23 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася св. Імша падзякі за 20 гадоў працы часопіса “Ave Maria”. Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
З нагоды 20-годдзя нашага часопіса на адрас рэдакцыі прыйшлі віншаванні ад Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупа Аляксандра Кашкевіча, ад ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча, ад многіх нашых калегаў і чытачоў. За ўсе віншаванні, малітвы і добрыя пажаданні ўсім шчыра дзякуем.
У гэтым нумары мы друкуем урывак з гаміліі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і некаторыя віншаванні.
Шаноўная пані рэдактар Крыстына Лялько, рэдакцыйны калектыў і чытачы!
У гэтым годзе мы адзначаем 20-годдзе часопіса «Ave Maria». Гэты юбілей схіляе нас да таго, каб скласці Богу падзяку за ўсё дабро, якое праз мудрае каталіцкае слова штомесяц уваходзіць як жаданы госць у нашыя дамы і ў нашае жыццё. Гэты юбілей з’яўляецца таксама чарговай добрай нагодай для таго, каб заахвоціць да чытання каталіцкай прэсы ў нашай краіне. Сімвалічна, што 20-годдзе часопіса прыпадае на год кананізацыі Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, які асабіста благаславіў у 1994 г. пачатак гэтага выдання. Радаваўся яму і кардынал Казімір Свёнтэк, які надаваў часопісу «Ave Maria» важную ролю ў адраджэнні Касцёла ў Беларусі.
Дзякуючы Богу за 20 гадоў прысутнасці часопіса «Ave Maria» ў нашай краіне, выказваю сардэчную падзяку ўсім супрацоўнікам рэдакцыі за адказную шматгадовую працу, асабліва рэдактару пані Крыстыне Лялько, якая з вялікім запалам і ахвярнасцю аддаецца Божай справе. Складаю ўсім супрацоўнікам і чытачам часопіса найлепшыя пажаданні, зычу Божай ласкі і плёну на новыя гады евангелізацыйнай працы.
Няхай наш часопіс у Імя Божае пераадольвае ўсе перашкоды. Няхай ён усюды нясе святло, цеплыню і Хрыстовы супакой.
+ Аляксандр Кашкевіч,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
З казання Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы
23.11.2014 г.
Сёння мы адзначаем 20-годдзе заснавання часопіса «Ave Maria». Гэты часопіс увайшоў у жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў той час, калі ён пачаў адраджацца пасля 70 гадоў пераследу. Гэта часопіс для кожнага чалавека, гэта часопіс, які прадстаўляе для нас падзеі ў беларускім Касцёле, а таксама падзеі ў сусветным Касцёле, які нясе да нас праўду Евангелля праз прызму Марыі, праз Яе «Fiat», Яе «так». Бо калі Яна згадзілася з воляю Божаю, то тады пад Яе сэрцам пачало біцца Сэрца Збаўцы. Яна таксама паспяшалася са сваёю дапамогаю да сваячкі св. Альжбеты, якая чакала нараджэння Яна Хрысціцеля. І ў нашыя часы мы таксама павінны быць падобныя да Марыі, мы павінны ў гэтых складаных абставінах нашага жыцця сказаць Богу «так». Гэта нялёгка. Нялёгка жыць паводле хрысціянскіх цнотаў, нялёгка іх захоўваць, але гэта толькі адзіна магчымы шлях, і ў гэтым сэнсе часопіс адыгрывае вельмі вялікую ролю, бо таксама праз прызму Марыі, той, якая служыла Альжбеце, ішла з дапамогаю да яе, і праз Яе «Fіаt», Яе згоду з воляю Божаю, мы вучымся, як евангелізаваць сучасны свет. Мы вучымся, як быць тымі, хто будзе абвяшчаць Евангелле ў нашыя часы, калі чалавек вельмі часта адыходзіць ад Бога і жыве так, быццам Бога няма. Гэты часопіс таксама вучыць нас, як імкнуцца да Божага Валадарства. Я сёння ўдзячны ўсім тым, хто заснаваў яго, гэта быў найперш кардынал Казімір Свёнтэк, а таксама ўдзячны ўсёй рэдакцыі, усім тым, хто піша артыкулы ў гэты часопіс, усім, хто карыстаецца гэтым часопісам. Вы павінны ім карыстацца, бо гэта рэлігійная літаратура. <...>
Няхай жа ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, заахвоціць нас больш сур’ёзна задумацца аб нашым жыцці, аб тым, што ў ім валадарыць: любоў да бліжняга, у якой праяўляецца любоў да Бога ці эгаізм; духоўныя справы ці матэрыяльныя; імкненне да прыемнасцяў цела ці да духоўнага ўдасканалення. Няхай яна стане яшчэ адным крокам у падрыхтоўцы да галоўнага экзамену нашага жыцця — да Божага суду. Няхай у гэтай падрыхтоўцы сваю пазітыўную ролю адыграе часопіс «Ave Maria», каб мы дзякуючы яму з дня ў дзень узрасталі духоўна, не баяліся цяжару хрысціянскіх цнотаў і шчасліва дасягнулі Божага Валадарства.
Шаноўная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»!
20-гадовы юбілей — гэта перадусім прыгожы ўзрост, які нясе ў сабе вялікі патэнцыял творчых магчымасцяў, і таму дае надзею на дасягненне чарговых поспехаў у будучыні. З іншага боку, гэта таксама ўжо немалы і каштоўны досвед, за якім стаяць гады пошуку, перамогаў і няўдачаў, а перш за ўсё — нялёгкая праца адданага сваёй справе калектыву.
Хачу пажадаць, каб гэтая Божая справа, якой з’яўляецца каталіцкая прэса ў выданнях часопісаў «Ave Maria», «Наша вера», «Маленькі рыцар Беззаганнай», якія ў свой час благаславіў святы папа Ян Павел ІІ і якія былі такімі важнымі для ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка, сто гадоў з дня нараджэння якога адзначалася ў гэтым годзе, з новым энтузіязмам выконвала сваю ролю ў евангелізацыйнай місіі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, як мага больш адпавядаючы духоўным патрабаванням не толькі вернікаў, але і ўсіх, хто шчырым сэрцам шукае Бога ў сучасным свеце.
Няхай Божае благаслаўленне спадарожнічае самаадданай і ахвярнай працы рэдакцыйнага калектыву і ўсім, хто будзе трымаць у руках яе плён!
Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі
22.11. 2014 г.
Шаноўныя калегі!
Шчыра віншуем вас з 20-годдзем выхаду ў свет першага нумара часопіса «Ave Maria» і жадаем, каб той шлях, якім ідзе часопіс на працягу двух дзесяцігоддзяў, пашыраўся і працягваўся, а ваш крок на ім быў па-ранейшаму размераным і ўпэўненым.
Няхай добры Бог дасць вам, вашым аўтарам і ўсім супрацоўнікам часопіса моц Святога Духа, каб і надалей вы маглі палымяна перадаваць слова Божае і пасланне Найсвяцейшай Панны Марыі. Няхай вашая плённая праца ўмацоўвае чытачоў у веры і будзе спажыткам для іх душаў.
Рэдакцыя часопіса «Дыялог»,
г. Баранавічы