Праз далучэнне да вечнага

Каталіцкая сямейная пара з Віцебска Іна Станская і Анатоль Асіпенка адносяцца да ліку тых людзей, якія прыйшлі да веры на хвалі адраджэння рэлігійнага жыцця ў Беларусі на мяжы мінулага і цяперашняга стагоддзяў. Прыйшлі не выпадкова, а ў выніку мэтанакіраваных пошукаў, з цвёрдым усведамленнем таго, што ў жыцці кожнага чалавека павінна быць нешта, што робіць яго і больш поўным, і больш насычаным, і больш крэатыўным. Медыкі паводле адукацыі (Анатоль — спецыяліст інтэрвенцыйных малаінвазіўных метадаў дыягностыкі лекавання, Іна — правізар), сужэнцы супалі не толькі ў плане прафесійнай прыналежнасці, але і ў поглядах на ролю хрысціянскіх каштоўнасцяў у жыцці як  асобнага чалавека, так і  сям’і, грамадства, краіны. Пра гэта — наша размова пасля нядзельнай  святой Імшы ў парафіі Езуса Міласэрнага, якую Іна і Анатоль называюць не іначай, як другім домам.  

— Іна, Анатоль, дык як адбылося ваша навяртанне? Што сталася тым штуршком, які прывёў вас абоіх у касцёл?

Анатоль: Мабыць, так было наканавана лёсам. Сярод маіх продкаў, якія па лініі бацькі паходзяць з Расон­шчыны, католікаў, здаецца, не было. Але ўва мне заўсёды мелася нейкая ўнутраная схільнасць да духоўных пошукаў — мабыць, яна і сталася прычынай навяртання. Асабліва яскрава гэтая схільнасць праявілася па сканчэнні ў 1996 годзе медінстытута, падчас працы ўрачом-анестэзіёлагам у Полацку. Менавіта тады я даволі актыўна пачаў цікавіцца пытаннямі веры. Расшукаў грэка-католікаў, пазнаёміўся з абрадам, з некаторымі вернікамі. Хоць, папраўдзе, рашучых крокаў па ўключэнні ў жыццё супольнасці не зрабіў, гэта прыйшло пазней, ужо пасля вяртання ў родны Віцебск. Не без уплыву Іны, дарэчы, з якой мы пасябравалі на апошнім курсе вучобы ў інстытуце, а праз паўтара года пабраліся цывільным шлюбам. Так, цывільным, бо, уявіце сабе, мы нават ахрышчаныя на той час не былі!..  

Іна: Сярод маіх прашчураў былі католікі, па лініі прадзеда Юзафа. Але традыцыя была амаль страчаная, таму ўсё давялося пачынаць нанова. Першае маё памкненне звязаць жыццё з хрысціянствам адносіцца да часу вучобы ў інстытуце. Унутрана хацелася прыхінуцца да Бога, а вось якую абраць канфесію — даволі доўга заставалася праблемай. У царкву зайду — не тое. Нарэшце спынілася на касцёле. Тады, на шчасце, якраз толькі-толькі пачалі ладзіцца літургіі ў касцёле святой Барбары. Стала займацца самаадукацыяй, пахрысцілася. Але ўсё ж такі гэта было яшчэ не поўнае навяртанне: на службы толькі зрэдку хадзіла, час ад часу. 

— А калі пачалося поўнае?

І.: З прыходам у парафію Езуса Міласэрнага. Тут ужо і сакрамэнт Першай Камуніі з Анатолем атрымалі, і касцёльны шлюб узялі. Тагачасныя святары Раман Мурзіч і Аляксандр Дулінец, дзякуй ім, падтрымалі, заахвоцілі, падказалі, што ды як. Ад таго часу, можна лічыць, і сталі сапраўднымі вернікамі.

А.: А я, папраўдзе, лічу сваё канчатковае навяртанне заслугай жонкі. Прыйшоў сюды аднойчы з Інаю штосьці дапамагчы ў касцёле, ды так з таго часу, можна сказаць, тут і застаўся. Але не толькі таму, што трапіўся на шляху такі добры дарадца, як, напрыклад, сястра Ніколя, ці таму, што надта ўжо вялікім было жаданне духоўна самаўдасканаліцца. Але таму найперш, што вельмі хацелася даць дзецям рэлігійнае выхаванне. Так што ў пэўным сэнсе і дачок нашых, Ванды, Ядзі і Марты, у канчатковым нашым з Інаю навяртанні ёсць немалая заслуга. Так вось здараецца, што і дзеці, нават малыя зусім, на светапогляд і ўчынкі бацькоў міжволі ўплываюць. Ванду нашу, дарэчы, цяперашні пробашч парафіі ксёндз Адам Дынак яшчэ ў капліцы парафіі Маці Божай Салятынскай хрысціў.  

І.: А што да выбару канфесіі, дык і моўны складнік у немалой ступені істотна на яго паўплываў. Час нашага з Анатолем студэнцтва прыпаў на 90-я: перыяд нацыянальнага ўздыму, вяртання да каранёў, гістарычных сімвалаў, піетэту ў дачыненні да ўсяго свайго роднага, спаконвечнага. Не толькі для нас, але і для многіх, думаю, мова Касцёла — беларуская — шмат што ў асабістым выбары канфесійнай прыналежнасці вызначыла і па сённяшні дзень працягвае вызначаць. 

— Што для вас вера сёння? 

А.: Бачыце, Бог стварыў чалавека свабодным. Але ж і пытаннем вельмі няпростым разам з тым кожнага з нас азадачыў: як жыць? Развівацца, ісці наперад, адольваць новыя вяршыні ці, наадварот, дэградаваць? Жыць напоўніцу ці ліпець? Вера — гэта развіццё. Спасціжэнне новага. Імкненне да святла. А яшчэ — шанец для кампенсацыі страчаных магчымасцяў праз новыя веды, новыя варункі існавання, новы духоўны досвед. 

І.: Апроч таго, што Анатоль сказаў, вера — гэта яшчэ і цудоўная магчымасць вяртання да каранёў, выхавання дзяцей і лекавання душы чалавека на грунце Божых запаведзяў, праз далучэнне да сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцяў, да вечнага. 

— Вы — медыкі. У медыкаў жа, як вядома, праца ня­простая. Ці даводзіцца вам падчас нейкіх няштатных сітуацый звяртацца з просьбаю, малітваю да Бога?

А.: Канечне. І, паверце, часам ужо сам факт такога звароту да Бога дадае моцы, спадзеву на лепшае. 

— Дык няхай Ён вам заў­жды шчодра дапамагае. Плёну вам на прафесійнай ніве і ў выхаванні дзяцей. 

Размаўляў Францішак Дубраўскі.

Фота Кацярыны Папяленкі. 

 

Цэтлікі: Інтэрв’ю

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней