Урокі гісторыі

Еўропу скалыхнуў чарговы этычна-сацыяльны крызіс: хто б мог уявіць, што ў Польшчы, якая так ганарыцца сваімі глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі, жанчыны пойдуць шматтысячнымі маршамі ў абарону свайго права на аборты…


Я не стану ў чарговы раз паўтараць відавочныя хрысціянскія праўды і адразу скажу, што не ўхваляю абортаў, бо не магу ўхваляць забойства. Але міжволі паўстае пытанне, ці эфектыўна змагацца з грахом, у прыватнасці такім, як аборт, забаронамі на ўзроўні дзяржаўнага заканадаўства? Ці можна некага сілаю змусіць быць хрысціянінам і якімі будуць наступствы гэтага для самога хрысціянства?

Урокі гісторыі жорсткія. У грамадстве, якое іх дрэнна вывучвае, адны і тыя ж памылкі паўтараюцца раз за разам, цягнучы за сабою адны і тыя ж наступствы. Падзеі, што адбываюцца ў Польшчы, нагадалі мне Іспанію другой паловы ХХ стагоддзя. Рэжыма генералісімуса Франка няма ўжо 50 гадоў, але дагэтуль многія з горыччу ўзгадваюць франкісцкі Касцёл, які стаў слугою рэжыму. Паводле апытанняў, хоць католікамі лічаць сябе каля 80% іспанцаў, касцёл рэгулярна наведваюць менш за 30%, і многія выказваюцца пра каталіцтва рэзка негатыўна, моцна звязваючы яго з франкізмам.

Атрымаўшы ў 1939 г. уладу, Франка выбраў для сябе шлях жорсткага аўтарытарызму, зрабіўшы мясцовы Касцёл сваім інструментам. Усё, што не суадносілася з ідэалогіяй дзяржавы (якая прапаведавала нібыта хрысціянскі традыцыяналізм), жорстка падаўлялася і забаранялася. Я чула ад пажылых іспанцаў, што, напрыклад, для супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў удзел у нядзельнай Імшы не проста быў абавязковым — аб «прагулах» паведамлялі на працу, і гэта пагражала звальненнем. Аборты, незалежна ад матываў, былі, вядома ж, забароненыя, а жанчынам і дактарам за гэта пагражала нават зняволенне. Аднак вельмі вядомая рэалія часоў Франка — так званыя «французскія выходныя». Гэтымі «кодавымі словамі» жанчыны называлі аднадзённае падарожжа ў Францыю з мэтаю зрабіць аборт... Рэжым Франка называў сябе хрысціянскім, але не надта клапаціўся пра фармаванне хрысціянскага сумлення ў сваіх грамадзянаў, бо чалавек з моцным сумленнем, уменнем думаць і цвёрдымі хрысціянскімі прынцыпамі не патрэбны дзяржаве — такім чалавекам нашмат цяжэй кіраваць. Таму шмат сумленных святароў, якія не сталі супрацоўнічаць з рэжымам, апынулася ў апазіцыі, так што (абсурд!) нават святая Імша, якую яны служылі, лічылася нядзейснаю… У часы «традыцыйна хрысціянскага» франкісцкага рэжыму хрысціяне — тыя, для каго на першым месцы застаўся Хрыстус, а не генералісімус Франка, — пацярпелі не менш за іншых, а можа і больш…

Рускі рэлігійны філосаф Мікалай Бярдзяеў у эсэ «Іспанская трагедыя перад судом хрысціянскага сумлення», напісаным у 1939 г., разважаў: «Востра ставіцца ў нашы часы пытанне пра адносіны хрысціянства да дзяржавы і палітыкі. І занадта шмат хрысціянаў прыходзіць да лёгкага і спрошчанага рашэння, якое з’яўляецца згубным для хрысціянства і ад якога больш за ўсё неабходна перасцера гаць: хрысціянам прапаноўваюць выступаць за тую дзяржаву, якая будзе абараняць Касцёл, апекавацца ім і ставіць яго ў прывілеяванае становішча, яны мусяць выступаць за такую палітычную партыю, якая на сваім штандары выстаўляе Касцёл і абяцае людзям касцёльным розныя выгоды. На гэта неабходна сказаць: хрысціяне ніколі не павінны выступаць за тую дзяржаву, якая жадае ператварыць Касцёл у свой паслухмяны інструмент, ніколі не павінны стаяць за тыя партыі, якія жадаюць выкарыстаць на сваю карысць касцёльныя сілы. Гэта нявольніцтва для Касцёла, пагібель для хрысціянства ў свеце. Падобная таталітарная дзяржава — гэта чума для хрысціянства, хаця яна можа быць выгаднаю для князёў Касцёла. Дзяржава, якая сімвалічна абвяшчае сябе хрысціянскаю, тэакратычнаю дзяржаваю — гэта найгоршая, найбольш шкодная для лёсу хрысціянства дзяржава. <…> Хрысціяне павінны станавіцца не ў абарону тых сілаў і рухаў, якія называюць сябе “хрысціянскімі”, гэта мае ўсяго толькі моўнае вызначэнне, а ў абарону тых сілаў і плыняў, якія сапраўды абараняюць духоўныя і чалавечыя каштоўнасці — праўду, свабоду, справядлівасць, міласэрнасць; хрысціяне мусяць іх вызнаваць хрысціянскімі. Гэта азначае, што Касцёл мусіць разрываць любую сувязь з сацыяльнымі сіламі, прасякнутымі прагаю панавання і ўлады, якія прыгнечваюць і абараняюць несправядлівасць. Касцёл не можа прапаноўваць свае паслугі тым, хто змагаецца за свае класавыя выгоды і прывілеі».

Безумоўна, хрысціяне апрыёры не могуць не выступаць супраць абортаў, але для хрысціянства сродкі дасягнення мэты мусяць быць не менш важнымі за саму мэту. Праблема абортаў насамрэч мае шэраг іншых складаных пытанняў. Думаецца, што многія з тых жанчын, якія выйшлі на вуліцы, зрабілі гэта найперш для таго, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў, што часта штурхаюць на аборт: гэта слабая сацыяльная абароненасць, сямейны гвалт, малая падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей інвалідаў, недастатковыя магчымасці рэабілітацыі і г.д. Ахвярам гэтых праблемаў таксама патрэбная дапамога, не менш, чым ненароджаным дзецям. Яны гэтаксама часта аказваюцца безабароннымі перад светам. Усіх, хто выйшаў на вуліцы Варшавы і іншых гарадоў, каб выказаць свой пратэст, неабходна выслухаць, з імі неабходна размаўляць, прычым размаўляць нават не з пазіцый запаведзяў і хрысціянскіх традыцый (бо для многіх гэта будзе, на жаль, пустым гукам), а з пазіцый чалавечнасці, міласэрнасці і спачування, як рабіў Хрыстус, прыходзячы да грэшнікаў, — да кожнага з нас. Адзіны хрысціянскі шлях — не забараняць, а пераконваць, не зачыняць дзверы, гэтым змушаючы некага выходзіць у акно, а паказваць лепшае выйсце.


Юлія Шэдзько
Ілюстрацыя: Барталамэ Бермехо. «Трыумф святога Міхала над д’яблам», 1468 г. (фрагмент).

 

 

Цэтлікі: Меркаванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней