Любоў да Бога і бліжняга

«Будзь незаўважным. Будзь святлом каля ног бліжняга твайго. Ідзі без страху ў глыбіню чалавечых сэрцаў. Я буду з табою». 

Кацярына Колышкіна дэ Гук До2хэрці

 

Кацярына Колышкіна дэ Гук До2хэрці прызнаная адным з самых вядомых дзеячаў Каталіцкага Касцёла ХХ стагоддзя. За доўгія гады свайго жыцця (1896–1985) яна стала сведкаю і ўдзельніцаю трагічных падзеяў Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і небывалых тэхнічных дасягненняў, якія перавярнулі штодзённы ўклад свету.

Кацярына Колышкіна нара­дзілася ў Ніжнім Ноўгарадзе 15 жніўня 1896 года ў багатай сям’і. У духоўнае жыццё яе сям’і было ўплецена мноства хрысціянскіх нітак, у тым ліку і каталіцтва. Адукацыю Кацярына атрымала ў школе Кангрэгацыі сіёнскіх сясцёр у Александрыі і Парыжы, дзе працаваў яе бацька. З дзяцінства бацькі не дазвалялі ёй надаваць вялікае значэнне фізічнаму болю, які параўноўваўся з Хрыстовымі пакутамі. Яе маці лічыла, што дзяўчына з дваранскай сям’і павінна ўмець рабіць усю хатнюю працу і весці гаспадарку, таму, нягледзячы на замож­насць, сям’я Колышкіных імкнулася абыходзіцца без прыслугі. 

Дзіцячыя гады Кацярына правяла ў штодзённай цяжкай працы. У 15-гадовым узросце адбылося яе ранняе замужжа са стрыечным братам Барысам дэ Гукам і ўцёкі з ім у Англію, затым — у Паўночную Амерыку (з-за Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі). Жыццё было вельмі складанае. Маладая сям’я спазнала голад, нястачы, хваробы і сапраўдную стому, але дзякуючы многім уменням і таленту Кацярыны змагла выжыць. 

У сталым узросце Кацярына адчула вельмі глыбокае духоўнае жаданне, якое прыйшло да яе праз урывак з Евангелля, што пастаянна трапляўся ёй на вочы: «Устань і ідзі <...>, усё, што маеш <...> раздай убогім». Урэшце яна так і зрабіла, пакінуўшы самае неабходнае для забеспячэння сына. Яна займалася актыўнаю сацыяльнаю дзейнасцю ў Канадзе і Паўночнай Амерыцы, што стала прычынаю расстання з мужам. Па парадзе аднаго з езуітаў сужэнства Колышкінай і дэ Гука было ануляванае — так адбылася адна з вялікіх трагедый у жыцці Кацярыны, якую яна вельмі моцна перажывала. 

У пачатку 1930-х гадоў, параіўшыся з духавенствам, Кацярына Колышкіна стварыла місію на карысць бедных Таронта і назвала яе «Домам сяброўства». Праз некаторы час такія ж місіі распачалі сваю працу ў іншых гарадах Амерыкі. Кацярына аказвала дапамогу сялянскаму і негрыцянскаму насельніцтву — клапацілася не толькі пра яго быт, але і пра адукацыю. Яна выступала супраць расізму.

У 1947 годзе Кацярына выйшла замуж за журналіста Эддзі До2хэрці, які дзеля яе ідэяў ад многага адмовіўся. Жанчына ўпершыню па-са­праўднаму была шчаслівая. Кожны дзень яны хадзілі на св. Імшу і прымалі св. Камунію, былі адным у Хрысце. За трыццаць гадоў сужэнскага жыцця яны ні разу не пасварыліся. 

Кацярына До2хэрці заснавала «Дом Божай Маці» — супольнасць свецкіх, да якой праз некаторы час далучыліся святары. Супольнасць была афіцыйна зацверджаная Касцёлам, яе ўдзельнікі давалі абяцанні беднасці, чыстасці і паслухмянасці. Нягледзячы на суровасць жыцця і адсутнасць камфорту, у гэты дом прыхо­дзіла шмат людзей. Мужчыны і жанчыны жылі асобна, але жылі па-Божаму — разам маліліся, чыталі Евангелле, спявалі, працавалі, вялі апостальскую дзейнасць. На сваім прыкла­дзе Кацярына вучыла моладзь таму, што Бог можа прысутні­чаць пры выкананні нават самай нязначнай задачы і працы, калі яе выконваць з любоўю да Яго. Каля 20-ці падобных місій адкрылася па ўсім свеце — такім чынам распаўсюджвалася жыццё, правобразам якога служыла простае, нічым не прыкметнае жыццё Святой Сям’і ў Назарэце. 

Кацярына До2хэрці была ўзнагароджаная крыжам «За заслугі перад Касцёлам і Папам» і Ордэнам Канады — найвышэйшаю ўзнагародаю краіны. Памерла жанчына з «вялікім сэрцам» 14 снежня 1985 г. ва ўзросце васьмідзесяці дзевяці гадоў. Цяпер ідзе працэс яе беатыфікацыі, таму афіцыйна яе можна называць Слугою Божаю. 

Кацярына дэ Гук До2хэрці (Колышкіна) стала пладавітаю аўтаркаю кнігаў, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю, сярод іх яе аўтабіяграфічная кніга «Гісторыя рускай вандроўніцы». Творы гэтай аўтаркі можна на­быць у кнігарні «Ду­хоўная кніга» па адрасе: 

г. Мінск, вул. Багдановіча, 25. Увазе чытачоў прапануем некаторыя абразкі-медытацыі з кнігі «Калядныя званы» (М., 2004).

Іна Ламака

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней