На Беларусі Бог жыве!

У 1938 годзе ў вёсцы Крулеўшчына быў пабудаваны прыгожы драўляны касцёл. Жылі тут людзі па-сапраўднаму, па-хрысціянску — рэгулярна наведвалі храм, спавядаліся, вянчаліся, хрысцілі сваіх дзетак. Ды толькі атэістычнае ліхалецце не абмінула і гэтую святыню: неўзабаве пасля вайны яна была зачыненая. Ксёндз Валяр’ян Хвалоўскі выехаў у Крывічы, а ў будынку касцёла размясцілі склад. Улетку 1965 года бязбожнікі па-варварску пачалі знішчаць касцёл: спачатку разбурылі дах, потым развялі вогнішча, у якое скідвалі ўсе касцёльныя рэчы. Сабраўся вялікі натоўп людзей. Галасілі жанчыны, плакалі дзеткі, сціскалі кулакі мужчыны, але ўсе яны былі бездапаможныя. Многія, хто смялейшы, выхоплівалі з полымя крыжы, абразы і з імі кідаліся наўцёкі, а ўслед ім несліся пагрозы і лаянка. Драўляны будынак касцёла быў перавезены ў вёску Малажане на пабудову клуба. Святыня была знішчана, ды толькі нелюдзі так і не змаглі выні­шчыць у сэрцах людзей любоў да Бога. Вернікі, па магчымасці, наведвалі аддаленыя касцёлы, і ў кожнай хаце, дзе жылі католікі, заўсёды была пасвенчаная вада, на калядным стале заўсёды былі аплаткі, на велікодным — соль, хлеб, яйкі, таксама асвячоныя. Дарэчы, тых атэістаў-вандалаў у розныя моманты іх жыцця напаткала кара — ніводзін з іх так і не спазнаў сапраўднага чалавечага шчасця...

Цёплым летнім днём 1994 года ў Крулеўшчыну прыехаў ксёндз-місіянер Ян Фібэк. Адразу пачалося адраджэнне рэлігійнага жыцця ў нашай мясцовасці. Кожную нядзелю мы маліліся пад адкрытым небам на месцы разбуранай святыні. Нясцерпна горача было тым летам, але лю­дзі з затоеным дыханнем лавілі кожнае слова святара, бо ў той час святая Імша была для нас як глыток свежага паветра. Пазней, калі на вуліцы стала холадна, вернікі разам са святаром маліліся ў «чырвоных кутках» розных арганізацый.

У верасні 1994 года крулеў­шчынскай каталіцкай парафіі быў перададзены пустуючы будынак спартыўнай залы былой мясцовай школы. Цэлымі ў ім былі толькі абшарпаныя сцены. З вялікім натхненнем людзі ўзяліся за рамонт будучага касцёла. Нельга было без слёз глядзець, як пажылыя жанчыны стараліся выконваць пасільную працу, прыносілі значныя ахвяраванні са сваіх сціплых пенсій. І ўжо 24 снежня ў новым касцёле была адпраўлена першая святая Імша.

Мы, парафіяне, вельмі ўдзячныя ўсім святарам-місіянерам, манашкам, якія на час пакінулі сваю Радзіму і прыехалі несці Божае слова ў чужы край. Незнаёмыя ім мясціны, незразумелая мова, некамфортныя бытавыя ўмовы, а таксама рэлігійная недасведчанасць нашых вернікаў — усё гэта вымагала вялікіх фізічных і душэўных сілаў.

Пэўны час у нашай парафіі працаваў айцец Марэк Пасюта. Дзякуючы ягонаму вытанчанаму густу і залатым рукам майстроў быў зроблены прыгожы галоўны алтар, пабудаваны калоны, выдатна аздоблена столь, заменены вокны.

Канчаткова да ладу даводзіў наш храм ксёндз Юрый Бараўнёў (да касцёла была зроблена дабудова, што надало яму больш велічны выгляд).

У кастрычніку 2009 года касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса быў кансэкраваны, а ў чэрвені 2014 года нашу парафію наведаў біскуп Алег Буткевіч. У гэты дзень многім вернікам быў удзелены сакрамэнт бежмавання.

Чатыры гады таму на ўездзе ў аграгарадок Крулеўшчына па дарозе з Докшыцаў замест старога драўлянага крыжа быў пастаўлены новы — прыгожы, высокі, металічны, з фігурай распятага Хрыста. Неяк праходзілі ўлетку каля крыжа школьнікі і адзін з іх з болем у голасе сказаў: «Цяжка прыкутаму Божаньку вісець…» Спыняюцца часам каля крыжа машыны, што ідуць на наша торфапрадпрыемства. Выйдзе шафёр, перахрысціцца, паклоніцца Пану…

Дзякуючы руплівым рукам мясцовай верніцы Галіны Кіцько вакол крыжа з ранняй вясны да позняй восені буяюць кветкі, тут заўсёды чыста, прыгожа і спакойна.

Сапраўды, на Беларусі Бог жыве! Жыве Бог і ў Крулеўшчыне!

Генуэфа Парневіч, 

аграгарадок Крулеўшчына, Докшыцкі раён.

 

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней