Што мы павінны адзін аднаму?

Гэтую нашу сустрэчу на старонках часопіса я прапаную пачаць з роздуму, і для гэтага вам спатрэбіцца асадка і лісток паперы. Справа ў тым, што ў мяне да вас ёсць вельмі важнае пытанне, якое мне падказала нядаўняя сустрэча з адною маладою параю, якая збіралася ўзяць шлюб. Гэта вельмі сімпатычныя маладыя людзі, якім крыху за дваццаць. Амаль увесь час нашай гутаркі яны трымаліся за рукі і выглядалі вельмі натхнёна. Аднак у той жа вечар абое перазванілі мне паасобку, тайком ад будучага сужэнца, і папрасілі аб індывідуальнай сустрэчы. Праз некалькі дзён выявілася, што яны прыходзілі па адно і тое ж: яна хацела даведацца (у мяне!), ці сапраўды ён яе любіць, ці проста закаханы; ён жа хацеў спытаць (зноў жа ў мяне!), ці сур’ёзныя пачуцці яна мае да яго.


Пытанне я ім задала адно і тое ж: чаму для цябе гэта так важна ведаць? Абое паглядзелі на мяне, як на вар’ятку: зразумела, для таго, каб ведаць, ці атрымаецца ў іх добрая, шчаслівая сям’я. Мне стала сумна ад думкі пра тое, як шмат людзей лічыць, нібыта сям’я — гэта тое, што атрымліваецца, а не тое, што будуецца штодзённаю працаю... Вось і нарадзілася ў мяне пытанне да вас.

Што такое, на вашу думку, шчаслівая сям’я? Толькі не адмахвайцеся адразу і, перш чым чытаць далей, пачніце запісваць свой адказ са словаў:

«Сям’я — гэта такі тып адносінаў (!), дзе кожны адчувае сябе...; дзе кожны ведае, што...; дзе кожны можа...»

Паспрабуйце адказаць без лішняга пафасу і не фармальна, а сур’ёзна, навошта двум дарослым, сучасным, самастойным, цэльным і, галоўнае, паспяховым шчаслівым людзям сёння, у ХХІ стагоддзі, трэба жаніцца ці выходзіць замуж?

У наш час не так ужо і цяжка пракарміць сябе, свет прапануе мноства спосабаў цікава і весела праводзіць час. Гэта і падарожжы, і магчымасць актыўна бавіцца ў клубах, рэстаранах, выязджаць з сябрамі за горад, бясконца балбатаць па тэлефоне, знаёміцца з вялізнай колькасцю цікавых людзей у Інтэрнэце. Для сучаснага чалавека адкрытыя забаўляльныя магчымасці тэлебачання, кіно, тэатраў, канцэртаў, выставаў, спартыўных шоў, прэсы. А куплянне адзення, магчымасць ствараць інтэр’ер свайго жылля, мяняць аўтамабілі, выязджаць на паляванне і рыбалку, «гуляць» у бізнэс і кар’еру...

Дык навошта дарослым актыўным і задаволеным жыццём людзям патрэбна сужэнства? Хтосьці скажа, што дзеля прадаўжэння роду, але не будзем наіўнымі: у сучасным свеце для нараджэння і выхавання дзіцяці няма побытавай неабходнасці жыць разам, вялізная колькасць разбітых параў мае агульных дзяцей і не жыве пры гэтым пад адным дахам. Каханне? Але хіба гэта сакрэт, што для таго, каб атрымаць увагу, клопат і нават сексуальнае задавальненне, сёння зусім няма патрэбы ўступаць у шлюб? Дык што падштурхоўвае ўсё новыя і новыя пары так рызыкаваць, заключаючы шлюб і даючы адно аднаму абяцанне перад Богам і людзьмі? Навошта сучаснаму чалавеку патрэбна сям’я?

Шчыра кажучы, напрошваецца такі адказ: каб разам жыць стала лягчэй і лепш, чым паасобку. Гаворачы «лягчэй і лепш», я маю на ўвазе не толькі знешнія цялесна-побытавыя даброты, але і даброты ўнутраныя, душэўныя, псіхалагічныя. А гэта значыць, каб удваіх было не так страшна, адзінока, сумна, як паасобку, каб было чыстае сумленне, каб лягчэй было ўзнімаць вочы да Бога. Думка простая, але не банальная.

Толькі ўдумайцеся, а для чаго чалавеку патрэбна сям’я, у якой яму складаней і горш жыць, чым сам-насам, калі ў сям’і яму страшней, больш балюча і крыўдна, больш сумна, чым аднаму? А калі сямейнае жыццё штурхае яго на грэх супраць Бога і ўласнага сумлення?

Такія сем’і ў псіхалогіі называюцца дысфункцыянальнымі, г. зн. тымі, што не выконваюць сваіх функцый, свайго прызначэння.

Сям’я можа не выконваць сваіх функцый у дачыненні да сужэнцаў і ў дачыненні да дзяцей. Але для чаго менавіта і каму патрэбная сям’я, большасць людзей уяўляе вельмі цьмяна. Давайце паспрабуем разабрацца ў гэтым больш падрабязна і пачнем з сужэнскіх адносінаў, таму што менавіта гэтыя двое вырашылі калісьці жыць разам, вырашылі стварыць сваю сям’ю дабравольна і, трэба спадзявацца, свядома.

Для таго, каб зразумець, што нам павінны іншыя людзі, трэба як мінімум разабрацца, па-першае, з тым, што нам патрэбна, а што не, і, па-другое, з тым, што мы павінны самі сабе.

З самага нараджэння чалавек мае пэўныя натуральныя патрэбы — гэта тое, без чаго мы не можам абыходзіцца. Крыху пазней у нас пачынаюць фармавацца жаданні — гэта тое, без чаго мы жыць, безумоўна, можам, але не так ярка і прыемна, як хацелася б. Але праблема малога дзіцяці заключаецца ў тым, што ні патрэбаў, ні жаданняў сваіх яно само задаволіць не можа, і таму яму неабходныя любоў і клопат дарослых. Аднак час бяжыць, чалавечак расце, адкрывае свет і яго магчымасці, а гэта вядзе да таго, што і жаданні яго ўзрастаюць, становяцца больш маштабнымі і працаёмкімі для выканання.

Да некаторай ступені ўвесь гэты клопат — даць нам тое, чаго мы жадаем, — кладзецца на плечы нашых бацькоў, але не варта забывацца, што і само дзіця падрастае і ўжо можа задаволіць хаця б некаторыя свае патрэбы і жаданні: спачатку можа падпаўзці туды, куды яму трэба, потым узяць цацку, паднесці лыжку да рота, схадзіць у туалет, апрануцца. Крыху пазней яно можа само выбраць сабе адзенне па сезоне і па модзе, прыгатаваць штосьці «перакусіць», памыцца ў спёку, заняць сябе на вечар, выклікаць урача і прыняць таблеткі.

Але ўсё гэта стане магчымым толькі ў тым выпадку, калі бацькі (будзьце ўважлівыя!), па-першае, прызнавалі права дзіцяці на патрэбы і лічылі нармальным тое, што іх дзіця мае шмат жаданняў, а па-другое, паступова, не пераацэньваючы, але і не змяншаючы яго магчымасцяў, вучылі дзіця быць актыўным і задавольваць свае патрэбы самастойна.

У выніку гадоў у дваццаць усе здаровыя дарослыя людзі ў стане (незалежна ад таго, ведаюць яны пра гэта ці не) задавольваць свае асноўныя патрэбы самастойна. І больш за тое, мы абавязаны гэта рабіць для сябе.

Коратка паўтару: кожны дарослы чалавек, незалежна ад таго, адзін ён жыве ці ў шлюбе, абавязаны сам клапаціцца пра хлеб надзённы і дах над галавою для сябе, думаць пра стан свайго здароўя, а гэта значыць своечасова харчавацца, апранацца па надвор’і, клапаціцца пра сваю гігіену і лячыцца пры неабходнасці, дбаць пра сваю душу і свае адносіны з Богам.

Гэта ўласна і ёсць адказнасць перад Богам за давераны нам біблейскі «талент» — нашае жыццё. І гэта тое, што кожны з нас павінен сам сабе ад заканчэння дзяцінства і да канца жыцця, прынамсі, зямнога. А цяпер нязвыклае пытанне: ці страчвае дарослы чалавек усе гэтыя абавязкі перад сабою і перад Богам, уступаючы ў шлюб? І ці становімся мы дзецьмі сваім сужэнцам, дзецьмі, якія зноў не могуць клапаціцца пра задавальненне ўласных патрэбаў, ускладаючы іх на зноў набытых «татку» і «мамку», крыўдуючы і капрызнічаючы ў выпадку адмовы?

Спытайце ў сваіх родных пра тое, што такое, на іх думку, шчаслівая сям’я, толькі кожнага, а не выбарачна.

А пра тое, што насамрэч сужэнцы павінны адно аднаму, пагутарым у наступным артыкуле.


Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria», № 9 (186), 2010 г.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней