Кс. Казімір Шыдэлка нарадзіўся 17 чэрвеня 1957 г. у Новай Всі (Польшча). Скончыў каледж па спецыяльнасці «слесар» і ўступіў у ордэн салезіянаў ксяндза Боска. Адвучыўся ў Салезіянскай вы шэйшай духоўнай семінарыі ў Кракаве і 18 чэрвеня 1986 года прыняў сакрамэнт святарства. Першае месца яго служэння — салезіянская парафія ў Чэнстахове. Праз 6 гадоў быў накіраваны ў Адэсу, а затым — у Маскву, дзе 11 гадоў працаваў у катэдры і прытулку сямейнага тыпу на 50 дзяцей. Пасля Масквы адзін год працаваў у італьянскім горадзе Анкона. Планаваў з Італіі вярнуцца ў Маскву, аднак у 2005 годзе быў накіраваны ў Беларусь і прызначаны пробашчам бараўлянскай парафіі.
— Ксёндз Казімір, калі я рыхтавалася да інтэрв’ю, успомніла невялічкі верш ксяндза Вацлава Бурылы ў перакладзе Крыстыны Лялько: «На ўскрайку дарог // на ўскрайку слоў // жыве чалавек // і Бог», і мне захацелася зрабіць яго своеасаблівым эпіграфам да нашай размовы. Вы ў Бараўлянах ужо 15 гадоў. Гэтае месца сапраўды знаходзіцца «на ўскрайку дарог». Вы працавалі ў буйных гарадах і вялікіх парафіях: Чэнстахова, Адэса, Масква, Анкона і вось — Бараўляны… Як было спачатку, і што змянілася за гэтыя гады служэння?
— Спачатку было не па сабе пасля такіх месцаў, дзе ў парафіях налічвалася вельмі шмат людзей, а салезіянскі араторый у Анконе кожны дзень наведвалі да сотні дзяцей і моладзі. Гэта сур’ёзны вопыт: быць з імі побач, займацца, гуляць. А потым я прыехаў у Мінск. Добра памятаю той дзень, калі ксёндз Ігар Лашук павёз мяне ў Бараўляны, каб паказаць каплічку. «Паедзем, я табе пакажу, — сказаў ён, — дзе ты будзеш працаваць». І якраз было пахаванне! Пасля набажэнства ксёндз Ігар сказаў: «Вось, гэта тваё…» У першую нядзелю на святую Імшу прыйшло каля 15-ці чалавек. Я тады падумаў: «Куды я трапіў, Божа мілы? Як тут працаваць? З кім тут працаваць?» Агледзеўся: адна гэтая каплічка на пагорку ў полі. «От, — думаю, — пабуду нейкі месяц і вярнуся ў Маскву». Але потым сказаў сабе: «Шкада... Калі Пан Бог мяне тут паставіў, то трэба з гэтага месца штосьці зрабіць. І зрабіць у духу святога Яна Боскі. Можа, атрымаецца — з Божай дапамогай». Спачатку была патрэба ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, каб капліца не стаяла такая аголеная, — хацелася яе ўпрыгожыць. Помню, як садзілі туі каля капліцы. Адна парафіянка, біёлаг, казала: «Ксёндз, што ж Вы так садзіце гэтыя туйкі? Патрэбная зямля, угнаенні…» А я пасадзіў на пяску, вадой паліў, да Маці Божай памаліўся, паблагаславіў і кажу: «Будзе расці». І паглядзіце — усё расце. Гэта зямля святая! Яна была асвечаная, калі ставілі першы крыж, які потым хтосьці ўпотай спілаваў. На гэтай зямлі будзе ўсё расці...
— У часопісе «Авэ Марыя» ў 2011 годзе быў артыкул з нагоды 25-годдзя Вашага святарскага пасвячэння. Працу па добраўпарадкаванні Вы акрэслілі так: «Праз прыгажосць — да Бога». А што для Вас асабіста значыць прыгажосць? Чаму не зрабілі роўны зялёны газон, напрыклад?
— Чаму? Адкажу так: бо кожная кветка нагадвае асобнага чалавека. Ён, як кветка, любімы Богам і вельмі важны. Любая кветачка патрэбная, але не паасобку, а разам з іншымі. Калі разнастайнасць раслінаў стварае панараму — вось тады адкрываецца прыгажосць. Акрамя таго, кветка сімвалізуе нашую любоў да Бога. Чаму на вялікія Марыйныя святы мы ўпрыгожваем касцёл, алтары? Чаму тым, каго любім, дорым кветкі? Не трэба нават тлумачыць. Кветкі — дар любові, які мы прыносім Богу. Я люблю кветкі з дзяцінства, благаслаўляю іх, малюся і нават з імі размаўляю. І штосьці ў гэтым ёсць — яны растуць. Як растуць, я нават не ведаю.
— Ці ўплывае прыгажосць свету на душу чалавека? Існуе меркаванне, што зямныя справы — часовыя і неістотныя для вечнага жыцця. Будзе тая кветка ці не будзе яе — хіба ёсць розніца? Можа, догляд кветак — трата часу, які лепш прысвяціць дапамозе людзям?
— Кветкі каля капліцы — маё хобі, якое не перашкаджае служэнню. Я маю вольны час, як і многія людзі, і раблю тое, што люблю, і рэалізую сябе ў гэтай працы. Як сказана ў прыпавесці: хто атрымаў пяць талантаў, прыдбаў яшчэ пяць. Можа, я атрымаў усяго адзін, але важна развіваць яго. Я не скончыў ніякіх спецыяльных курсаў, але тое, што Бог даў мне, трэба памнажаць. Упэўнены, што любоў да кветак дапамагае мне быць бліжэй да Бога, і я стараюся праз іх прыгажосць паказаць іншым людзям, які добры наш Пан. Дарэчы, кветкі дапамагаюць чалавеку спыніцца, задумацца: хто я і куды іду? Што са мной будзе? Я называю гэтыя хвіліны міні-рэкалекцыямі.
— Чым праца пры капліцы стала для парафіянаў, якія на працягу гэтых 15-ці гадоў дапамагаюць Вам?
— Я часта паўтараю: «Гэта вы робіце не для мяне, а для Пана Бога, бо нават тыя сілы, здароўе, час, якія мы ахвяруем, Ён дае кожнаму з нас». Справа ў тым, што калі кагосьці любіш, знойдзеш час, а калі не любіш, не знойдзеш часу. Даглядаючы кветкі, мы праслаўляем Бога.
— Напэўна, спачатку гэта было не так відавочна. Як пачынаць добрую справу, калі здаецца, што людзям усё роўна? Як знайсці падыход?
— Трэба даваць прыклад. Я проста прыехаў, узяў рыдлёўку і пачаў капаць. Прыйшоў такі пан Ясь, іншыя старэйшыя парафіяне, пачалі дапамагаць. Сапраўды, некаторыя казалі: «А навошта Вы гэта робіце?» Але я апрацаваў кавалак тэрыторыі, каб даць уяўленне, як можна ўвогуле зрабіць прыгожа. Вядома, усім спадабалася. А я кажу: «Прыгажосць патрабуе высілкаў. Калі вы гатовыя дапамагаць, я рады, будзем рабіць. Калі не — я вазьму бульдозер і ўсё зраўняю. Не хочаце дапамагаць, я ўсё засею травой. І куплю казу ці авечку і будзем трымаць». Адразу схамянуліся: «Ксёндз, як жа гэта, такую прыгажосць?!» І пасля гэтага пачалі сур’ёзна дапамагаць.
— Папа Францішак падчас адной сустрэчы заклікаў хрысціянаў «дзяліцца прыгажосцю сваёй веры». А ў чым прыгажосць веры? Ці можна яе ўбачыць гэтак жа, як плён працы пры капліцы?
— У прыгожых мясцінах па ўсёй зямлі людзі часта змяшчаюць рэлігійныя сімвалы. Наш аазіс прыгажосці зусім невялічкі, але нават у ім можна ўбачыць штосьці большае за кветкі. Чалавек заходзіць паглядзець на фантан, на клумбы і бачыць капліцу, адчыненыя дзверы. Любы можа ўвайсці і задумацца над сваім жыццём. Тое, што ён тут апынуўся, — ужо нейкі знак. Нашыя ходнікі вядуць у капліцу, а значыць могуць стаць для кожнага дарогай да Бога. За тую хвіліну, пакуль чалавек ідзе ад брамы да дзвярэй капліцы, ён ужо трапляе ў іншую атмасферу. «Ці можна зайсці? Што тут такое? Што гэта значыць?» — пыталіся ў мяне, калі я працаваў на зямлі. Ёсць прыклады, калі чалавек пацікавіўся, зайшоў і застаўся.
— Хацелася б пагаварыць яшчэ аб адным Вашым служэнні. Напэўна, цяжка знайсці ў нашай краіне чалавека, які б не ведаў пра Бараўляны. Хвароба асацыюецца з цярпеннем, але ніяк не з прыгажосцю. Як Вы лічыце, ці не апынаюцца нямоглыя і старыя сярод нас «на ўскрайку», як піша паэт? Ці там «жыве Бог»?
— Чалавеку трэба прымаць не толькі дабро, але і розныя цярпенні, якія могуць стаць ачышчэннем. Калі Бог дае цярпенне, яно штосьці значыць. Магчыма, гэта знак, каб чалавек спыніўся. Невядома, дзе б ён апынуўся, да чаго б дайшоў, каб не дадзены быў яму гэты час на ложку хваробы. І ўсё ж, калі некаторыя кажуць: вось, я такі грэшнік, напэўна, Пан Бог пакараў мяне, я не згаджаюся. Многія святыя цярпелі. Можа, Бог выбраў цябе, каб праз сваё цярпенне ты дапамог камусьці, ахвяруючы свае пакуты за члена сваёй сям’і, за пэўную справу. «Чаму я? Той такі грэшнік — і здаровы, а я стараўся жыць па-Божаму — і так страшна пакутую». Так, Бог выбірае тых, хто можа дапамагаць праз сваё цярпенне іншым. Я гэтак кажу хворым у бальніцах: «Калі ты тут, то гэта знак, што камусьці гэтае цярпенне патрэбна. Як ты сам жыў? Што ў цябе ў хаце? Як твае блізкія?» Трэба памятаць, што нават камусьці з памерлых патрэбна наша малітва, спалучаная з цярпеннем. Я часта бачу, што цярпенне аднаго злучае ўсю сям’ю: блізкія хворага змяняюцца праз клопаты і перажыванні за яго.
— Акрамя асабістых запрашэнняў да хворых, Вы тры дні на тыдзень год за годам прысвячаеце наведванню трох медыцынскіх установаў: РНПЦ анкалогіі, абласная бальніца, шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Там Вы рэгулярна цэлебруеце святую Імшу. З чым найчасцей звяртаюцца хворыя да Вас?
— Заўсёды адно пытанне: «Чаму мяне гэта спаткала?» Ды я і сам задаваўся гэтым пытаннем, калі ляжаў у бальніцы. А цяпер я разумею, што многія справы, за якія я сваё цярпенне ахвяраваў, пайшлі наперад. Напэўна, такая ахвяра была патрэбна Богу. Але як важна, каб у цяжкія хвіліны побач быў чалавек, якому церпячы зможа выказаць свае пачуцці, зняць цяжар, які прыгнятае яго... Патрэбны той, хто проста слухае, спачувае, сам гаворыць няшмат, напрыклад, адну фразу: «Я буду маліцца за цябе». Калі ў цярпенні з табой побач нехта ёсць, узнікае адчуванне: я змагу, я вытрымаю. Часта падыходзяць з просьбай: «Ксёндз, паблагаславі, памаліся». Калі чалавек пасля вяртаецца падзякаваць, я заўсёды кажу: «Не мне дзякуйце, а Пану Богу». Аперацыя прайшла паспяхова, здароўе вяртаецца — ідзі і падзякуй Богу, а калі зразумеў штосьці — не грашы больш.
— Ці магчыма шчыра праслаўляць Бога не толькі пасля выздараўлення, а менавіта падчас цярпення?
— Гэта цяжкая, але найбольш каштоўная форма праслаўлення. Шмат дабра могуць прынесці цярпенні і малітвы. Важна толькі мець інтэнцыю. Пан Езус ахвяраваў сваю муку за нас, а мы — за каго? Каб нашае цярпенне не засталося бясплодным — і асабліва, калі Бог яго даў, — важна ўмець яго прыняць. Самае страшнае, калі мы не можам убачыць у ім Божай волі. Трэба імкнуцца нічога не змарнаваць з цяжкага досведу хваробы і ахвяраваць свае цярпенні Богу.
— Сярод Вашых парафіянаў нямала медыкаў. Да іх патрэбны асаблівы падыход у душпастырстве?
— Так, медыкаў шмат. Я б хацеў рабіць штосьці спецыяльна для іх: дні малітвы, рэкалекцыі. Пакуль што гэта толькі планы, бо святароў у парафіі мала. На кожную Эўхарыстыю ў бальніцах, прыходзіць шмат урачоў, медсясцёр. Мы збіраемся на дзяленне аплаткай у перыяд Божага Нараджэння, на малітву ў дзень медыцынскага работніка, аднак хацелася б рабіць больш: духоўныя практыкаванні, напрыклад. У планах таксама пашырэнне культу святога Роха, а дзеля гэтага варта было б сабраць парафіянаў, якія працуюць у медыцынскіх установах, каб яны адчулі, што нешта праводзіцца адмыслова для іх.
— Распавядзіце, калі ласка, пра будаўніцтва касцёла, якое распачалося ў парафіі. Я ведаю, што праект ужо праходзіць экспертызу ў адпаведных установах, але чаму Вы называеце будучы касцёл санктуарыем?
— Знакам таго, што трэба будаваць касцёл, стала колькасць парафіянаў. Калісьці была адна святая Імша ў нядзелю, а цяпер ужо патрэбна чацвёртая. Калі ў калядны перыяд я наведваю сем’і, некаторыя кажуць: «Мы едзем у касцёл у Мінск, бо ў капліцы мала месца». Адносна будаўніцтва магу сказаць, што, магчыма, гэта будзе дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Мы рыхтуем дакументы на зацвярджэнне нашага ксяндза біскупа. Нам ужо вядомыя цуды аздараўлення праз заступніцтва Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Адна з найважнейшых справаў для мяне — развіццё Марыйнай пабожнасці, каб больш людзей ведала аб Яе дапамозе. Ужо здаўна ў нашай парафіі кожны месяц з 15-га па 24-е мы молімся Навэнну да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Мне б хацелася, каб у парафіі былі рэгулярныя Марыйныя чуванні. Яны праводзяцца ў многіх санктуарыях Еўропы з мая да кастрычніка са сваёй праграмай. Буду развіваць гэтую салезіянскую справу. Начныя чуванні могуць праводзіцца з 23-га на 24-е або кожную трэцюю суботу месяца, з праграмай для дзяцей і моладзі. Побач з нашым касцёлам будзе пабудавана база з адпаведнымі ўмовамі для вернікаў. Можна будзе пасядзець, адпачыць, папіць гарбаты. Я хачу, каб будучы касцёл — санктуарый Маці Божай, быў увесь у кветках.
— Дзякуй за размову, ксёндз Казімір! Няхай Бог дапамагае ў працы, захапленнях і рэалізацыі ўсіх планаў.
Размаўляла Тэрэса Клімовіч
Фота: vk.com