Тры «кіты» выхавання

Кожны выхаваўчы працэс заўсёды грунтуецца на трох непарушных асновах. Калі адна з гэтых асноваў будзе парушана, то і ўся сістэма выхавання парушаецца, і ўвогуле можа быць зруйнаванаю — так лічыць Аляксандр Вялічка — дырэктар сацыяльна-асветніцкай установы «Айцоўства», старшыня праўлення «Рады ба́цькаў» г. Мінска.


Асабісты прыклад

Яшчэ Антон Макаранка сказаў, што асабісты прыклад — гэта не галоўны спосаб выхавання дзяцей, а адзіны. Аднак я не ва ўсім згаджуся з вялікім педагогам. Справа ў тым, што ў працэсе выхавання ёсць яшчэ дзве вялікія асновы. Першая аснова — гэта, бясспрэчна, асабісты прыклад, які мае дамінантны характар. Другая — гэта адабрэнне, а трэцяя — дысцыплінаванне, або пакаранне.

Спачатку пагаворым пра асабісты прыклад. Нашыя дзеці вельмі рэдка прыслухоўваюцца да тых словаў, якія мы да іх прамаўляем. Як сказаў Жванецкі, колькі сына ні вучы правільным рэчам, ён усё роўна вырасце такім, як ты. Нам вельмі важна разумець, што для дзяцей больш істотна бачыць, як мы паводзім сябе ў тых ці іншых сітуацыях, чым чуць ад нас, як правільна сябе паводзіць. І менавіта таму дзеці будуць капіраваць мадэлі нашых паводзінаў: адносіны з жонкаю, шляхі вырашэнне праблемаў. Напрыклад, калі мы ўцякаем, хаваемся, не заўважаем праблемаў, то і яны будуць рабіць гэтак жа.

Дзеці маюць патрэбу ў вельмі добрым, яркім, пазітыўным прыкладзе, але нават калі мы з вамі не з’яўляемся гэтым пазітыўным прыкладам, дзеці будуць капіраваць тое, што ўласціва нам. Тут нам як ба́ цькам перад тым як брацца за дзягу, каб пачаць працэс дысцыплінавання, або карэкцыі, неабходна паглядзець у люстэрка і ўбачыць магчымыя праблемы, якія мы правакуем. Дзесьці гэта нашая мадэль паводзінаў. Уявіце сабе вельмі простую сітуацыю. Дзіця, якое робіць гэтак жа, як і вы, у пэўны час атрымлівае за гэта пакаранне, і ў яго галаве ўзнікае дысананс: чаму тату гэта можна і гэта нармальна ўспрымаецца ў сям’і, а яму нельга? У такім выпадку мы дасягаем адваротнага выніку. Нам вельмі важна ўбачыць, што некаторыя рэчы, за якія мы караем дзяцей, для нас ужо даўно звыклыя і нарматыўныя. Нядаўна я быў у адной сям’і, дзе бацька зрабіў строгую заўвагу дзіцяці, калі яно ўстала з-за стала пасля абеду, не падзякаваўшы маці. Але праз некаторы час тата сам устаў з-за стала і таксама гэтага не зрабіў. Нам вельмі важна ўбачыць, што нейкія рэчы мы самі робім няправільна, але дзяцей мы за гэта чамусьці караем.

У першую чаргу неабходна змяняць свае адносіны, свой падыход, сваю мадэль паводзінаў, і толькі пасля гэтага казаць дзецям, што правільна, а што не.

Адабрэнне

Другой асновай пасля асабістага прыкладу ў выхаванні з’яўляецца адабрэнне. Мы з вамі вельмі моцна, прынамсі ў нашай культуры, сканцэнтраваліся на рэактыўнай дысцыпліне. Мы настолькі прывыклі рэагаваць на негатыў, што дзеці таксама выпрацавалі ўласныя адносіны да таго, што калі ты хочаш прыцягнуць увагу таты, трэба абавязкова зрабіць нешта дрэннае. Мы ў большай ступені рэагуем на негатыўныя ўчынкі, і гэта прывяло да пэўнага дысбалансу. Проста задумайцеся: калі мы толькі караем дзяцей, калі мы выключылі з выхавання адабрэнне, мы тым самым правакуем іх на парушэнне правілаў. Прасцей кажучы, калі мы толькі караем, то мы не дапамагаем дзецям выправіцца, а штурхаем іх да большых праблемаў.

Калі мы хочам, каб нашыя дзеці былі цэльнымі, сталымі асобамі, нам неабходна падтрымліваць іх адабрэннем. Яно не павінна быць заўсёдным, яно не можа займаць усю прастору выхавання, але яно абавязкова павінна быць. Таму, калі тваё дзіця зрабіла нешта добрае, няважна, гэта нешта значнае або дробязь, неабходна, па-першае, гэта заўважыць — быць уважлівым, назіраць за сваім дзіцем. А па-другое, трэба падтрымліваць яго, сказаць нешта добрае: «Ты малайчына!», «Ты змог!», «Ого, як у цябе гэта цудоўна атрымалася!» Дзеці вельмі любяць, калі іх хваляць, бо гэта падымае самаацэнку. Больш за тое, калі мы падтрымліваем нашых дзяцей за добры ўчынак, мы замацоўваем у іх разуменне таго, што добрыя ўчынкі будуць мець пазітыўныя вынікі. У адваротным выпадку, калі мы гэтага не робім, то і гэтага маркера таксама няма. Дзіця думае, што калі яно зрабіла нешта дрэннае, то яму абавязкова «дастанецца», а калі зрабіла нешта добрае, то, хутчэй за ўсё, бацькі гэтага проста не заўважаць.

Пакаранне

Трэцяя аснова выхавання — гэта... пакаранне, і сёння мы, на жаль, выкарыстоўваем практычна толькі яго. Калі людзі кажуць пра выхаванне, імгненна згадваецца дзяга. Дзяга, на мой погляд, як прадмет дысцыплінавання, або карэкцыі, з’яўляецца апошнім сродкам. Калі мы не змаглі сваім асабістым прыкладам данесці да дзіцяці правільную мадэль паводзінаў, калі мы няздольныя падтрымаць яго, калі ў дзіцяці ўжо склаўся пэўны негатыўны стыль паводзінаў, то нам, безумоўна, неабходна рэагаваць. Калі мы будзем пакідаць без пакарання пэўныя ўчынкі, то замацуецца і ўсведамленне беспакаранасці.

Сучаснае ліберальнае грамадства, на мой погляд, імкнецца схіліць нас менавіта ў гэты бок. <…>

Калі мы кажам пра пакаранне, мы не кажам пра тое, каб збіваць дзіця, падаўляць і г.д. Мы кажам пра карэкцыю. Любая карэкцыя, магчыма, будзе прыносіць нейкі дыскамфорт, але пакаранне за нядобры ўчынак замацоўвае ўсведамленне адказнасці: дзіця разумее, што любы нядобры, амаральны або злачынны ўчынак абавязкова будзе пакараны. Калі мы пазбягаем гэтага і думаем, што «беднае дзіця» ў слязах не перажыве пакарання, нават калі яно нешта скрала ў краме, і яму нешта трэба тлумачыць, нешта расказваць, то мы замацоўваем усведамленне беспакаранасці. Дзіця паступова прывыкае да гэтага, а калі вырастае, уваходзіць у вялікі свет, у якім няма сістэмы беспакаранасці. <…>

Сябры, карэкцыя, дысцыплінаванне — гэта неабходная частка ў выхаванні, але памятайце, што яна не самая галоўная — гэта апошняя, крайняя мера выхавання.


Падрыхтавала Вольга Адамовіч

Паводле відэа-лекцый на youtube-канале «Александр Величко»
Больш даведацца пра САУ «Айцоўства»
можна на сайце otcovstvo.by

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней