
Знаёмцеся: Анастасія Харкевіч, якая звычайна называе сябе коратка — Сія. Мінчанка. Нядаўна скончыла Універсітэт культуры і мастацтваў, пасля — магістратуру. З верасня мінулага года Сія — навучэнка ў місіянерскай школе ў Красілаве (Украіна). Цяпер пражывае свой «Год для Езуса».
— Напачатку, Сія, патлумач, калі ласка, што гэта такое — «Год для Езуса», і што гэта за місіянерская школа, у якой ты цяпер вучышся. Ты ж вучышся ў ёй?
— Не, ужо навучылася (смяецца), калі можна так сказаць. За гэты час я набыла некаторыя веды па асобных прадметах і цяпер праходжу свайго роду праверку па тым, як добра засвоіла матэрыял. А місіянерская школа, ці як яе па-іншаму называюць, «Год для Езуса» — гэта адно з пачынанняў ва Украіне айца капуцына Пятра Куркевіча. Гэта — цэлы год, які кожны можа ахвяраваць для служэння Хрысту.
— І што для гэтага трэба?
— Найперш трэба ў верасні прыехаць у Красілаў, павучыцца там тры месяцы, а затым усіх удзельнікаў дзеляць на каманды і адпраўляюць у розныя месцы на служэнне. Вось на такім служэнні я цяпер і знаходжуся. Пакуль што ў Літве. Дзе буду потым, не ведаю. А ў верасні наступнага года мы вернемся ў Красілаў, каб распавесці пра свае прыгоды ўжо будучым удзельнікам школы. Калі па-шчырасці, то я ўспрымаю слова «місіянер» як званне, якое трэба заслужыць. Таму я лічу, што проста пражываю цяпер свой «Год для Езуса».
— Як адбываюцца заняткі ў школе?
— Мы вывучалі апалагетыку і місіялогію, знаёміліся з асновамі працы з дзецьмі і моладдзю, вучыліся, як праводзіць заступніцкую малітву і малітву праслаўлення, евангелізацыйныя курсы. Былі ў нас майстар-класы па тэатры і этыкеце, шмат сустрэчаў з цікавымі людзьмі. Пасля завяршэння кожнай тэмы мы спрабавалі прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Кожная раніца пачыналася з медытацыі над Божым словам, потым былі тры канферэнцыі ў дзень. Мы выходзілі евангелізаваць на вуліцу, кожны вечар былі розныя малітвы, часам нечаканыя, напрыклад, малітва танцам. З ёю я сустрэлася ўпершыню, і яна мне вельмі спадабалася. Усяго нас 25 чалавек, узростам ад 19-ці гадоў і да 60-ці. Гэта сведчыць пра тое, што Езус чакае ўсіх.
— Як ты адважылася паехаць у гэтую школу? Альбо асаблівай адвагі для гэтага не трэба было?
— О, гэта цэлая гісторыя! Пра школу я ведала ад самага пачатку яе існавання, але не думала, што змагу ў ёй апынуцца. Сем гадоў таму на першы «Год для Езуса» паехала мая сяброўка Юля Раўкуць, і калі мы ў нашай малітоўнай групе чыталі яе лісты, якія яна дасылала з місій, я ганарылася, што ведаю гэтага чалавека. Яе лісты настолькі былі напоўненыя місіянерскім духам, духам выпрабаванняў і радасці, што мне здавалася, нібы я чытаю прыгоды апостала Паўла, адно што ў ХХІ стагоддзі.
Ды вось надышоў і для мяне такі час, калі маё сэрца загарэлася прагаю служэння. Я ўдзельнічала ў розных хрысціянскіх праектах: была на служэнні з моладдзю ў Латвіі, на моладзевых «Аазісах» — гэта такія творчыя рэкалекцыі, якія арганізавалі айцы марыяне. І перыядычна на мяне накочвала жаданне цалкам аддаць Езусу год свайго жыцця. Згадзіцеся, гучыць гэта прыгожа! Было шмат малітвы, сумненняў, разважанняў… Я ж вучылася, потым працавала, зноў вучылася. Але над усім гэтым было неадольнае жаданне паспрабаваць пражыць хоць нейкі час выключна для Яго. Карацей, я адначасна і прагнула гэтага і пабойвалася (смяецца). Да апошняга моманту так было. Нават тады, калі ўжо адступаць не было куды, я думала, што, можа, мне адмовяць, раскупяць білеты на цягнік і гэтак далей. Але ў выніку Бог перамог!
Я зразумела: Езусу мы патрэбныя не тады, калі мы гэтага хочам, а тады, калі Ён захоча. І наш Бог пры гэтым вельмі-вельмі добры. Ужо ў цягніку мяне чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: я думала, што з Беларусі я буду адна, але ў дарозе даведалася, што на «Год для Езуса» выправілася сямейная пара мінчанаў — Анжаліка і Ігар Бажычкі, якія ў часе вучобы ў школе, дарэчы, сталі бабуляй і дзядулем, — у іх у Беларусі нарадзіўся ўнук Андрэйка. Вось такія цуды!
— Быць місіянерам сёння — гэта, як я разумею, абвяшчаць Хрыста людзям, якія яго не ведаюць. Але ці абавязкова ехаць для гэтага ў нейкія іншыя краіны? Вакол нас таксама шмат тых, хто Яго не ведае...
— Я ўпэўненая, што мне гэта было проста неабходна, бо хацелася выйсці са звыклага жыцця і пажыць далёка ад роднага дома, зразумець, на што я здольная. Гэта — своеасаблівая праверка таго, ці здатная я на нейкія сур’ёзныя рэчы. Здавалася б, гэта ж усяго адзін год… Але і за такі кароткі час, аказваецца, можна шмат зразумець пра саму сябе, пра тое, якой ты будзеш тады, калі выйдзеш з зоны ўласнага камфорту. У мяне ў Беларусі добрае жыццё дзякуючы Хрысту, добрай сям’і, хрысціянскім сябрам, служэнню, мастацтву. Пакінуць такое жыццё хоць бы й на кароткі час сапраўды было складана.
— Мне, Сія, узгадваецца адна наша даўняя размова, калі ты дзялілася тым, што сумняваешся ў сваіх здольнасцях весці евангелізацыю на вуліцы. І, тым не менш, адважылася паехаць у місіянерскую школу… Ты перамагла сябе альбо штосьці змянілася за гэты час, і ты смела адчуваеш сябе ў размове пра Хрыста з незнаёмымі людзьмі?
— А гэта таксама асаблівая тэма. Для мяне і цяпер існуе пытанне наконт евангелізацыі на вуліцы. Я думаю, што паспрабаваць яе варта ўсім хрысціянам хоць бы для таго, каб адчуць сябе адкінутымі і хоць трохі пацярпець дзеля Хрыста, утаймаваць сваю пыху. Але, безумоўна, не толькі для гэтага. Калі я сказала сваё «так», то я ж сказала гэта і ўсяму, што Езус падрыхтаваў для мяне на гэты год. Увогуле я не надта сарамлівая і мне не цяжка падысці да чалавека, але навязваць людзям сваю думку ўсё ж не хацелася. Вырашыць гэтае пытанне мне дапамог курс апалагетыкі. Я атрымала на ім досыць пераканаўчыя адказы на пытанні, якія задаюць людзі на вуліцы, і адразу прымяніла іх на практыцы. Дапамагло. І я сама не заўважыла, як маё незадавальненне перарасло… у радасць — мне захацелася дзяліцца сваёй верай з людзьмі на вуліцы! У нас спачатку была евангелізацыя па дамах, хоць і нязвыкла званіць у кватэру і казаць пра Хрыста, але пасля і гэта ўжо было не страшна: бо чаму сведкі Іеговы могуць, а мы — не?
— Табе ўдалося кагосьці пераканаць? Хтосьці, дзякуючы размове з табой, адкрыў для сябе Хрыста?
— Я не ставіла перад сабой мэты пераканаць. Маёй мэтай было — падзяліцца Хрыстом: кагосьці выслухаць і сказаць сваю думку, камусьці дапамагчы. Вось хоць бы такі прыклад. Калі мы былі на служэнні ў Літве, у нас евангелізацыя да пэўнага часу была 5 разоў на тыдзень. Уявіце сабе: мовы не ведаеш, ментальнасці народа не ведаеш, але ідзеш несці Добрую Навіну. У асноўным мы падыходзілі да сталых людзей, якія ведаюць рускую мову, і да бедных, бо ў іх заўсёды ёсць час на размову. І вось мы ўбачылі аднаго дзядулю, які меў выгляд бедняка, да таго ж, як нам здалося, не вельмі цвярозага. Сяброўкі сказалі, што не варта да яго падыходзіць, а я адчула, што трэба. Дык развярнулася і дагнала яго. Не, ён не быў п’яным. Ён — проста бедны, добры дзядуля. Завуць яго Зыгмунт, і ён вельмі адзінокі. Жонка памерла, дзеці жывуць за мяжой, а ён… адзін. Я пачала казаць яму, што не, ён не адзін, што Езус нарадзіўся і памёр менавіта за яго, што Езус настолькі яго ўзлюбіў, што ўваскрос дзеля яго, што ён ніколі не будзе адзін... Дзядуля плакаў, а мы былі сведкамі таго, як Дух Святы дакранаецца да сэрца чалавека… Незабыўныя ўражанні. Дзеля такіх хвілінаў варта выходзіць на евангелізацыю. Ва ўсіх кутках свету!
— Хрысціянін заўсёды знаходзіцца ў дарозе. Скажы, табе самой дапамагла чымсьці місіянерская школа ў пазнаванні Хрыста?
— Больш за усё яна дапамагла мне ў пазнаванні сябе, бо многія рэчы былі для мяне не новыя, але перажыты досвед жыцця ў хрысціянскай супольнасці, клопат Хрыста пра мяне, дзе б я ні апынулася, — усё гэта было вельмі важным. Ды толькі, мабыць, больш поўна адказаць на гэтае пытанне я змагу тады, калі вытрываю да верасня, да заканчэння маёй місіянерскай школы. Тады, азірнуўшыся назад, я змагу зрабіць больш глыбокія высновы.
Дарэчы, я пачала весьці свой ютуб канал, каб расказваць, як жывецца на місіях. Можна зайсці на ютуб, набраць Misii + Sija Cirkacheva.
— Дзякуй, Сія! Пастараемся выкарыстаць і такую магчымасць. Дарэчы, я ўжо тое-сёе бачыла з вашых прыгодаў. Але напрыканцы нашай размовы хачу запытаць у цябе: ты пражываеш свой «Год для Езуса», а хто Ён для цябе? Хто для цябе Той, каму ты дорыш год свайго маладога, няўрымслівага жыцця?
— Езус для мяне — гэта адзіны, Хто надае сэнс маёй жыццёвай вандроўцы і прыносіць мне сапраўдную, а не падманную радасць. Ён — мой Валадар і Збаўца, з якім я вельмі хачу сустрэцца ў Нябёсах!
Гутарыла Ірына Жарнасек
На фота — розныя моманты з жыцця тых,
хто пражывае свой год для Езуса