Калі разважаць пра тое, чаго больш за ўсё баіцца сучасная сям’я, то можна здзівіцца, але атрымліваецца, што сям’я больш за ўсё баіцца… дзяцей. Бацькі баяцца, што не справяцца, не змогуць даць дзецям усё, што ім патрэбна, што ніхто іх не падтрымае, што давядзецца забыцца пра ўласнае асабістае жыццё назаўжды. Але ўсё не так страшна. Сёння разам з праектам сацыяльнай падтрымкі для жанчын «Ты не адна» мы падзелімся з вамі досведам шматдзетных беларускіх сем’яў і развянчаем некалькі міфаў пра тое, як цяжка мець шмат дзяцей у сям’і.
Міф: «Адно дзіця — адна праблема, а чацвёра — ужо чатыры праблемы…»
Насамрэч, цяжкасці не звальваюцца на бацькоў усе адразу, без перапынку. Выпрабаванні звычайна ўзнікаюць разам з тым, як дзіця расце, і калі ў вас не нарадзіліся трайняты, то са з’яўленнем кожнага наступнага дзіцяці вы становіцеся ўсё больш дасведчанымі ў вырашэнні розных бытавых і выхаваўчых пытанняў. А яшчэ часта аказваецца, што некаторыя рэчы, якія да нараджэння дзяцей уяўляліся невырашальнаю праблемаю, насамрэч ёю не з’яўляюцца.
Міф: «Я не паспею удзяліць усім дзецям дастаткова ўвагі!»
Праблема ў тым, што нямногія бацькі ўмеюць удзяляць увагу сваім дзецям. Недастаткова знаходзіцца з малымі ў адным пакоі, займаючыся сваімі справамі. Дзіцяці неабходна, каб кожны дзень на нейкі час бацькі былі засяроджаныя выключна на ім: размаўлялі, абдымалі. Гэта дае дзецям упэўненасць, што бацькі іх любяць і заўжды знойдуць для іх час, і малыя перастаюць капрызіць, калі бацькі занятыя нечым іншым. Знайдзіце супольны занятак або гульню, калі вы будзеце праводзіць час разам. Можна нават разам прыбіраць кватэру або хадзіць у краму — гэта таксама бывае весела! Шматдзетныя бацькі адзначаюць, што чым больш дзяцей, тым часцей самі яны не могуць дачакацца ўвагі сыноў і дачок, бо тыя цудоўна ўмеюць сябе заняць, а бацькам застаецца больш вольнага часу, каб пабыць разам і нават зрабіць сабе рамантычнае спатканне.
Міф: «Немагчыма за ўсімі дагледзець, а яшчэ ёсць і праца, і хатнія абавязкі!»
Па-першае, дзеці, падрастаючы, самі вельмі добра вучацца даглядаць адзін аднаго. Як кажуць шматдзетныя мамы, цяжка, толькі пакуль старэйшае дзіця малое. Калі выхоўваць дзяцей як раўнапраўных членаў сям’і, яны хутка вучацца, па магчымасці, дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Па-другое, не варта моцна перажываць з-за дробязяў накшталт мокрых шкарпэтак пасля шпацыру або раскіданых па ўсёй кватэры цацак, калі гэта прынесла радасць вашым дзецям. У вясёлым настроі і прыбіраць за сабою лёгка, і хваробы не чапляюцца.
Міф: «Я аднаго не магу прымусіць паесці, што ж будзе, калі іх шмат?»
Усё проста — не трэба прымушаць. Не трэба пужацца, што дзіця «памрэ з голаду», гэтага адназначна не будзе. Няхай паесць тады, калі захоча (што не азначае, вядома ж, замены кашы на шакаладку). Дзіўнай можа здавацца забарона на даяданне, але гэта правільны прынцып, які дапаможа дзіцяці выбудаваць правільныя харчовыя паводзіны: арганізм адчувае, калі больш не мае патрэбы ў сілкаванні. Гэтак жа варта ўвесці ў сям’і правіла «паспрабуй новую страву, і калі не спадабаецца, можаш не есці». Не сакрэт, што адчуванне смаку ў дзяцей і дарослых рознае, і калі нешта падабаецца маме і тату, неабавязкова гэта будзе даспадобы дзіцяці. Так многія дзеці, напрыклад, не выносяць масліны або спецыі ў стравах. Таму калі, паспрабаваўшы новую страву, дзіця крывіцца, не прымушайце яго есці. Упадабанні ў ежы, дарэчы, могуць стаць добрым стымулам, каб дзіця вучылася гатаваць самастойна.
Міф: «З дзецьмі нікуды не пойдзеш, давядзецца ўвесь час сядзець дома!»
З дзецьмі без праблемаў можна пайсці і ў кавярню, і ў тэатр, і ў кіно, і на выставу. Варта толькі загадзя паклапаціцца, каб усім было зручна. Напрыклад, калі вы прыйшлі ў кавярню з немаўлём, варта адразу даведацца ў адміністратара, дзе можна пераапрануць і пакарміць груддзю дзіця, калі гэта спатрэбіцца. Як сведчаць актыўныя мамы, яны вельмі рэдка сустракаюцца ў грамадскіх месцах з неразуменнем, у асноўным усе гатовыя дапамагчы. Напрыклад, часта самі супрацоўнікі прапану юць дзецям алоўкі і паперу, каб памаляваць, або настольную гульню. У тэатры або кінатэатры варта займаць месцы з краю, бо, калі дзіця заплача або стоміцца, можна выйсці з залы, нікому не перашкаджаючы.
Вельмі добра бавіць час з дзецьмі ў музеях. Можна прыдумаць для іх розныя заданні: знайсці партрэты або скульптуры, апісаць, што намалявана на карціне, прыдумаць пра гэта гісторыю, самім намаляваць экспанат, які вельмі спадабаўся. Галоўнае — растлумачыць дзецям правілы паводзінаў у грамадскіх месцах і не баяцца таго, што ўпершыню можа атрымацца не ўсё. Правільна сябе паводзіць таксама трэба вучыцца, а як жа вучыцца без практыкі?
Так, выхаванне дзяцей — гэта вялікая адказнасць, і варта падыходзіць да планавання сям’і ўсвядомлена, разумеючы ўласную адказнасць за ўсіх яе членаў. Баяцца за дзяцей і іх будучыню — гэта натуральна, аднак памятайце, што для дзяцей неістотныя многія рэчы, важныя для дарослых: які рамонт будзе ў доме, якой фірмы адзенне насіць і г. д. Так, мы заўжды хочам, каб у дзіцяці было самае лепшае, але найлепшае для дзіцяці — гэта шчаслівыя бацькі і любоў у сям’і. Дзіця хутчэй узгадае, як маці абдымала яго перад сном, а тата чытаў казку, чым цацкі, якія яму дарылі. Калі сужэнцы баяцца нараджаць дзяцей, за гэтым страхам можа стаяць нешта іншае: магчыма, яны недастаткова давяраюць адно аднаму або сабе самім, недастаткова пасталелі, і тады варта папрацаваць найперш над сваімі сужэнскімі адносінамі, бо любыя цяжкасці нашмат лягчэй пераадольваць разам.
Юлія Шэдзько
Аб праекце «Ты не адна» (Мінск)
можна больш даведацца на сайце www.sos-villages.by
і на старонках Facebook @HereUnotAlone
vk.com/hereunotalone
Instagram @UNAminsk