Гутарка з кс. Віталіем Цыбульскім, пробашчам парафіі св. Казіміра ва Уселюбе, дзе знаходзіцца фігура Маці Божай Новага жыцця.
— Ксёндз Віталій, ведаючы Вас, немагчыма не заўважыць, што Вы часта гаворыце пра асаблівае Божае дзеянне ў парафіі, дзе служыце, ва Уселюбе. Раскажыце, калі ласка, калі Вы пачалі разумець, што Бог нешта асаблівае робіць у гэтым месцы?
— Разумею гэта цяпер. Наогул, я б сказаў, што гэта працэс, які не спыняецца. Я ж прыехаў сюды ў 2016 годзе, і адразу ўзнікла жаданне, каб гэтая старажытная святыня была адрамантавана, адноўлена. Наколькі мае магчымасці дазвалялі, гэта была мая галоўная мэта, каб святыня Божая была ў парадку. І потым неяк я сам не заўважыў, як Бог стаў дзейнічаць ва ўсіх гэтых справах, якія я рабіў для Яго. Потым прыехаў да нас у госці Легіён Марыі і вельмі-вельмі шмат у чым дапамагаў, пасля — з’явілася фігура Маці Божай Новага жыцця, а цяпер праводзім тут розныя рэкалекцыі, сустрэчы. Бог моцна дзейнічае сярод парафіянаў, сюды многа хто прыязджае і прапануе сваю валанцёрскую працу.
Вось так, з цягам часу, нібы само сабой з Божага благаслаўлення ўсё пачало развівацца, і я зразумеў, што мне проста трэба плысці за Богам, каб менавіта Ён мог кіраваць сваімі задуманымі планамі, якія праходзяць праз маё служэнне. Зразумеў, што зусім не трэба надта клапаціцца, а найперш проста ўдзельнічаць у Божых задумах.
З часам я таксама стаў бачыць, як людзі вакол пачына юць думаць пра Хрыста, Марыю, пачынаюць шукаць Бога, і ў гэты момант ты адчуваеш, што тваё святарства, служэнне пачынае працаваць — гэта вялікая радасць! Ну і бачу Божае дзеянне ў тым, што я сам стаў нашмат бліжэй да Марыі, бо раней з Ёю мне было крыху цяжэй, Яна такая далёкая для мяне была… Мяне таксама ўразіла постаць святога Казіміра, апекуна нашага касцёла, яго адносіны з Марыяй, Яе ўшанаванне — гэта ўсё патрошкі мяне вяло і вядзе цяпер. Думаю, гэтае месца стала па-сапраўднаму месцам для любові Бога, і Божая любоў тут робіць цуды. Напрыклад, не перастаю здзіўляцца, як кожны раз нехта спантанна сюды прыязджае, як нядаўна некалькі сем’яў. Мы іх гасцінна сустрэлі, зрабілі нейкія незапланаваныя пакупкі, проста падзяліліся тым, чым можам, а потым Бог так благаслаўляе, што гэтыя людзі ўжо збіраюцца сюды прыяз джаць, дапамагаць, служыць. І такіх сітуацый, сэнс якіх раскрываецца пазней, вельмі шмат. У Бога тут вельмі многа нестандартных шляхоў!
— Ксёндз Віталій, Вы многа гаворыце пра Езуса, пра аднаўленне веры людзей, але, як мы ведаем, пачыналася ўсё з Маці Божай, якая наведала вашую парафію ў выглядзе фігуры. Нібы Яна прывяла сюды Хрыста… Нагадайце нам крыху пра тое, як ва Уселюбе з’явілася фігура Маці Божай Новага жыцця: з чаго пачалася яе гісторыя, як яна потым развівалася.
— У мяне заўсёды была такая практыка: я любіў хадзіць і маліцца на ружанцы, праходзіў так шмат кіламетраў. Калі я прыехаў сюды, дык накручваў тут кругі з ружанцам у руках і глядзеў: то там нешта на касцёле адвалілася, то тут; думаў пра аб’ём работы, круціўся з ружанцам вакол касцёла. Я тады нават не разумеў, што раблю. А потым неяк вельмі нечакана прыязджае сюды Легіён Марыі і адзін чалавек з супольнасці, Уладзімір, пытаецца ў мяне, ці ведаю я, што я раблю? Маўляў, Максімільян Кольбэ ва ўсіх месцах, дзе будаваў ці дом, ці касцёл, заўсёды абыходзіў тэрыторыю з ружанцам. І я раптоўна зразумеў, што трэба пачынаць тут нейкія справы менавіта з Марыяй.
А пасля з’явіўся тут адзін чалавек, які стаў для мяне асаблівым Божым знакам… Неяк я быў на выездзе па вёсках, а мне тэлефануюць, што прыехаў да мяне нейкі чалавек. Я адказаў, што гадзінаў 6 мяне не будзе, а чалавек запэўніў, што будзе мяне чакаць. Цікава… Ну і прыязджаю я, ён мяне дачакаўся, пачынаем з ім размаўляць. Я гляджу на яго — ён бедны-бедны, гадоў 30-ці, неахайны, адразу кінулася ў вочы, што ў яго не было ўсіх зубоў. Але ён быў вельмі інтэлектуальна развіты, адукаваны, у размове ўжываў лацінскія тэрміны. Потым мы пачалі гаварыць пра маю вучобу, а ён, аказваецца, у Кракаве быў і гэтых маіх прафесараў ведае, дый сам дзесьці выкладаў. Я вельмі гэтаму здзіўляўся, бо было абсалютнае несупадзенне са знешнасцю гэтага чалавека. Ён прапанаваў мне дапамагчы, дамовіліся з ім пра нешта, ён збіраўся мне нейкія ахвяраванні пералічыць. А потым, калі я яго карміў, стаў расказваць яму пра касцёл, што тут я раблю, чым займаюся, і кажу, што апошнім часам да мяне пачалі звяртацца бяздзетныя сем’і: сусед, брат стрыечны. А ён пытаецца ў мяне, ці ведаю я, што ў Польшчы ёсць фігура Маці Божай Цяжарнай. Я не ведаў, сказаў, што пашукаюпагляджу. На наступны дзень мы дамовіліся сустрэцца, але гэты мужчына кудысьці знік, нібы ён мяне падмануў, бо ніякай дапамогі ад яго я так і не атрымаў, але ж я вельмі зацікавіўся Маці Божай Цяжарнай. Сапраўды, знайшоў у інтэрнэце, што такая фігура ў Польшчы ёсць. І тут я задумаўся: а што гэта ўсё значыць? Пазваніў сябрам, папрасіў маліцца, каб разабрацца, што рабіць у гэтай незразумелай сітуацыі. І мае польскія сябры і ахвярадаўцы натхніліся ідэяй зрабіць фігуру Маці Божай у благаслаўлёным стане. Больш падрабязна і цікава пра гэта можна пачытаць на сайце нашай парафіі natusest.com, але калі коратка, то хуценька з’явіліся людзі, якія выразалі з дрэва фігуру. Мы задаліся пытаннем, як жа яе лепш назваць, і тут адзін мой сябар з Польшчы, вялікі шанавальнік Маці Божай, прапануе мне паехаць у Пшэмысль, у мясцовы вялікі санктуарый, каб асвяціць там фігуру. Мы едзем туды, вітаемся з мясцовым біскупам, а ён адразу прапануе назваць фігуру Маці Божай Новага жыцця. І ў мяне шок: людзі якраз прасілі мяне маліцца аб новым жыцці для іх сем’яў! Фігуру асвяцілі, а біскуп нават цэлае казанне прысвяціў ёй — фігура Маці Божай Новага жыцця стаяла на самым пачэсным месцы. А самае цікавае высветлілася крыху пазней, калі аказалася, што якраз у гэтым касцёле, дзе мы асвячалі фігуру, некалі нашая парафіянка прыехала прасіць Маці Божую, каб дапамагла адрамантаваць касцёл. Мы ўсе былі ў шоку. І пасля гэтага пачало ўсё развівацца больш пэўным шляхам: мы склалі малітву, яе зацвердзілі, наш біскуп урачыста благаславіў фігуру ў нашым касцёле. І адразу пачаліся цуды: нейкая жанчына малілася, каб дзіця нарадзілася без сіндрома Даўна, як ёй дыягназавалі дактары, — немаўля нарадзілася здаровым. Жанчына з Расіі, памаліўшыся тут, зацяжарыла. У адной жанчыны былі цяжкія роды, і сям’я вельмі прасіла маліцца — і шчасліва нарадзілася здаровая дзяўчынка, якую назвалі Марыяй, хрост быў у нашым касцёле. І такіх сітуацый было вельмі шмат.
— І на гэтым усё не скончылася, а толькі пачалося, напрыклад, цяпер Вы часта тут праводзіце рэкалекцыі, раскажыце пра іх.
— Сапраўды, Маці Божая Новага жыцця «ўзялася» не толькі за дзетанараджэнне, але і адкрыла новае жыццё ў сэнсе жыцця ў Хрысце. У мінулым годзе мы неяк пачалі нясмела збіраць людзей, чалавек 10, для духоўных практыкаванняў. І гэта вырасла ў тое, што мы з камандай памочнікаў цяпер стараемся рабіць рэкалекцыі для ўсіх жадаючых кожны месяц. У Вялікім посце давялося зрабіць нават 2 разы, бо жадаючых было болей. Рэкалекцыі з цягам часу набываюць нейкія новыя формы: прыязджаюць сем’і, была ідэя зрабіць штосьці для няверуючых людзей, для студэнтаў, бо нядаўна прыязджала іх цэлая група. Цікава, што ідэі ўзнікаюць паводле патрэбаў, таму, што будзе далей, магу толькі здагадвацца. Вось так увесь час нараджаецца новае жыццё ў нашай парафіі. І я разумею, што гэта не я раблю, я проста павінен прыняць людзей, якіх Бог сюды пасылае; даць ім есці, як Езус казаў сваім вучням, каб менавіта яны накармілі людзей.
Маці Божая паказвае нам вектар новага жыцця, які ўвесь час пашыраецца. І ўжо цяпер бачна шмат пладоў з ушанавання Маці Божай у нашай парафіі. Мы, напрыклад, ужо хутка павесім да Яе фігуры воты як знак удзячнасці за цуды праз Яе заступніцтва. Але ўвесь час Яна ўказвае на Хрыста, вядзе менавіта да Яго. Як у Меджугор’і ёсць Mladifest, калі збіраецца вялізная колькасць людзей, каб праславіць Езуса, так і ў нас узнікла ідэя зрабіць летам у сябе нешта падобнае.
— Я чула пра гэта, Вы назвалі сустрэчу Novafest. Раскажыце, калі ласка, пра яе.
— Я і тыя людзі, якія мне дапамагаюць, былі ў Меджугор’і, наведвалі Mladifest, і, як я ўжо сказаў, узнікла ідэя зрабіць у нас нешта падобнае, і мы вырашылі паспрабаваць. І чаму б не назваць Novafest у гонар Маці Божай Новага жыцця? Для нас вельмі важна, каб гэта быў менавіта духоўны фестываль-рэкалекцыі, каб асноваю фестывалю былі 3 прынцыпы: праслаўленне, сведчанне, адзінства. Праслаўленне спевам менавіта Бога, а не самавыхваленне, сведчанне пра дзеянне жывога Бога ў жыцці і адзінства — гэта значыць адзінае сэрца ў Пану. Мы запрашаем на фэст розныя малітоўныя групы, каталіцкія арганізацыі, музыкаў. Але самая важная ўмова — жывая вера людзей, у жыцці якіх ёсць споведзь, Эўхарыстыя, асабістая малітва, Ружанец. Гэты фэст наогул увесь будзе насычаны малітваю: адарацыяй, праслаўленнем. І, канешне, гэта будзе закрыты тып мерапрыемства, куды трэба будзе запісацца. Калі ўжо ў кагосьці ўзнікае жаданне неяк паслужыць на гэтым фэсце, то больш інфармацыі пра яго можна знайсці ў нас на сайце. Запрашаем!
— Ксёндз Віталій, дзякуй вялікі за размову. Жадаю Вам і далей плённа жыць у Хрысце разам з Марыяй і распазнаваць Божую волю!
Размаўляла Вольга Адамовіч