«Сведка веры»

 

Так называлася прысвечаная 100-годдзю кардынала Казіміра Свёнтка канферэнцыя, якая адбылася 8 лістапада ў Драгічынскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Польшчы. Арганізаваў канферэнцыю па благаслаўленні ардынарыя Драгічынскай дыяцэзіі біскупа Тадэвуша Пікуса і біскупа на пенсіі Антонія Пацыфіка Дыдыча OFMCap Падляшскі інстытут хрысціянскай культуры імя Яна Паўла ІІ на чале з яго дырэктарам кс. Марыюшам Багушэўскім пры актыўным удзеле пана Збігнева Філіпкоўскага, які падрыхтаваў да гэтай падзеі цікавую фотавыставу «Нязломны кардынал». 

Канферэнцыя праходзіла ў цёплай, зычлівай атмасферы. На яе сабраліся святары, кансэкраваныя асобы, клерыкі духоўнай семінарыі, свецкія вернікі, якія прыехалі з розных куткоў Польшчы і суседняй Беларусі. Усіх удзельнікаў і гасцей канферэнцыі аб’ядноўвала пачуццё вялікай павагі і любові да нашага кардынала.

Ва ўступным слове біскуп Т. Пікус засяродзіў увагу прысутных на жыццёвым і святарскім шляху Казіміра Свёнтка, падкрэсліўшы драматызм яго шляху і непахісную вернасць Хрысту і Яго святому Касцёлу.

Пра Пінскую дыяцэзію ў 1925–1939 гадах распавёў док­тар гістарычных навук, прадэкан факультэта гісторыі і культурнай спадчыны Кракаўскага папскага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ Марэк Галабурда.

Сучаснай сітуацыі Касцёла ў Беларусі і перспектывам яго развіцця прысвяціў сваё выступленне Пінскі біскуп Антоні Дзям’янка.

«Жыў сярод нас, былі мы з ім» — так назваў пранікнёнае і глыбокае слова пра св. памяці кардынала Казіміра Свёнтка былы канцлер Пінскай дыяцэзіі кс. Станіслаў Паўліна.

Аб прыкладзе жывой веры, які даў усім нам сваім жыццём і служэннем нязломны кардынал, гаварыла ў выступленні на канферэнцыі рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» Крыстына Лялько. Успамінамі пра кардынала Казіміра Свёнтка падзяліліся ксёндз прэлат Мечыслаў Ліпніцкі і кіраўнік рэдакцыі гісторыі Польскага тэлебачання, аўтар фільма «Пастыр» Станіслаў Круляк. 

Канферэнцыя закончылася малітваю «Анёл Панскі» за св. памяці кардынала Казіміра Свёнтка.

Вялікаю зацікаўленасцю ўдзельнікаў канферэнцыі і яе гасцей карысталіся новыя выданні выдавецтва «Pro Christo», прымеркаваныя да 100-годдзя кардынала Свёнтка: унікальная кніга з двума DVD-дыскамі «Чары Палесся» і кніга «Deo et hominibus serviebat» («Служыў Богу і людзям»), якую падрыхтавалі кс. Станіслаў Паўліна fDP і сястра Себасцьяна Грыгель MSF.

К. Гурская.

Фота В. Царыка.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней