Цуд аздараўлення

Пахвалёны Езус Хрыстус! Сёння хачу падзяліцца цудам свайго аздараўлення з вялікай ласкі Езуса Хрыста праз заступніцтва Божай Маці і святых. Спадзяюся, што гэта сведчанне дасць многім надзею і ўпэўненасць у тым, што Пан Бог вельмі любіць сваіх дзяцей і чувае над кожным з нас.

У нейкі час я стала адчуваць сябе дрэнна. Пачаліся прыступы — сэрца нібы спынялася, балела ў баку, ногі станавіліся ватнымі, не хапала паветра. Ад усяго гэтага я ўпадала ў паніку. У страху я выбягала на вуліцу, каб глынуць свежага паветра, а там сэрца пачынала наадварот біцца так, што немагчыма было палічыць удары. Малілася і прасіла Бога, каб даў сілы даехаць з працы да дома. У чэрвені мне зрабілі ўльтрагукавое абследаванне, пасля чаго гінеколагі паставілі дыягназ: кіста правага яечніка. Аднак дактары сказалі, што прыступы з гэтым дыягназам не звязаны, таму лячэнне яны не назначылі, а кісту раілі выдаляць, бо яе вылечыць немагчыма. Я адмовілася ад аперацыі, бо ў душы была ўпэўненасць, што не трэба спяшацца, а проста маліцца і аддаць усё ў рукі Божыя.

Прыступы не спыняліся, наадварот, станавілася ўсё горш. Набліжалася урачыстасць Маці Божай Тракельскай. Мой сын збіраўся ў пешую пілігрымку — ад нас гэта 30 кіламетраў. Я прасіла, каб і дачка пайшла з ім у інтэнцыі майго здароўя. І сама я вельмі хацела ісці, аднак  з-за свайго фізічнага стану баялася гэта рабіць. Я вельмі рэагую на холад. Думала: раптам прастуджуся і яшчэ горш захварэю. Страх не даваў мне адкрыць сэрца на Божую ласку. Аднак у апошні момант усё змянілася. Калі я ўжо ведала, што мае дзеці пойдуць у пілігрымку, мне зрабілася сорамна. Я спыталася ў сябе: «Дзе твая вера?». Гаварыла сабе: «Са мной Езус, Марыя, мае дзеці, мы — адна сям’я! Чаго баяцца, калі Бог з намі?!». Як толькі я прыняла гэтыя словы ў сваё сэрца, страх адступіў і мы вырушылі ў Тракелі да Маці Божай. Увесь шлях я прайшла на адным дыханні, нібы мяне неслі анёлы. Я не адчувала ні болю, ні стомы, нават дождж спыніўся на час пілігрымкі. Ці ж гэта не цуд! 

Тое, што там перажываеш, ніякімі словамі нельга апі­саць. Столькі вернікаў, столькі моладзі яднаюцца ў малітве як адзіная Божая сям’я. А ноч! Якая гэта ноч! Усё перапоўнена радасцю і шчасцем! Здаецца, што зямля і неба яднаюцца ў адзі­ным гімне праслаўлення. Моладзь танчыць, спявае, смяецца, а сэрцы старэйшых людзей напаўняюцца гонарам за тое, што ў нас ёсць будучыня. У гэты дзень Дух Святы дзейнічае ў кожным сэрцы, выліваючы патокі сваёй любові. Цяжар, які ляжаў на сэрцы, раптам знікае. Марыя кожнага пяшчотна абдымае, кожнага выслухоўвае, бо Яна нашая Маці, нашая Заступніца...

Дамоў мы вярнуліся з такім супакоем і любоўю ў сэрцах, што кожнага хацелася абняць як свайго брата ці сястру. Было адчуванне, што ты дакрануўся да вялікага Святла, пабываў у Небе, дзе ўсё прапітана любоўю, пя­шчотай, Матчынай апекай, дзе ў адзіным гімне трыумфу аб’ядналіся вера, надзея, любоў.

Я веру, што кожны пілі­грым вярнуўся дамоў з пэўным дарам, які быў падрыхтаваны толькі для яго. Мой дар — гэта упэўненасць у тым, што ўсё будзе добра. У сваім сэрцы я адчула таксама натхненне маліцца «Таямніцу шчасця», дзе разважаецца пра 15 таямніцаў пакутаў Езуса Хрыста. Задумалася тады, што мы нячаста разважаем над ахвярай Хрыста, над Яго любоўю і мукаю. Нам прасцей не думаць пра гэта, бо цяжка спасцігнуць. Аднак такая духоўная практыка ад­крывае нашыя вочы і сэр­ца на разуменне вялікай місіі Збаўцы, дазваляючы хоць крыху быць падобнымі да Яго, не баяцца крыжа, а смела ісці наперад.  

У адзін з дзён мяне забрала «хуткая дапамога». Мяне па­клалі ў гінекалогію, дзе я прай­шла курс лячэння. Пры выпісцы з бальніцы дактары сказалі, што праз пэўны тэрмін трэба зноў пралячыцца. У шпіталь мяне ўжо не бралі, а ў паліклініцы мне выпісалі лекі, якія зусім не дапамаглі. Я малілася за ўсіх гэтых дактароў і вырашыла яшчэ больш даверыцца Божаму Провіду. Прыступы працягваліся. За маё здароўе малілася мая мама, дзеці, знаёмыя. Потым я трапіла на прыём да загадчыцы аддзялення, якая выпісала мне гарманальныя таблеткі і сказала, што іх трэба піць паўгода. Да гарманальных прэпаратаў у мяне адмоўнае стаўленне, але я вырашыла быць паслухмянай доктару і пайшла ў аптэку. Але мяне шакіравала цана гэтых таблетак: адна ўпакоўка каштавала 700 тысяч рублёў, а мне трэба 6 такіх упаковак! Гэта амаль тры маіх месячных заробкі! Прачытаўшы інструкцыю, яшчэ больш засмуцілася, бо ў супрацьпаказаннях адзначалася, што кіста можа пера­тварыцца ў злаякасную пухліну. Нічога сабе лек! — падумала я і сказала яму: «Не»! Пан Бог — мая абарона! Я вырашыла лепш ахвяраваць грошы на святыя Імшы ў інтэнцыі свайго здароўя. Была ўпэўненая, што калі і не буду аздароўлена, то абавязкова атрымаю ласку ўсё вытрываць. Такая ўпэўненасць і супакой сярод буры — гэта ласка, якую мне падаравала Маці Божая падчас пілігрымкі. Кожны з нас можа пачуць і адчуць у сваім сэрцы, у які бок яму ісці. Дух Святы нас накіроўвае...

Неўзабаве нашу сям’ю спа­сцігла яшчэ адно выпра­баванне — хвароба сына (залежнасць ад інтэрнэту). Праблема аказалася настолькі сур’ёзнай, што ён трапіў у шпіталь. Я забылася пра свае балячкі, трэба было ратаваць сына, а таксама і дачку, якая вельмі пакутавала з-за гэтага. Мы даўно ўжо жывём без бацькі і мужа (па маладосці не захавалі сям’ю). Гэта нанесла шмат ранаў, як дзецям, так і мне. Каб не Пан Бог, не ведаю, як бы мы усё гэта перажылі! Святая Імша, малітва на ружанцы, частая споведзь, размова са святаром — усё гэта надавала мне сілы. Раптам на святой Імшы пачула словы, якія адносіліся непасрэдна да мяне: «Не буду баяцца... Пан Бог — мой шчыт, мая абарона...». Менавіта гэтых словаў я і чакала. Адышоў страх, і я зноў усё даверыла Богу.   

Прыступы маёй хваробы працягваліся, і я вырашыла паказацца доктару ў іншым горадзе. 16 лістапада (свята Маці Божай Міласэрнасці) я павінна была зрабіць чарговае ўльтрагукавое абследаванне. Малілася не столькі аб ацаленні, колькі аб тым, каб прыняць волю Божую. Абследаванне паказала, што я абсалютна здаровая! Гэта было раптоўнае ацаленне! З таго моманту і па сённяшні дзень у мяне не было больш гэтых цяжкіх прыступаў. Слава Езусу Хрысту! Падзяка Найсвяцейшай Маці!

Мой сын пасля доўгага лячэння вярнуўся дамоў, паступова ён прыходзіць у норму. Адмовіўся ад інтэрнэту. Галоўнае — ён не пакінуў Бога. Працягвае маліцца і хадзіць на споведзь. Пачаў маліцца на ружанцы, і я бачу, як гэта надае яму сілы. Веру, што мой сын атрымае поўнае ацаленне, ён вельмі працуе над гэтым. Да таго ж, за яго моляцца добрыя людзі. А самае галоўнае — любячы і міласэрны Бог яго не пакіне!

Тэрэза, сястра ў Хрысце.

 

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней