Як жыве Касцёл у Карагандзе

Ксёндз Аляксей Ляшко з Віцебска трапіў у Караганду па запрашэнні кіраўніцтва Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі «Марыя — Маці Касцёла» для правядзення заняткаў з клерыкамі паводле кананічнага права Праваслаўнае Царквы і семінараў для святароў і духоўных асобаў на тэму сужэнства ў Каталіцкім Касцёле. Паколькі Казахстан краіна пераважна мусульманская (ад агульнай колькасці вернікаў мусульмане складаюць больш за 70%), падалося цікавым даведацца пра тое, як жа арганізавана там хрысціянскае жыццё. Пра яго праявы, эпізоды, асобныя штрыхі — наша размова з ксяндзом Аляксеем.


 — Ксёндз Аляксей, што ўяўляе на сённяшні дзень Касцёл у Карагандзе?

— Перадусім адзначу, што гэта вельмі цікавая супольнасць вернікаў, адметная тым, што значную частку яе  складаюць нашчадкі рэпрэсаваных і вывезеных за савецкім часам у Казахстан, у так званы Карлаг (Карагандзінскі лагер), прадстаўнікоў розных еўрапейскіх народаў: немцаў, палякаў, літоўцаў і людзей іншых нацыянальнасцяў. Вядома ж, і нашых суайчыннікаў, беларусаў, тая трагедыя таксама не абмінула. Наогул, каталіцкая супольнасць у Карагандзе не надта вялікая, але даволі моцная, добра арганізаваная. Людзі ў большасці — адкрытыя, зычлівыя.

Катэдральны касцёл Маці Божай Фацімскай у Карагандзе

— Якія-небудзь адрозненні ад нашых парафій кінуліся ў вочы?

— Хіба што, можа, крыху большы «градус» энтузіязму сярод  маладых людзей, для якіх вера, бачна, не рытуал, а сапраўдны акт паяднання з Богам. Вельмі заўважна гэта падчас Крыжовага шляху ў пятніцу або падчас нядзельнае св. Імшы. Магчыма, гэта ў пэўным сэнсе — ад усведамлення людзьмі ўласнае веры як шляху вяртання да каранёў, ад якіх не такія ўжо далёкія іх продкі ў свой час былі гвалтоўна адарваныя. Дарэчы, сярод вернікаў старэйшага ўзросту, як і ў Беларусі, толькі ў меншай колькасці, сустракаюцца людзі, выхаваныя ў традыцыі «крэсовага» Касцёла, прынамсі, яго моўнага — польскага — складніка.

— У семінарыі, дзе Вы выкладалі, таксама ж навучаюцца нашчадкі рэпрэсаваных?

— Не. Склад клерыкаў там даволі неаднародны, стракаты. Ёсць сярод іх хлопцы і з самога Казахстана, і, напрыклад, з Грузіі або з Арменіі ці Таджыкістана.

— А ці сустракаюцца сярод католікаў прадстаўнікі тытульнай нацыі, казахі?

— Канечне.

— А сярод святароў?

— Таксама, як, скажам, італьянцы, палякі ці беларусы. Вось, напрыклад, у парафіі айцоў марыянаў святарскую паслугу выконвае ксёндз Павел Федаровіч, які паходзіць з Ліды.

— А колькі наогул каталіцкіх парафій у горадзе?

— Чатыры. Адна з іх — грэка-каталіцкая. Усе яны ўваходзяць у склад Карагандзінскай дыяцэзіі, якая налічвае чатырнаццаць парафій і каля 40 тысяч вернікаў і якую ўзначальвае біскуп Адэліо Дэль’ Оро. У дыяцэзіі маецца сваё друкаванае выданне — «Credo/Верую», — ёсць аддзяленне дабрачыннага таварыства «Карытас». Як і шмат дзе ў іншых краінах, існуе ў дыяцэзіі і, напэўна, ва ўсім Казахстане, праблема недахопу святароў, што пры вялікай адлегласці — часам у 300–500 кіламетраў паміж парафіямі — уяўляе значную перашкоду для аптымальнага ахопу вернікаў душпастырскаю працаю.

— Каталіцкіх святыняў шмат у Карагандзе?

— Зразумела, не так шмат, як, напрыклад, у нас, у Беларусі. Галоўная — катэдра Маці Божай Фацімскай з рэліквіямі благаслаўлёнага ксяндза Уладзіслава Букавінскага, беатыфікацыя якога адбылася тут 11 верасня 2016 года. Ёсць сабор святога Юзафа, пабудаваны ў 70-я гады мінулага стагоддзя, касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Гэта тыя святыні, якія я паспеў наведаць за кароткі час прабывання ў горадзе. Ёсць капліцы, напрыклад, капліца на тэрыторыі духоўнай семінарыі, дзе моляцца клерыкі. 

— Распавядзіце крыху больш падрабязна пра згаданы на пачатку нашае размовы Карлаг. Што гэта такое?

— Гэта быў так званы выпраўленча-працоўны лагер для рэпрэсаваных, дарэчы, адзін з самых вялікіх у СССР (мясціўся на 17-ці тысячах гектараў), які існаваў у Карагандзе з 1930-га па 1959 год і з’яўляўся часткаю сумнавядомага Гулагу. А сёння гэта мемарыяльны комплекс у памяць людзей, якія бязвінна пацярпелі ў тыя часы, кшталту нашых Курапатаў, толькі без дрэваў. Яшчэ адна яго адметнасць — абеліскі розных краінаў і народаў на месцах пахавання суайчыннікаў, якія там загінулі.

Макет барака Карлагу

— Беларускі абеліск таксама ёсць?

— Ёсць. Паводле некаторых дадзеных, праз Карлаг прайшлі каля 600 тысяч дарослых беларусаў і іх дзяцей, якія там нара­дзіліся. Адначасова ж у асобныя гады там магло знаходзіцца ад 30-ці да 50-ці тысяч нашых суайчыннікаў. Зразумела, што многія з рэпрэсаваных загінулі, не дажылі да вызвалення, але той факт, што памяць ахвяраў ушанаваная, не можа не цешыць, тым больш, што ўшанаваная яна па-хрысціянску. Не можа не цешыць і той факт, што людзі, нягледзячы на розныя непамыслоты, не адварочваюцца ад веры, а наадварот – шукаюць у ёй надзейнае падтрымкі для захавання памяці, сваёй чалавечай, хрысціянскай сутнасці.

— То няхай гэта ўражанне, ксёндз Аляксей, заўсёды дадае Вам моцы ў Вашай святарскай працы. Дзякуй за размову!


Францішак Дубраўскі
Фота кс. Аляксея Ляшко

 

Цэтлікі: Інтэрв’ю

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней