Як хутка пасля нараджэння трэба хрысціць дзіця?

Пакліканне бацькоўства па сваёй сутнасці шматграннае і разнастайнае. Бог запрашае мужчыну і жанчыну не толькі да ўдзелу ў стварэнні новай чалавечай асобы, але даручае ім справу яе развіцця — як фізічнага, так і духоўнага. 

Сярод хрысціянаў сакрамэнт хросту па праву лічыцца момантам духоўнага нараджэння. І тут вельмі важна «не перанасіць» дзіця, да­зволіўшы яму ў адпаведны час нарадзіцца для ўдзелу ў супольнасці Касцёла. Як хутка пасля нараджэння трэба хрысціць дзіця? Касцёл у клопаце пра кожную чалавечую істоту акрэсліў адказ на гэтае пытанне ў адпаведных пастановах.

Ва ўступе да «Парадку хросту дзяцей» гаворыцца: «У тым, што датычыць часу ўдзялення хросту, перш за ўсё належыць дбаць пра збаўленне дзіцяці, каб яно не было пазбаўлена ласкі гэтага сакрамэнту; затым належыць браць пад увагу здароўе маці, каб яна сама, наколькі гэта магчыма, магла пры гэтым прысутнічаць. Нарэшце, калі толькі гэта не будзе пера­шкаджаць большаму дабру для дзіцяці, трэба браць пад увагу пастырскія патрэбы, г. зн. каб было дастаткова часу на падрыхтоўку бацькоў і на належную арганізацыю самога хросту дзеля лепшага выяўлення значэння самога абраду».

Далей там жа чытаем: «Ка­лі дзіцяці пагражае небяспека смерці, яго неадкладна трэба хрысціць». Такім чынам Касцёл дбае пра самае важнае для чалавечай істоты — пра яе збаўленне. Сакрамэнт хросту з’яўляецца першым і неабходным для таго, каб чалавек стаўся ўсыноўленым дзіцём Божым, бо праз ласку хросту змываецца ўсё, што перашкаджае лучнасці стварэння са сваім Створцам, чалавек асягае выбаўленне з няволі граху і поўню жыцця.

У надзвычайных выпадках, калі няма магчымасці звярнуцца да святара, ахрыс­ціць можа кожны чалавек, які нават не з’яўляецца хрысціянінам. Важна толькі, каб ён хацеў гэта зрабіць так, як разумее гэта Касцёл. У выпадку такога надзвычайнага хросту асоба, якая хрысціць, называе імя дзіцяці, а затым вымаўляе словы: Я ЦЯБЕ ХРЫШЧУ Ў ІМЯ АЙЦА (палівае галаву дзіцяці вадою першы раз) І СЫНА (палівае галаву дзіцяці другі раз), І ДУХА СВЯТОГА (палівае галаву дзіцяці трэці раз). Пры гэтым, калі няма асвячонай вады, дастаткова выкарыс­таць звычайную натуральную ваду. Вельмі важным уменне хрысціць з’яўляецца для працаўнікоў медыцыны, асабліва акушэраў, гінеколагаў і спецыялістаў, якія апякуюцца невылечна хворымі.

Далей мы чытаем: «Як ма­га раней і, калі ёсць магчымасць, яшчэ да нараджэн­ня дзіцяці, яны (бацькі) паведамляюць пробашчу пра будучы хрост, каб можна было належным чынам падрыхтавацца да ўдзялення сакра­мэнту». Найлепш, калі першы зварот да душпастыра адбу­дзецца за некалькі месяцаў да планаванага хросту, каб баць­кі і хросныя маглі духоўна падрыхтавацца да гэтай па­дзеі. Пад кіраўніцтвам святара тыя, хто будуць непасрэдна займацца духоўным фармаваннем новай чалавечай асобы, не толькі ўсведамля­юць сабе веліч свайго задання, але і спасцігаюць, якія вялікія дары Бог хоча ўдзяліць ім і іх дзіцяці. Вельмі важна, каб бацькі і хросныя разумелі, што іх супрацоўніцтва з Богам не заканчваецца на працягу выхавання дзіцяці. Карыснай для бацькоў будзе духоўная падрыхтоўка яшчэ перад нараджэннем дзіцяці, бо яна дазволіць ім перажыць момант нараджэння ў асаблівым адчуванні блізкасці Бога. Сустрэчы перад хростам да­зволяць зразумець і глыбокую сімволіку паасобных абрадаў святога хросту. Такім чынам, сакрамэнтальны знак хросту стане для бацькоў вы­разным праяўленнем ласкі Збаўлення.

Калі ідзе гаворка пра сам хрост, яго ўдзяленне <…> па­вінна адбывацца ў першыя тыдні пасля нараджэння дзі­цяці. Калі дазваляе стан здароўя маці і дзіцяці, хрост адкладаць не трэба. 

Касцёл мае адмысловую практыку ўдзялення гэтага сакрамэнту. Ва ўступе да «Парадку хросту дзяцей» мы чытаем: «Каб паказаць пасхальную сутнасць хросту, рэкамендуецца ўдзяляць сакрамэнт у Пасхальную вігілію ці ў нядзелю, калі Касцёл успамінае ўваскрасенне Пана <…>, каб уся супольнасць магла браць удзел у абрадзе і каб выразней выяўлялася сувязь хросту і Найсвяцейшай Эўхарыстыі». Дзіця становіцца членам Касцёла, таму вельмі важным з’яўляецца хрост падчас Эўхарыстыі, калі на малітве збіраецца хрысціянская супольнасць, якая не толькі радуецца разам з бацькамі, але і паклікана дапамагаць ім у выкананні задання хрысціянскага выхавання, асабліва праз прыклад і малітву. З другога боку, та­кое злучэнне гэтых двух сакрамэнтаў лепш падкрэслівае, што праз хрост дзіця становіцца толькі на парог духоўнага жыцця і перад ім адкрываецца дарога да іншых сакрамэнтаў.

Ксёндз Уладзімір Русак  

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней