Ян Павел ІІ. З «Паслання да сем’яў»

Божы закон адносна людскога жыцця адназначны і катэгарычны. Бог забараняе: «Не забівай» (гл. Зых 20, 13). Таму ніводзін заканадаўца не можа сказаць: «Табе можна забіваць, ты маеш права забіваць або нават павінен забіваць».


На жаль, у наш час такое адхіленне стала рэальнасцю. Дэмакратычным шляхам да ўлады прыходзяць палітычныя сілы, якія прымаюць пастановы, спрэчныя з правам на жыццё, якое мае кожны без выключэння чалавек. І робіцца гэта ў імя памылковых перакананняў, напрыклад, эўгенічных, этнічных альбо нейкіх іншых. Не менш небяспечная з’ява таксама заканадаўствы, якія не ўлічваюць права на жыццё чалавека з хвіліны зачацця. На жаль, ім спадарожнічае шырокі дазвол і згода грамадскай думкі. Як жа можна маральна прымаць законы, што дазваляюць забіваць зачатага чалавека, які ўжо жыве ва ўлонні маці? Такім чынам атрымліваецца, што права на жыццё маюць толькі дарослыя людзі, якія могуць таксама ў парламентах праводзіць свае планы і рэалізоўваць уласныя інтарэсы. Ненароджаныя людзі права на жыццё не маюць.

Мы ўсе стаім перад агромністаю пагрозаю не толькі асобнаму людскому жыццю, але ўсёй нашай цывілізацыі. Сцвярджэнне, што гэта цывілізацыя ў пэўным сэнсе сталася «цывілізацыяй смерці» знаходзіць тут сваё асаблівае абгрунтаванне. І ці ж не застаецца прарочым той факт, што звеставанне нараджэння Хрыста ішло поруч з пагрозаю Яго жыццю? Так, Ягонае жыццё ад пачатку было пад пагрозаю. Гэта была пагроза для нованароджанага Дзіцяці, для Сына чалавечага, які адначасова быў Божым Сынам...


Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько
Паводле: Jan Paweł II. Projekt życia. Wybór listów. Wydawnictwo Znak. — Kraków, 2006.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней