Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў чарговы раз заахвочвае ўсіх да ўдзелу ў акцыі «Духоўнае ўсынаўленне», скіраванай на абарону зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Пачатак акцыі як індывідуальнага малітоўнага чыну адбудзецца ва ўсіх касцёлах Беларусі 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана.
Духоўнае ўсынаўленне — гэта шлюб (абяцанне, дадзенае Богу), сутнасцю якога з’яўляецца малітва канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ўратавання жыцця дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. Зместам «духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца штодзённая малітва, якая доўжыцца на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца малітва ва ўрачыстасць Звеставання Пана, а заканчваецца ва ўрачыстасць Божага Нараджэння.
«Усынаўленне» заключаецца ў штодзённым абавязку спецыяльнай малітвы за ненароджанае дзіця, імя якога ведае толькі Бог, малітвы адной з таямніцаў Ружанца, а таксама выкананне пэўных рэлігійных практык.
У тэалагічным значэнні шлюб — гэта абяцанне, дадзенае Богу, аб’ектам якога з’яўляецца найвышэйшае дабро. У выпадку «духоўнага ўсынаўлення» аб’ектам шлюбавання з’яўляецца малітва ў інтэнцыі ненароджанага дзіцяці і яго бацькоў. Гэтае абяцанне павінна адбывацца паводле свядомага і вольнага выбару таго, хто шлюбуе.
Абяцанне «духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца часовым, бо працягваецца 9 месяцаў (столькі часу, колькі дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці).
У «духоўным усынаўленні» можа ўдзельнічаць кожны, хто адчувае сябе здольным выканаць абяцанне, дадзенае Богу: гэта людзі старэйшага ўзросту, хворыя, цярпенні якіх прыносяць духоўны плён.
Да гэтай малітвы мы заахвочваем таксама моладзь і ўсіх дарослых. Калі маладыя людзі прымаюць на сябе абавязак малітвы за ненароджаных дзяцей, можна спадзявацца, што яны не дапусцяць смерці ўласнага зачатага дзіцяці.
Заахвочваем усіх прыняць на сябе абавязак малітвы ў інтэнцыі зачатага жыцця, якому пагражае аборт.
Айцец Пётр Фраштэнга,
сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ.