«Не забывайце пра штодзённую супольную малітву, асабліва вячэрнюю; пра святкаванне нядзелі і пра ўдзел у нядзельнай святой Імшы».
Св. Ян Павел ІІ
Варта ўсведамляць таксама касцёльнае вымярэнне малітвы, г.зн. разумець, што мы толькі тады добра молімся, калі молімся як Касцёл. Гэта можна пацвердзіць наступным:
• сыходзім з цеснай сувязі Хрыста з Айцом;
• Хрыстус з’яўляецца таксама месцам маёй малітвы —
па-за Хрыстом няма хрысціянскай малітвы;
• калі ўсе хрысціяне трываюць у Хрысце, то таксама і я, а маліцца ў Хрысце — значыць сустрэцца з усімі маімі братамі па веры.
Пан Езус у зямным жыцці паказаў сваю цесную сувязь з Богам Айцом праз тое, што сыходзіў у пустынныя месцы, каб размаўляць сам-насам з Айцом. Марыя, хоць і не заўсёды разумела Божую волю, але ўсе справы разважала ў сваім сэрцы — малілася. Толькі малітва прасвятляе нашу чалавечую цемру, уводзячы ў яе самога Бога.
У кастрычніку мы асаблівым чынам практыкуем ружанцовую малітву, якая ахоплівае сваім зместам жыццё Святой Тройцы і Маці Божай. Мы таксама можам праз Марыю знайсці сябе, свае патрэбы і клопаты ў паасобных таямніцах. Таму трэба старацца, каб Ружанец чытаўся ўважліва і з разважаннямі да кожнай таямніцы.
Святы Павел кажа нам, што ўсе мы ствараем адно містычнае Цела, Галавой якога ёсць Хрыстус, а мы — Яго членамі. Выкарыстанне гэтага вобразу ў справах малітвы дапамагае нам усвядоміць, што на нас заўсёды і з вялікай моцай уздзейнічае духоўнае дабро нашых братоў і сясцёр у Хрысце, іх моц і духоўнае жыццё ўдзяляюцца таксама кожнаму з нас. Ад маіх братоў і сясцёр даходзіць да мяне паток жыццядайнай крыві, што мае ў сабе нешта ад суровасці картуза, любові кармэліта, праслаўлення бэнэдыктынца, любові сужэнцаў, старанняў настаўніцы на ўроку, нешта ад усмешкі прадаўца, ад клопату журналіста, каб сумленна пераказаць праўду пра падзеі, нешта ад цярплівасці вучонага ў яго доўгіх даследаваннях, нешта ад пакутаў прабываючых у чыстцы, нешта ад хвалы благаслаўлёных у небе. Праз маіх братоў і сясцёр сам Бог удзяляецца мне. Важна таксама памятаць, што я належу да вялікай супольнасці Касцёла, таму трэба маліцца не толькі з усімі, але і за ўсіх, быць салідарным з малітвамі ўсіх, хто моліцца ў свеце, сыходзячы з іх сітуацыі.
У сваёй малітве лучымся таксама з пакутуючымі членамі Касцёла, якія знаходзяцца ў чыстцы. Гэта нашыя браты і сёстры, якія перад намі працавалі ў месцах, дзе цяпер працуем мы, і верылі таксама, як і мы, падобна змагаліся за захаванне веры. Памятай, што яны могуць служыць нам вялікай дапамогай, калі мы цяпер дапаможам ім у трудах ачышчэння перад канчатковым пагружэннем у абдымкі любячага Айца. Пастарайся, каб усё — малітву, міласціну і працу — ахвяроўваць Пану ў іх інтэнцыях.
Лучымся ў малітве таксама з нашымі братамі нехрысціянамі.
Ці памятаеш міжрэлігійнае спатканне ў Асізі? Святы Айцец Ян Павел ІІ сустрэўся там з прадстаўнікамі ўсіх вялікіх рэлігій. Яны аб’ядналіся, каб маліцца. Паспрабуй чыніць тое ж самае з таго месца малітвы, дзе звычайна гэта робіш. Ахіні малітвай ізраільскі народ, які моліцца да таго ж самага Бога, што і ты. Не забудзь пра мусульманаў, якія шмат разоў на дзень таксама моляцца Адзінаму і Найвышэйшаму Богу. Памятай таксама пра ўсіх людзей малітвы Усходу, якія сведчаць пра багацце свету ўнутранага жыцця.
Маючы ў сэрцы ўсё чалавецтва, з любоўю прачытай: Ойча наш…
З малітвай — а. Юрый Кулай OCD.