Кожнай сям’і патрэбны мужчына і бацька

На жаль, сёння ў нашым грамадстве моднае меркаванне, што жанчына сама можа выхаваць дзіця, у той час як мужчына можа заставацца дзесьці збоку. Мне часта даводзіцца назіраць, як для некаторых жанчынаў галоўная мэта — гэта нарадзіць і самой выхаваць дзіця, а тое, ці будзе выбраны мужчына для яе добрым мужам, а для дзіцяці адпаведным бацькам, для іх другасна.


Жанчыны бачаць, што мужчыны часам не адпавядаюць іх патрабаванням, ім не хапае «мужчынскасці» і гаспадарлівасці, таму вырашаюць, што лепш чым мучацца з такім чалавекам, спраўляцца самой. У сувязі з гэтым становіцца актуальнаю тэма пра месца мужчыны ў сям’і і выхаванні дзіцяці.

Сітуацыі, калі жанчына адна выхоўвае дзіця, часам вельмі трагічныя, але яшчэ горшыя выпадкі, калі жанчына гаворыць: «Я спраўлюся сама, а мужчына для мяне толькі абуза і праблема». Аднак ёсць моманты, з якімі жанчына сама справіцца не можа. Псіхолагі сцвярджаюць, што ад маці паходзяць чуласць, разуменне, спачуванне; ад бацькі — цвёрдасць, здаровая крытыка і патрабавальнасць. Калі жанчына спаўняе дзве ролі ў адной (маці і бацькі), звычайна ідзе «перакос» у нейкі адзін бок. У выніку атрымліваецца, што жанчына выхоўвае або мамчынага сынка, бо зашмат чуласці, або, наадварот, сама становіцца мужчынападобнай, бо зашмат патрабавальнасці і маралі.

Мужчына па сваёй прыродзе гаспадар, аднак становіцца ім толькі тады, калі пачынае адчуваць адказнасць, напрыклад, за жонку, за выхаванне дзяцей, за фінансавае становішча сям’і, за краіну або веру.

Зразумела, што жанчына ў нейкім сэнсе павінна сама дазволіць мужчыну быць гаспадаром і несці адказнасць. Тут мы закранаем таксама вельмі балючую для нашага грамадства тэму «грамадзянскіх шлюбаў», за якімі хаваецца страх узяць на сябе адказнасць. Сям’я пачынаецца з адказнасці за жонку, маёмасць і дзяцей. Калі адказнасці няма, няма і сям’і.

Мы прызвычаіліся, што ахвярнасць характэрная для жанчыны, маці, аднак па сваёй прыродзе мужчына таксама надзелены гэтай рысай. Сапраўдны характар мужчыны праяўляецца тады, калі ён сустракае кагосьці слабейшага, каму патрэбны яго апека і абарона. Нездарма Бог стварыў яго фізічна мацнейшым за жанчыну. Пытанне толькі ў тым, каб мужчына навучыўся мудра ўжываць сваю сілу.

Для здаровага клімату ў сям’і і выхавання дзяцей важна, каб мужчына і жанчына добра выконвалі свае ролі. Муж адказвае за тое, што адбываецца вакол яго сям’і, да гэтага можна аднесці абарону ад знешняй небяспекі, забеспячэнне годнага матэрыяльнага становішча. Роля жонкі скіраваная ўнутр сям’і — яна наладжвае ўтульнасць дома, стварае атмасферу спакою і згоды ў сям’і. Мужчына, які ўвесь дзень быў на працы, хоча вярнуцца дадому і знайсці там мір і спакой, а не пачуць ад жонкі чарговую «порцыю» прэтэнзій і папрокаў. Калі мужчына ўвесь час бачыць толькі жаночыя скандалы, ён стамляецца. Жонка думае, што робіць добра і такім чынам матывуе свайго мужа, аднак атрымліваецца наадварот. Такім чынам, камфорт дома — гэта жаночая роля, а знешні камфорт — абавязак мужчыны. У гэтым муж і жонка дапаўняюць адно аднаго і разам ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўзрастання сваіх дзяцей.

Аднойчы ў музеі я ўбачыў савецкі плакат ваеннага часу, на якім было напісана: «Мужчины ушли на фронт, женщины — осваивайте трактор». Сёння многія жанчыны працягваюць жыць па такім прынцыпе. Мужчына «пайшоў на фронт» — гуляе ў камп’ютар, ездзіць на рыбалку, увесь вольны час праводзіць у гаражы і так далей, а жанчына становіцца супермэнам.

Псіхолагі адзначаюць, што такая сітуацыя паталагічная і негатыўна ўплывае на дзяцей, якія падобныя моманты вельмі добра адчуваюць. Дзецям патрэбны бацька і бацькоўская рука ў выхаванні.

У Бібліі напісана пра тое, што бацька павінен благаслаўляць сваю сям’ю. У Старым Запавеце мы чытаем пра трохразовае Ааронава благаслаўленне. Гэта нармальна і натуральна, калі бацька благаслаўляе сваю сям’ю. У габрэяў ёсць звычай, калі бацька ўдзяляе сваё благаслаўленне 14-гадоваму хлопцу ў прысутнасці ўсёй супольнасці, сабранай у сінагозе. У духоўным сэнсе благаслаўленне бацькі мае вялікае значэнне. Адна жанчына, у якой ужо была свая сям’я, прасіла мяне благаслаўляць яе ад імя бацькі, таму што яна адчувала недахоп менавіта бацькоўскага благаслаўлення. Для мяне гэта быў дзіўны досвед, аднак я адчуваў, што павінен гэта зрабіць, таму ўдзяляў ёй менавіта благаслаўленне бацькі ў духу веры.

Бацька займае важнае месца ў выхаванні дачкі. Дзяўчыне неабходна, каб мужчына звяртаў на яе ўвагу, і ацэнка таты мае вялізнае значэнне. Калі гэтай ацэнкі няма, дзяўчынка часта вырастае з комплексамі, шукае любові і спрабуе знайсці таго, хто яе прыме. Часта гэта прыводзіць да такіх страшных наступстваў, як неабдуманыя сужэнствы. Я ведаю гісторыі, калі дзяўчаты менавіта «выскоквалі» замуж у 16 або 18 гадоў толькі таму, што знайшоўся хтосьці, хто звярнуў на іх увагу. Такія дзяўчаты выходзілі замуж адразу ж, калі знаходзілі адпаведную альтэрнатыву бацьку, і рабілі гэта інтуітыўна і несвядома. Некаторыя такія сужэнствы былі шчаслівыя, але некаторыя былі паталогіяй. З часам дзяўчаты прызнавалі, што іх рашэнне выйсці замуж было абсалютна неабдуманае, бо на той момант яны не ўсведамлялі, чаму так робяць. Гэта ўсё было вынікам таго, што ў сям’і не хапала мужчыны або бацька не выконваў добра сваю ролю. Псіхолагі гавораць, што дзяўчаты, якім у дзяцінстве не хапала таты, схільныя да таго, каб мець адносіны са значна старэйшымі за сябе мужчынамі, а некаторыя такія дзяўчаты, на жаль, схільныя да таго, каб весці распуснае жыццё. У каталіцкім асяроддзі такія дзяўчаты могуць быць эмацыйна прывязаныя да святароў.

Хлопчык не нараджаецца сапраўдным мужчынам, а становіцца ім, і для гэтага павінен мець мужчынскі прыклад.

Вельмі часта мамчыны сынкі паходзяць са спецыфічных непаўнацэнных сем’яў, у якіх жанчына намагалася сама спаўняць дзве ролі. Праблема мамчыных сынкоў вельмі балючая, таму што не заканчваецца ў дзяцінстве, а пераходзіць у дарослае жыццё сына. Звычайна адбываецца наступнае: жанчына, не задаволеная сваім мужам і нешчаслівая ў сужэнстве, не ўсведамляючы гэтага, пераносіць свае чаканні на сына і ніяк не можа перарэзаць «эмацыйную пупавіну», якою трымае сына. Калі ж сын вырастае, мама пачынае кожную жанчыну ўспрымаць як неадпаведную канкурэнтку. У карціне свету такой маці сын заўсёды ідэальны, нават тады, калі рэальнасць пярэчыць гэтаму. Першы, хто будзе ахвярай такой схемы, — гэта сынава жонка або дзяўчына, якая ў перспектыве можа ёю стаць, бо ва ўяўленні маці гэта «новая жанчына» не будзе такой добрай, як яна сама. У дарослага сына ўзнікаюць супярэчлівыя пачуцці, якія яго непакояць. З аднаго боку, яго будзе раздражняць гіперапека мамы, а з другога, ён будзе незадаволены тым, што жонка не клапоціцца пра яго так добра, як маці. У лепшым выпадку ў маці таксама ўзнікаюць супярэчлівыя пачуцці: з аднаго боку, яна хоча бачыць сына шчаслівым, а з іншага боку, ёй не дае спакою моцная прывязанасць да сына, бо адносіны з яго бацькам былі не найлепшыя і доўгія гады сын быў адзінай пацехаю яе жыцця. Такому «мамчынаму сыну» будзе вельмі складана ў сваёй сям’і. Звычайна маці будзе спрабаваць любым спосабам «растлумачыць» сыну, што выбраная жонка не адпавядае яму. У сваю чаргу жанчына, калі выходіць замуж, чакае, што яе муж стане апірышчам і падтрымкаю для яе. Калі ж спрацоўвае схема «мамчынага сынка», муж, наадварот, чакае ад жонкі, што яна стане для яго нянькай, і ў сям’і адбываецца канфлікт. У такой сітуацыі «мамчын сынок» павінен адказаць на пытанне, хто будзе ў яго жыцці на першым месцы — жонка ці мама? На падобнае пытанне павінна адказаць і маці... 

Аднойчы ў месцы пазбаўлення волі з групай вязняў мы закраналі тэму бацькі. Падчас размовы высветлілася, што ніводны з удзельнікаў групы ў дзяцінстве не меў таты. Гэты факт мяне вельмі ўразіў. Нягледзячы на гэта, зняволеныя ў калоніі былі дастаткова «мужыкаватыя», бо той, хто туды трапляе, пасля выхоўваецца ў тыпова мужчынскім асяроддзі. Напрыклад, некаторыя правілы ў месцах пазбаўлення волі (можа, раней гэта праяўлялася больш выразна), напрыклад, «не кідаць сваіх» і трымаць слова, тыпова мужчынскія і добрыя, і часта гэтыя людзі не змаглі засвоіць іх на волі.

Аднак падобны асяродак усё роўна хворы, бо тыпова мужчынскія і тыпова жаночыя асяродкі катастрафічныя: заўсёды павінен прысутнічаць і мужчынскі, і жаночы пачатак.

Усе прыведзеныя прыклады яшчэ раз пацвярджаюць, наколькі кожнай сям’і патрэбны мужчына і якое вялікае значэнне мае бацька ў выхаванні сына і дачкі. Калі ў сям’і няма бацькі, яго месца можа замяняць іншы мужчына. Часам гэта можа быць спартыўны трэнер, дзядзька, дзед, старэйшы брат або святар. Калі хлопец не знаходзіць такога чалавека, месца мужчыны ў яго жыцці замяняе вуліца, што прыводзіць да негатыўных вынікаў. Варта разумець, што сам факт, калі ў жанчыны няма мужа, яшчэ не перакрэслівае яе дзяцей. У такой сітуацыі неабходна знайсці здаровае мужчынскае асяроддзе, інакш хлопцу будзе складана стаць мужчынам. Калі ж у сям’і ёсць муж, вельмі важна, каб ён прымаў актыўны ўдзел у выхаванні дзяцей і выконваў сваю мужчынскую ролю.


а. Аляксандр Жарнасек MIC.

Падрыхтавала Кацярына Дурко.
Паводле рэкалекцый а. Аляксандра для мужчын.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней