Сакрамэнт намашчэння хворых

Кожны чалавек, напэўна, неаднойчы сутыкаўся з хваробай — або ўласнай, або каго-небудзь з блізкіх. І заўсёды ў такіх сітуацыях праяўляецца бязраднасць перад хваробай, якая часам заканчваецца смерцю. І вельмі важна, як чалавек адносіцца да сваёй хваробы, бо хвароба можа прывесці да адчаю і бунту супраць Бога, а можа, наадварот, умацаваць чалавека, яго веру і адносіны з Богам.

Езус Хрыстус неаднойчы казаў, што Ён прыйшоў не да здаровых, а да тых, хто мае патрэбу ў лекары. У Евангеллі мы чытаем шматлікія апісанні аздараўлення чалавека, але заўсёды ад чалавека патрабуецца вера. Хворыя імкнуліся дакрануцца да Хрыста, таму што ад Яго зыходзіла моц, якая ўсіх аздараўляла.

Таксама Езус заахвочвае сваіх вучняў цярпліва несці свой крыж. Менавіта наследуючы Хрыста, Ягоныя вучні па-новаму пачынаюць глядзець на хваробы і цярпенні. Святы апостал Якуб у сваім Пасланні піша: «Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпу­шчаны яму»(Як 5,14-15). Традыцыя Касцёла прызнала ў гэтым абрадзе адзін з сямі сакрамэнтаў Касцёла — сакрамэнт намашчэння хворых.

Адразу варта звярнуць увагу на назву гэтага сакрамэнту. Яшчэ зусім нядаўна, перад Другім Ватыканскім Саборам, гэты сакрамэнт называўся астатнім намашчэннем, таму што паводле літургічнай традыцыі ён удзяляўся асобам паміраючым. І падкрэсліваўся менавіта гэты аспект, але Касцёл таксама  моліцца і аб выздараўленні чалавека. Сакрамэнт намашчэння хворых — гэта не сакрамэнт памірання, а сакрамэнт аздараўлення, і пра гэта варта памятаць. Гэта азначае, што сакрамэнт нама­шчэння хворых можна і патрэбна ўдзяляць не тады, калі чалавек ужо памірае, а намнога раней. На жаль, даволі часта родным хворага чалавека вельмі цяжка прыняць тое, што дарагі для іх сэрца чалавек знаходзіцца ў небяспецы смерці. Яны жывуць надзеяй на яго фізічнае аздараўленне і вельмі часта не хочуць запрашаць святара, каб удзяліў намашчэнне хворых. Аднак кожны з нас мае абавязак дбаць пра тое, каб нашым блізкім быў своечасова ўдзелены сакрамэнт намашчэння хворых. Што  датычыць ужо паміраючага чалавека, то да яго Касцёл прыходзіць з дапамогай праз святую Камунію, якая ўдзяляецца ў якасці віятыка — святую Камунію на дарогу да вечнасці.

Намашчэнне ўдзяляецца праз памазанне хворых алеем і прамаўленне словаў, прадпісаных у літургічных кнігах. Сёння гэтыя словы гучаць наступным чынам: «Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога. Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і міласціва падтрымае. Амэн».

Звычайна алей для ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых асвячаецца біскупам падчас святой Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер, але можа здарыцца, што ў святара няма такога алею, тады святар можа асвяціць алей для намашчэння непасрэдна падчас цэлебрацыі сакрамэнту.

Намашчэнне трэба выконваць дакладна, прытрымліваючыся тых словаў, парадку і спосабу, якія прадпісаныя ў літургічных кнігах. Сёння літургічныя кнігі патрабуюць здзейсніць нама­шчэнне на ілбе і на руках хворага,  аднак здараюцца такія сітуацыі, калі гэта немагчыма зрабіць. У такім выпадку дастаткова намасціць толькі лоб або іншую частку цела, але заўсёды з прамаўленнем поўнай фармуліроўкі. Намашчэнне павінен выканаць распарадчык уласнай рукой (хіба што паважная прычына яго прымусіць скарыстацца нечым іншым).

Хто ж з’яўляецца распарадчыкам сакрамэнту намашчэння хворых? Дакументы Касцёла падкрэсліваюць, што намашчэнне хворых сапраўдным чынам удзяляе кожны святар, і толькі святар. На жаль, здараюцца сітуацыі, калі ў шпіталях ці іншых месцах, дзе знаходзяцца хворыя, свецкія прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій прыходзяць да хворых і намашчаюць іх алеямі, кажучы, што гэтыя алеі цудадзейныя, лекавыя, магчыма, прывезеныя са Святой Зямлі і г.д. І часта людзі лічаць, што намашчэнне такімі алеямі і з’яўляецца сакрамэнтам намашчэння. Трэба быць вельмі асцярожнымі з такімі практыкамі і ведаць, што і ў Каталіцкім Касцёле, і ў Праваслаўнай Царкве толькі святар мае права ўдзяляць сакрамэнт намашчэння хворых.

Яшчэ адно важнае пытанне. Каму ўдзяляць сакрамэнт намашчэння хворых? У нашых касцёлах у апошнія гады даволі моцна распаўсюдзілася практыка цэлебрацыі святой Імшы для хворых, і падчас яе ўдзяляецца сакрамэнт намашчэння. Гэта вельмі добрая і патрэбная практыка, толькі трэба заўсёды ўнікаць яе злоўжывання. Не можа кожны вернік падчас такой святой Імшы прыступаць да сакрамэнту намашчэння, думаючы, што, напэўна, гэта не зашко­дзіць, бо абсалютна здаровых лю­дзей няма. Існуюць канкрэтныя патрабаванні да кандыдата да сакрамэнту намашчэння — па-першае, сакрамэнт удзяляецца вернікам, якія дасягнулі сталасці розуму, г.зн., што ў практыцы лацінскага Касцёла не ўдзяляецца сакрамэнт намашчэння дзецям. Па-другое, сакрамэнт удзяляецца верніку, які апынуўся ў небяспецы смерці з-за хваробы або паважнага ўзросту. Гэта азначае, што хвароба сапраўды павінна быць сур’ёзная і з ёю можа быць звязана небяспека смерці — нельга прыступаць да сакрамэнту намашчэння хворых, калі ўсяго толькі баліць, напрыклад, галава ці зуб. Натуральна, што можна і патрэбна ўдзяляць сакрамэнт намашчэння перад аперацыяй. Патрабаванне сталага ўзросту таксама не з’яўляецца абавязковым, а залежыць ад сітуацыі і чалавека. Але мы павінны памятаць, што гэты сакрамэнт удзяляецца ў канкрэтных сітуацыях, і нельга занядбоўваць яго ўдзяленне, асабліва для людзей састарэлых і хворых, але таксама нельга злоўжываць ім. Трэба таксама ведаць, што гэты сакрамэнт можна паўтарыць, калі хворы, выздаравеўшы, зноў стане пакутаваць ад цяжкай хваробы або калі на працягу той самай хваробы небяспека стане больш пагрозліваю.

Існуюць таксама сітуацыі незразумелыя, калі невядома, ці чалавек яшчэ жывы, ці ўжо памёр, ці ён пры сваім розуме ці не — у такіх выпадках заўсёды трэба ўдзяліць гэты сакрамэнт. Але павінна быць упэўненасць у тым, што чалавек ахрышчаны — сакрамэнт намашчэння нельга ўдзяляць умоўна (як напрыклад, сакрамэнт хросту), таму вельмі важна клапаціцца, каб пры чалавеку заўсёды быў нейкі знак прыналежнасці да Хрыста — крыжык, медальён, абразік і г. д.

Асаблівую ролю ў дапамозе хворым маюць іх родныя або тыя, хто імі апякуецца. Менавіта гэтыя людзі ў першую чаргу павінны падтрымліваць сваіх блізкіх словамі веры і супольнай малітвай, а таксама далікатна рыхтаваць хворага чалавека да прыняцця сакрамэнту нама­шчэння хворых.

Ксёндз Дзмітрый Пухальскі

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней