». З паслання да кансэкраваных асобаў

 

Папа Францішак абвясціў 2015 год Годам кансэкраванага жыцця. Афіцыйна Год распачнецца 30 лістапада 2014 г., у першую нядзелю Адвэнту, якой будзе папярэднічаць малітоўнае чуванне ў суботу 29 лістапада. Год скончыцца 2 лютага 2016 г., у Сусветны дзень малітвы за кансэкраванае жыццё. У гэты перыяд адбудуцца разнастайныя ўрачыстасці і сустрэчы, мэта якіх — паказаць розныя аспекты кансэкраванага жыцця. Папа Францішак просіць манашак, манахаў і святароў «абудзіць свет» сваім сведчаннем веры, святасці і надзеі.

Падчас Году кансэкраванага жыцця бу­дзе адзначацца 50-годдзе дэкрэта аб рэлігійным жыцці Perfectae Caritatis і канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору пра Касцёл Lumen Gentium.

Я хацеў бы сказаць вам адно слова, гэта слова — радасць. Там, дзе ёсць кансэкраваныя асобы, клерыкі, законнікі і законніцы, моладзь, ёсць і радасць, заўсёды ёсць радасць! І гэта радасць чысціні, радасць наследавання Хрыста; радасць, якую дае нам Дух Святы, а не радасць свету. Радасць ёсць! Але дзе яна нараджаецца?1

Паглядзі ў глыбіню свайго сэр­ца, паглядзі ўглыб самога сябе і задайся пытаннем: ці прагне тваё сэрца чагосьці вялікага, ці, можа, яно абцяжаранае рэчамі? Ці захавала тваё сэрца занепакоенасць пошукамі, ці ты, зноў жа, дазволіў яму задыхнуцца ў рэчах, якія ўрэшце прывядуць яго да атрафіі? Бог чакае цябе, шукае цябе — што ты Яму адкажаш? Ці заўважаеш ты гэтую сітуцыю ў сваёй душы? А можа, ты спіш? Ці верыш ты, што Бог чакае цябе? Ці, можа, гэтыя праўды таксама існуюць для цябе толькі на словах?2

Мы — ахвяры культуры часовасці. Я хацеў бы, каб кожны з вас падумаў: як я магу стаць вольным (вольнаю) ад гэтай культуры часовасці? 3

Перш за ўсё дарослыя лю­дзі, фарматары адказваюць за тое, каб даваць маладзейшым прыклад паслядоўнасці ў жыцці. Мы жадаем, каб моладзь была паслядоўнаю? Давайце самі такімі будзем! Калі не, то Бог скажа нам тое, што сказаў фарысеям: «Рабіце тое, што яны кажуць, а не тое, што яны робяць!». Па­слядоўнасць і праўдзівасць!4

Можна запытаць сябе: ці занепакоены я Богам, тым, каб Яго абвяшчалі, пазнавалі Яго? Цi, можа, мяне паглынае гэтая свецкая духоўнасць, якая пабу­джае нас рабіць усё з любові да саміх сябе? Мы, кансэкраваныя асобы, думаем пра ўласныя інтарэсы, пра функцыянаванне нашых справаў, пра сваю кар’еру. Ах, пра колькі ж рэчаў мы можам думаць!.. Мы абжыліся, калі можна так сказаць, у хрысціянскім жыцці, у сваім святарстве, у сваім манастве, у жыцці сваёй супольнасці. Ці захоўваем мы сілы таксама для таго, каб непакоіцца пра Божыя справы, пра Божае слова, якое запрашае нас выйсці да іншых?5

А што з нашаю занепакоенасцю любоўю? Ці верым мы ў любоў Бога і іншых людзей? Ці мы ў гэтай справе наміналісты? Не абстрактна, не толькі на словах, але ў адносінах да канкрэтнага брата ці сястры, якіх мы сустракаем, якія знаходзяцца побач з намі! Ці дапускаем мы, каб іх патрэбы занепакоілі нас, ці, можа, застаёмся замкнёнымі ў саміх сабе, у сваёй супольнасці, якая часта з’яўляецца для нас «супольнасцю камфорту»?

Гэта прыгожы шлях, шлях да святасці! Не гаварыць дрэнна пра іншых. «Але, ойча, ёсць праблемы…» — скажы гэта настаяцелю, скажы гэта настаяцельніцы, скажы гэта біскупу, які можа дапамагчы. Не кажы таму, хто не можа нічога зрабіць. Братэрства — важная справа! Скажы, ці бу­дзеш ты гаварыць нешта благое пра сваю маці, бацьку, пра сваіх братоў? Ніколі. А чаму гэтак робіш у кансэкраваным жыцці, у семінарыі, у святарстве? Толькі адно: думайце, думайце… Братэрства! Братэрская любоў.7

Каля падножжа крыжа Марыя — жанчына пакуты і адначасова чуйнага чакання таго, што споўніцца таямніца, большая за цярпенне. Здаецца, што са­праўды ўсё скончылася; усялякая надзея згасла. У гэты момант Яна таксама, памятаючы пра абяцанні звеставання, магла б сказаць: яны не споўніліся, Мяне падманулі. Але Марыя не сказала гэтага. І Яна сапраўды благаслаўлёная, таму што паверыла, таму што бачыць, як з гэтай Яе веры нараджаецца новая будучыня, і Яна з надзеяй чакае Божага «заўтра». Часам я думаю: ці ўмеем мы чакаць гэтага Божага «заўтра»? Ці, можа, хочам толькі свайго «сёння»? Для Марыі Божае «заўтра» было світанкам пасхальнага ранку, першага дня тыдня. Добра нам было б паду­маць — у кантэмпляцыі — пра гэтыя абдымкі Сына і Маці. Адзі­наю лампадаю, што гарэла ў магіле Езуса, была надзея Маці — на­дзея, якая ў гэты момант стала надзеяй усяго чалавецтва. Пытаюся ў сябе і ў вас: ці свеціць гэтая лампада і сёння ў кляштарах? Ці чакаюць у кляштарах Божага «заўтра»?8

Занепакоенасць любоўю пабуджае нас выйсці насустрач іншаму чалавеку, не чакаючы, што ён сам скажа пра свае па­трэбы. Занепакоенасць любоўю дае нам дар пастырскай плённасці, і кожны з нас павінен запытаць сам сябе: які ён — мой духоўны плён, мой пастырскі плён?

Сапраўдная вера заўсёды падразумявае глыбокае жаданне змяніць свет. Вось мы і павінны запытаць самі сябе: ці ёсць у нас вялікія ідэі і імкненні? Ці смелыя мы, ці адважныя? Ці ёсць у нас мары высокага палёту? Ці «з’ядае» нас руплівасць (пар. Пс 69, 10)? Ці мы, хутчэй, людзі пасрэдныя і задавольваемся сваімі апостальскімі праграмамі, падрыхтаванымі ў лабараторыі?10

Радуйся, поўная ласкі! (пар. Лк 1, 28). «Анёльскае прывітанне Марыі — гэта запрашэнне да радасці, да глыбокай радасці, яно абвяшчае канец смутку. <…> Гэтае прывітанне сведчыць пра пачатак Евангелля, Добрай Навіны».11

Побач з Марыяй радасць распаўсюджваецца: Сын, якога Яна носіць ва ўлонні, — Бог радасці, якая ахоплівае і прыцягвае ўсіх. Марыя расчыняе насцеж дзверы свайго сэрца і бяжыць да Альжбеты. 

«Яна радасная, таму што можа споўніць свае прагненні; пяшчотная ў абавязках, клапатлівая ў сваёй радасці, Яна спяшаючыся бяжыць праз горы. Куды, як не да вяршыняў, магла бегчы Тая, якая была поўная Богам?»12

Яна «паспяшыла» (Лк 1, 39), каб несці свету радасную навіну, несці ўсім бязмежную радасць ад таго, што Яна прыняла ў сваё ўлонне Езуса, Пана. «Паспяшыла»: тут гаворка ідзе не толькі пра хуткасць, з якою Марыя рухалася. Гэтае слова падкрэслівае стараннасць і клапатлівую ўважлівасць, з якімі Марыя вырушае ў падарожжа, гаворыць пра Яе энтузіязм. 

«Вось я, слуга Пана» (Лк 1, 38). Слуга Пана «паспяшыла», каб стаць слугою людзей. 

У Марыі ўвасоблены ўвесь Касцёл, які ідзе разам з усімі: у любові таго, хто ідзе да слабейшага; у надзеі таго, хто ведае, што будзе мець спадарожніка на сваім шляху, і ў веры таго, хто мае асаблівы дар дзяліцца з іншымі. У Марыі кожны з нас, прыспешаны Духам, перажывае сваё пакліканне да таго, каб ісці!

Падрыхтавалі 

Ганна Страшкевіч і Ганна Шаўчэнка.

 

 

1 Францішак. Праўдзівыя і паслядоўныя. Папа Францішак аб прыгажосці кансэкраванага жыцця [Сустрэча з семінарыстамі, навіцыямі і навіцыяткамі. Рым, 6 ліпеня 2013]: L’Osservatore Romano, 8–9 ліпеня 2013 г., CLIII (155), с. 6.

2 Францішак. З занепакоенасцю ў сэрцы. Папа запрашае заўсёды шукаць Бога  і бліжніх [Гамілія на пачатак Генеральнага капітула Ордэну аўгустынаў. Рым, 28 жніўня 2013 г.]: L’Osservatore Romano, 30 жніўня 2013 г., CLIII (197), с. 8.  

3 Францішак. Праўдзівыя  і паслядоўныя..., с. 6.

4 Тамсама.

5 Францішак. З занепакоенасцю ў сэрцы..., с. 8.   

6 Тамсама.

7 Францішак. Праўдзівыя і паслядоўныя..., с. 6.

8 Францішак. Тыя, хто умее ча­каць. Папа паказвае Марыю як прыклад на­дзеі [Нешпары з супольнасцю сясцёр камедулак. Рым, 21 лістапада 2013 г.]: L’Osservatore Romano, 23 лістапада 2013 г., CLIII (269), с. 7.

9 Францішак. З занепакоенасцю ў сэрцы..., с. 8. 

10 Францішак. Гамілія падчас святой Імшы ў касцёле Del Gesu1 з падзякаю за кананізацыю Пятра Фаўра. Рым, 3 студзеня 2014 г., L’Osservatore Romano, 4 студзеня 2014 г., CLIV (02), с. 7.

11 Бэнэдыкт XVI. Разважанні падчас генеральнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI. Рым, 19 снежня 2012, L’Osservatore Romano, 20 снежня 2012 г., CLII (292), с. 8.  

12 Св. Амброзій. Expositio Evangelii secundum Lucam, II, 19: CCL 14, с. 39.

Цэтлікі: Слова Папы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней