Уражанне на ўсё жыццё

 

18 верасня ў Ватыкане адбылася сустрэча папы Францішка з біскупамі з усяго свету, якія атрымалі сакру на працягу апошняга года. Сярод іх былі і біскупы з Беларусі: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. 

Яго Эксцэленцыя біскуп Юрый Касабуцкі дзеліцца сваімі ўражаннямі ад гэтай сустрэчы.

— Мы разам з біскупам Алегам Буткевічам і біскупам Юзафам Станеўскім прынялі ўдзел у штогадовай сустрэчы маладых біскупаў з усяго свету — маладых у тым сэнсе, што Папа прызначыў іх на гэтую пасаду на працягу года. Гэтыя  сустрэчы арганізуе ватыканская Кангрэгацыя па справах біскупаў і Кангрэгацыя Propaganda Fidei, якая займаецца справамі біскупаў Афрыкі, Азіі, Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. Усяго на сустрэчы нас было больш за 300 чалавек, і мы правялі два цудоўныя тыдні ў Рыме. Кожны дзень быў багата насычаны падзеямі. Мы слухалі лекцыі прадстаўнікоў розных Кангрэгацый Ватыкана — у тым ліку кардыналаў і арцыбіскупаў, якія ўзначальваюць гэтыя арганізацыі. Былі канферэнцыі на тэалагічныя тэмы, па Кананічным Праве, а таксама разглядаліся розныя практычныя пытанні. Гэта сапраўды было вельмі цікава!..

Цікава таксама было ўвогуле сустрэцца разам, бо, з аднаго боку, несумненна, мэта такіх сустрэчаў —  даць напрамак духоўнага фармавання новапрызначаным біскупам, а з іншага боку — гэта выдатная магчымасць сустрэцца і адчуць сябе часткаю ўніверсальнага Касцёла, дзе мы — людзі розных нацыянальнасцяў з розных куткоў свету, непасрэдна глядзім адзін на аднаго, знаёмімся, размаўляем. Напрыклад, мы часта разам разважалі пра сітуацыю Касцёла ў розных кутках свету, і вельмі важна было пачуць сведчанні біскупаў з Ірака, Блізкага Усхода, Сірыі, Лівана пра тое, у якіх умовах там існуе цяпер хрысціянства, бо тое, што мы ведаем, гэта часта толькі інфармацыя з навінаў. 

Вялікім уражаннем для мяне быў досвед  супольнай біскупскай цэлебрацыі святой Імшы ў катэдры святога Пятра за папскім алтаром і магчымасць разам пакланіцца рэліквіям святога апостала Пятра ў крыпце пад саборам. Незабыўнаю стала для мяне і вандроўка ў Асізі: мы наведалі базыліку св. Францішка, бачылі гроб, дзе ён пахаваны, а таксама касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе ўнутры знаходзіцца той маленькі касцёлік, што быў калісьці адбудаваны рукамі самога святога. Усё гэта выклікала вельмі моцны духоўны ўздым. 

Напрыканцы сустрэчы ўсе маладыя біскупы мелі аўдыенцыю з папам Францішкам. Папа казаў нам пра тое, якім ён бачыць сённяшняга біскупа — біскупа ХХІ стагоддзя: перш за ўсё — гэта пастыр для свайго народа і айцец для сваіх святароў, іх сапраўдны сябар і брат. Гэта павінны быць простыя айцоўскія адносіны, якія грунтуюцца не толькі на пахвале, але і на падтрымцы, і, здараецца, на дакорах. Але ні ў якім разе яны не павінны быць падобныя да адносінаў чыноўніка з падначаленымі. Біскупы ў сучасным свеце пакліканыя несці Хрыста, прапаведаваць Яго, і Папа падкрэсліў неабходнасць рабіць гэта сціпла і проста. 

Пасля прамовы Папы кожны з нас меў магчымасць падысці і сказаць яму некалькі словаў. Зразумела, часу было мала, а нас шмат, аднак для мяне гэта была цудоўная магчымасць падзякаваць папу Францішку за тое, што ён прызначыў трох новых біскупаў для Беларусі. У адказ ён пажадаў нам поспеху і ўдзяліў сваё благаслаўленне. 

Гэта незвычайнае ўражанне — асабіста сустрэцца з Папам, пачуць яго словы, убачыць позірк не з экрана тэлевізара і не здалёк, а побач. Падчас аўдыенцыі мы атрымалі глыток яго духоўнасці, і гэта пакінула глыбокі след у душы. Папа — вельмі просты чалавек, яго спакой і добразычлівая ўсмешка змушаюць забыцца пра тое, што ты сустракаешся з чалавекам вельмі высокага рангу. У яго позірку чытаецца жаданне дабра для ўсіх, на каго ён глядзіць. Не адчуваецца ніякіх бар’ераў, ён сустракае ўсіх з вялікай цеплынёю, і здаецца, што перад табою ўжо не сам наступнік апостала Пятра, а сапраўдны айцец і брат. Гэта вельмі прыемна! І яго благаслаўленне вельмі важнае для нас. 

Падрыхтавала Юлія Шэдзько.

Фота L’Osservatore Romano.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней