Чым нам запамятаецца 2014-ы?

 

Якім ён быў для нас, гэты год, чые дні цяпер імкліва сыхо­дзяць, адплываюць, каб ніколі не вярнуцца? Для большасці быў ён трывожны, пазначаны ўкраінскім Майданам. Многія з нас, уключаючы камп’ютар, перш-наперш прагнулі прагледзець навіны з Украіны. У каго не заходзілася болем сэрца, калі мы зноў і зноў разумелі, што зменаў да лепшага пакуль няма? Як напісаў наш паэт Міхась Скобла пра лета 2014 года:

Ня хмеліць чарка, нясмачніцца скварка, 

Ня лезе мне ў горла ні хрэн, ні кмен. 

У п’есе жыцьця — курсівам — р э м а р к а: 

На ўкраінскім фронце без перамен.

Чакалі, цярпліва чакаем, молімся за перамены да лепшага для нашых братоў украінцаў...

А колькі трывогі ў сэрцы выклікалі жудасныя сюжэты з Ірака, Сірыі, Нігерыі, са Святой Зямлі! Колькі болю за тых хрысціянаў, што ў гэтыя дні аддаюць свае жыцці за Хрыста! Яны гінуць, а свет маўчыць, быццам не разумее, якое гэта ідзе змаганне, якая схватка... 

У барацьбе супраць злога, услед за апосталам Паўлам, Папа Рымскі Францішак заклікае сучасны Касцёл «падперазаць сцёгны праўдаю, таму што сатана — айцец хлусні; апрануцца ў панцыр справядлівасці — бо нельга быць хрысціянамі, не працуючы над сваёй справядлівасцю; узяць шчыт веры, шлем збаўлення і меч духоўны, якім ёсць слова Божае».

Але сярод усёй гэтай калатнечы, сярод трывогаў, болю ёсць і светлыя дні. Іх таксама было нямала ў мінулым годзе. Мы па-рознаму ўспрымаем гэты свет, па-рознаму ўспрымаем і Божыя справы ў нашым жыцці. Адны іх бачаць абвострана, другія пазіраюць на іх з недаверам, трэція проста не заўважаюць. Але ж яны ёсць! Бог не перастае дзейнічаць у жыцці кожнага з нас. Толькі б вушы нашыя ды вочы былі адкрытыя на Яго дзейнасць, Яго святую прысутнасць!

Напрыканцы года важна яшчэ раз азірнуцца на пражытыя дні ды прыгадаць найбольш значнае, запамінальнае. Дзеля таго, каб яшчэ раз узнавіць усё тое ў памяці ды яшчэ раз сказаць Пану Богу сваё «дзякуй», я папрасіла падзяліцца на старонках часопіса тым, што найбольш запамяталася з мінулага года, некалькі чалавек. Не будзем хітраваць — гэта не апытанне на вуліцы. Я загадзя ведала, што гэтыя людзі маюць здольнасць узірацца ў тое, што з імі адбываецца, расчытваюць Божыя знакі, умеюць дзякаваць Богу за Яго дзеянне.

Алена Вячэрская,

парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мінск

— У мінулым годзе збылася мая вялікая мара: я наведала месца аб’яўлення Маці Божай — Люрд. Даўно марыла пра гэта, прадчувала, што там мяне можа чакаць штосьці асаблівае. Малілася, прасіла Марыю дапамагчы ажыццявіць маю мару. І малітва была выслуханая. Сёння я пераканана й радасна сцвяр­джаю, што Люрд — гэта асаблівае месца сустрэчы верніка з Марыяй. Я не стала выключэннем. У Люрдзе я сустрэла нашу Маці, такую чулую і пяшчотную, адчула блізкасць Маці, Яе цяпло і дабрыню. Не дзіва, што хацелася б там застацца... У Люрдзе здаецца, што цябе ахінае Неба і ты літаральна акунаешся ў Божую любоў! Ніколі раней я так блізка не адчувала Марыю як Маці, якая заўсёды побач. Цяпер, калі малюся Ружанец, думкамі пераношуся ў Люрд, і неяк зусім па-іншаму прамаўляюцца мае чарговыя Вітай, Марыя...

Дзякую Усемагутнаму Богу  за тое, што даў нам Маці. Гэтае ўсведамленне дапамагае жыць і прымаць рашэнні ў складаныя моманты жыцця.

 

Дарыюш Астасевіч,

парафія святога Андрэя Апостала і святога Леапольда Мандзіча, г. Мінск

— Мне 32 гады, з іх я толькі 5 гадоў свядома іду да Бога. З гэтых пяці толькі ў гэтым годзе я прыняў у маё сэрца і розум тое, што я сапраўды годны называцца дзіцем Божым, і тое, што праз мяне Бог таксама можа дзейнічаць. Чаму гэта так важна для мяне? Бо разумею, што за маё жыццё я столькі зрабіў і раблю Езусу балючых, крывавых ранаў, што па чалавечай справядлівасці я ўжо даўно быў бы сурова пакараны. Але дзякуй Богу, што Яго справядлівасць і любоў іншыя. 

Разуменне таго, што я таксама дзіця Усюдыіснага і што Ён мне даверыў маё жыццё і ўсё, што з ім звязана, — гэта, канешне, было. Яно было прачытана, праслухана, прагледжана, але не прынята мною як існае. Многія сябры, знаёмыя, у тым ліку і духоўныя асобы, казалі пра маю годнасць спадкаемцы Валадарства Божага, але я гэтага не прымаў. Ды Айцец Нябесны праз некаторыя падзеі паставіў у гэтым пытанні кропку. Распавяду пра адну з іх.

Адбылася яна на летняй сесіі рэкалекцый «Школа хрысціян­скага жыцця і евангелізацыі». На працягу ўсяго часу школы мне даводзілася размаўляць з рознымі людзьмі, і я лавіў сябе на думцы, што з маіх вуснаў сыходзяць перажыванні і любоў, выказаныя ў нейкіх парадах. Мне рабілася няёмка, бо хто я такі, каб даваць парады, але гэтыя парады часам мяне самога ўражвалі. 

Аднаго вечара, калі ў касцёле ўжо амаль нікога не было, я чакаў моманту, каб сфатаграфаваць «вечны агеньчык» над алтаром. Да мяне падышла адна служыцельніца і папрасіла супакоіць дзяўчыну, якая сядзела на першай лаўцы і плакала. Трохі засмучаны, што не ўдалося зрабіць здымак, я сеў на лаўку за нашай знаёмай. Яна ціха плакала і не звяртала ўвагі на тое, што адбываецца навокал. Я паклаў руку на яе плячо і пачаў маліцца за яе. Праз некалькі секунд яна таксама пачала маліцца… дарам моваў! Пазней яна патлумачыла, што мой дотык і мая малітва дапамаглі ёй прыняць гэты цудоўны, лагодны і палымяны Божы дар. А падчас сведчаняў, якія адбываюцца на заканчэнне кожных рэкалекцый школы, некалькі чалавек казалі, што мае словы дапамаглі ім адказаць на некаторыя пытанні.

Не перадаць, з якой пашанай, захапленнем і радасцю я ў глыбіні сэрца прыняў такое важнае для мяне ўсведамленне годнасці спадкаемцы майго Нябеснага Айца! Гэта такі цудоўны дар — разумець, што, нягледзячы на боль, які я прычыняў Езусу, і на цвікі, якія я забіваў у зраненае цела майго Збаўцы, Ён не адрынуў мяне, але дзейнічае ўва мне і таксама праз мяне. Ніякай заслугі маёй у гэтым няма. Гэта — Яго любоў.

Такім чынам, добры Айцец зруйнаваў адзін з абманаў сатаны, які крывавіў вялікай балючай ранай у маім сэрцы! 

Благаслаўляю Цябе, Божа, што ты Той, Каторы Ёсць!

 

Валянціна Мяцеліца,

парафія Найсвяцейшага Сэр­ца Езуса, г. Наваполацк

— Тры з паловай гады таму, калі я чакала нараджэння майго трэцяга дзіцяці, дачушкі Марыйкі Гэлены, мне давялося прайсці шмат абследаванняў, ляжаць у бальніцах. У выніку, калі я нарэшце вярнулася дахаты з дачушкай на руках, праз нейкі час мяне чакаў страшны «сюрпрыз»: у мяне выявілі вельмі непрыемную хваробу — гепатыт «С». Колькі было слёз і страху — ведаю толькі я ды мае блізкія. Той, хто чуў, якая гэта хвароба, напэўна ж, ведае таксама, як няпроста жыць з ёю, а тым болей — жыць у сям’і, гадаваць траіх дзяцей. Гэта — пастаянны страх не толькі за сябе, але і за тых, хто побач.

Тры гады я рэгулярна здавала аналізы, і вынікі нязменна паказвалі на прысутнасць хваробы. Заўважу, што нашай сям’і хапае выпрабаванняў і клопату з дзецьмі. Гэтыя выпрабаванні вельмі сур’ёзныя, і мая дадатковая праблема нашмат павялічвала іх. 

Не магу сказаць, што мы былі напоўненыя роспаччу. Не, усе нашыя цяжкасці давяраем Пану Богу, спадзяемся на Яго міласць, не стамляемся маліцца.

У чэрвені гэтага года мы ўсёй сям’ёй удзельнічалі ў рэкалекцыях святара з Уганды Джона Башаборы (у № 7–8  «Ave Maria» пісалі пра гэтыя рэкалекцыі). У часе заступніцкай малітвы я прасіла ў Пана Бога аднаго — аздаравіць маіх дзяцей. Пра сябе я не думала. Але ў Пана Бога былі свае планы для нашай сям’і. Пасля рэкалекцый я ў чарговы раз здала аналізы, і вынікі іх нас літаральна ашаламілі. У мяне больш няма гепатыту «С»! Дзякую Пану Богу за ўсё! Дабрыня Яго бясконцая!

 

Антаніна Гулько,

парафія святога Зыгмунда, г. Баранавічы

— Я — хірург. На пачатку 2014 года я вырашыла памяняць месца працы — паспрабаваць працаваць у большай бальніцы, каб вучыцца хірургіі надалей.  Прызнаюся, няпроста быць маладой дзяўчыне хірургам, а да таго ж яшчэ, беларускамоўным. Дзівацтва нейкае! Усе навокал казалі, што немагчыма знайсці добрую працу без сувязей. Ды я і сама гэта ведала. Праз месяц беспрацоўя я прыйшла ў шпіталь, дзе праходзіла інтэрнатуру, і запытала, ці  возьмуць мяне, і мне адказалі: «Так». За адзін дзень я ўладкавалася на працу, узровень якой мяне захапляе. Мае знаёмыя ўпэўненыя, што патрапіла я туды па вялікім блаце, і я не змагла нікога пераканаць, што гэта не так. Ды і навошта? Я сапраўды маю вялікага Абаронцу — майго Нябеснага Айца. 

У нас гавораць, што жанчына-хірург — гэта і не жанчына, і не хірург. Гэта заўжды мучыла мяне, і я марыла ўсім даказаць адваротнае. На днях мне прапанавалі пасаду загадчыцы ў іншым аддзяленні — з вышэйшым заробкам і больш «жаночую». У чарговы раз Пан Бог нагадаў, што ніколі не абмяжоўвае мяне, але адкрывае шмат магчымасцей. Я паспрабавала ўявіць сябе на больш перспектыўным месцы — і… у мяне нічога не атрымалася. Я ўсвядоміла, што не змагу без любімай працы. І няхай я не дасягну такіх вышыняў, як мужчыны-хірургі, але я проста магу рабіць тое, што люблю: рабіць старанна і з любоўю. 

Насамрэч, я ненавіджу рамантызаваць сваю працу — яна са­праўды вельмі складаная, а паразы ў ёй страшна балючыя. Нават распавядаць пра яе не люблю, бо людзі ўспрымаюць аповеды  як цікавыя здарэнні, а я ведаю, колькі за гэтым поту і крыві. Ды часам, спрабуючы пазбегчы таннага пафасу, хочацца сказаць нешта важнае. Узгадваецца гісторыя адной сталай пары — майго пацыента і яго жонкі. У яго была анкалогія. Падчас падрыхтоўкі да аперацыі я бачыла, як яны мужна разам пераносяць хваробу. Была аперацыя. Там ты не думаеш пра высокія рэчы кшталту таго, што ты змагаешся за жыццё і г.д. У цябе проста ёсць канкрэтная праблема і абмежаваны час, каб яе вырашыць. Калі пасля некалькі гадзінаў тае аперацыі я выйшла знясіленая, то ўбачыла яго жонку пад дзвярыма палаты. І хоць у той момант мне самой хацелася, каб мяне хто прытуліў ды пашкадаваў, я наблізілася да яе. На вачах у яе былі слёзы. Напраўду, усе мае сілы былі патрачаны на аперацыі, і мне ўжо хацелася быць слабой. Але як можна дазволіць сабе такую раскошу, калі перад табой чалавек, для якога цяпер самае важнае на свеце — жыццё блізкага чалавека. Пасварылася на яе за слёзы: мужу патрэбна падтрымка, баявы настрой яго блізкіх. Яна суцішылася, узяла мяне за руку. У яе вачах былі ўдзячнасць і надзея… Дзеля гэтай надзеі ў людскіх вачах мне хочацца працаваць і стамляцца. Дзякуй, дарагі Ойча, за гэтую маю працу, у якой столькі месца для Тваёй любові і дабрыні! За гэтую працу — зямную і незямную…

 

…Такія розныя падзеі. Такія розныя людзі і іх перажыванні. А яднае тых, хто распавёў нам пра іх, і нас, хто слухаў, а цяпер і прачытаў, прыналежнасць да нашага Нябеснага Айца і любоў да Яго. Узгадалася мне трынаццацігадовая дзяўчынка з Полацка — Сафійка, якая ня­зменна радасна штогод спявае ў пілігрымках:

Дзякуй, Госпадзе мілы,

за ўсе Твае дары,

за надзею і сілу,

за Цябе на алтары,

што зламаў сцены сэрца

скамянелага майго

і сваёю ласкай, Езу, 

Ты аздаравіў яго.

Пажадаем усім нам у новым годзе аздароўленых, не скамянелых сэрцаў, але чыстых і верных Айцу нашаму Нябеснаму!

Ірына Жарнасек

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней