З гісторыі старых і новых Старынак

Пра гэту гісторыю абяцалі напісаць кнігу. Калі гэта будзе, пакуль невядома, затое мы маем магчымасць ужо сёння апавесці пра яе ў нашым часопісе.


Гісторыя пачалася ў далёкім 1588 годзе ў вёсцы Біскупскія Старынкі, што недалёка ад Івянца. Сёння гэта проста Старынкі. Тут была пабудавана драўляная капліца пад тытулам Перамянення Пана. Славілася святыня цудоўнай фігурай Езуса Хрыста, якую зрабіў з дрэва майстар з Вільні, а людзі на ручніках неслі яе пехатою ў сваю вёску. Дарэчы, усіх жыхароў Старынак тады называлі «езусікамі». Шмат цудаў адбывалася праз Езуса Хрыста ў гэтай фігуры, таму людзі нават здалёк прыходзілі сюды па дапамогу.

У 1867 годзе капліца гвалтоўна была перададзена Праваслаўнай Царкве, а фігурку Езуса вывезлі ў касцёл у Дзераўное. У 1920 годзе жыхару вёскі Старынкі Казіміру Мойсу прысніўся сон, што Пан Езус у тым абліччы, што і ў фігурцы, стаіць пад капліцаю ў іх вёсцы. Людзі пачалі патрабаваць, каб капліцу ім зноў вярнулі. Хутка так і сталася: фігуру Езуса адразу ж перавезлі на старое месца.

Падчас Другой сусветнай вайны за сувязь з партызанамі фашысты аднойчы сагналі лю дзей у канец вёскі і хацелі расстраляць. Мужчына з прозвішчам Валовіч, які ведаў нямецкую мову, папрасіў гітлераўцаў дазволіць ім памаліцца перад смерцю да «свайго Езуса». Ім дазволілі. Калі людзі пачалі маліцца, фашысты вырашылі іх адпусціць. Такія цуды здараліся неаднойчы.

У савецкія часы капліца была зачынена, а ў 1962 годзе яе трактарам разбурылі. Сцены капліцы спалілі на ферме, дакументы і інвентар разабралі людзі. Звон хаваў у сябе Вацлаў Мойса, а потым патаемна вывез яго ў касцёл у Рубяжэвічы. Фігурку Езуса камуністы скінулі ў вялікі брудны роў. Людзі плакалі і баяліся нават глядзець у той бок. Аднак знайшлася адважная пажылая жанчына Караліна Цяшкевіч, якая палезла ў той роў, паклала фігурку Езуса на посцілку і волакам прыцягнула да хаты. Абмыла і паставіла ў кут, закрыўшы прасціною. Так гэта фігура прастаяла да 1990-х гадоў. Пані Караліна жыла самотна, амаль ні з кім не кантактавала, таму людзі не хадзілі да яе, каб памаліцца каля «свайго Езуса». І толькі ў 1991 годзе, калі пачалі адчыняць касцёлы, а ў Івянец прыехаў ксёндз з Польшчы, у Старынках адбылася св. Імша і людзі зноў убачылі дарагую ім фігуру Збаўцы. На месцы ранейшай капліцы пабудавалі з дошак невялічкую шопку, дзе яе і змясцілі. Пасля набажэнства фігурку забіралі зноў у хату, бо баяліся, што прападзе. Пасля чарговай урачыстасці людзі сталі разважаць пра тое, каб фігуру аднавіць, бо яна мела марны выгляд — была патрэсканая, брудная, без аднаго пальца, а праз твар Езуса праходзіла расколіна.

Заняцца справай рэстаўрацыі фігуркі ўзялася жыхарка вёскі Станіслава Вацлаваўна Новік. Адразу ж паехала ў Івянец да ксяндза Рубіна, але той не змог нічым дапамагчы. Па дарозе да дому сустрэла дырэктара Івянецкага музея Раманоўскага, які паабяцаў дапамогу: хутка прыслаў мастака і праца пачалася. Адбывалася гэта ў хаце Станіславы Вацлаваўны. Пасля таго як рэстаўрацыя была скончана, вяскоўцы сабраліся палюбавацца на «свайго Езуса». Прыехаў таксама ксёндз Рубін і старшыня сельскага савету Варакса, якія прапанавалі завезці фігуру Езуса ў івянецкі касцёл. Аднак людзі пачалі адстойваць права на тое, каб іх любімы Езус у гэтай фігуры застаўся ў Старынках. «Ён ахоўваў нашых продкаў, мы хочам, каб Езус і надалей бараніў нас і нашых нашчадкаў!», — выказаўся тады ад імя ўсіх вяскоўцаў Казімір Мойса. Так фігура засталася ў роднай вёсцы.

6 жніўня 1996 года на свята Перамянення Пана ў Старынках праходзіў чарговы фэст. Пасля св. Імшы ксёндз сказаў, што людзі павінны паклапаціцца пра тое, каб гэта месца было добраўпарадкавана, прынамсі агароджана, бо тут калісьці былі могілкі. Добра было б, каб і капліца паўстала. Вернікі і самі пра гэта ўжо думалі і нарэшце вырашылі будаваць святыню. Клопат пра гэту вельмі складаную справу ўзяла на сябе зноў жа Станіслава Новік. Як усё адбывалася і чым скончылася, няхай раскажа сама гэта адважная жанчына, якая ўвесь час вяла дзённік тых важных падзеяў. Вядома ж, мы даём толькі вытрымкі з яе запісаў.

«Мы з Альбінаю Лапо паехалі да старшыні калгаса В. Ч. Рудовіч прасіць дапамогі. Ён згадзіўся і хутка прывёз нам блокаў для будоўлі. Грошай у нас не было, і я ўзяла свае зберажэнні, якія хавала на „чорны дзень“. Потым з той жа Альбінай пайшлі па вёсках і па розных арганізацыях. Хто даваў 20 рублёў, хто 50. Зайшлі на птушкафабрыку і расказалі аб сваіх патрэбах. Там нам паабяцалі 20 мільёнаў рублёў. Акрыленыя такім поспехам, мы, шчаслівыя, пайшлі па дальніх вёсках. З’ездзілі ў Валожын і атрымалі дазвол на будаўніцтва капліцы. Прывозілі архітэктара, чатыры разы ездзілі ў Мінск. Заказалі праект. Калі ж справа дайшла да аплаты, дырэктар птушкафабрыкі сказаў, што такіх грошай у яго няма і ён увогуле „нічога не абяцаў“. Не памятаю, як мы выйшлі адтуль, я не адчувала зямлі пад сабою…

Аднойчы я сустрэла Фелікса Паплаўскага з Кульшыцаў. Разгаварыліся, і ён мне параіў нікому пакуль нічога не плаціць, а пачынаць будоўлю самастойна. І мы рызыкнулі. Разам з Альбінай Лапо паехалі на кані ў Кунашы і сабралі 20 мільёнаў рублёў. Запрасілі людзей дапамагчы заліць фундамент. На 13 млн рублёў купіла ў Мінску цэглу і на 6 млн — цэменту, усё сама прывезла. Фундамент залівалі мой муж Станіслаў, зяць Лёня, дачка Вольга, унук Дзяніс, Альбіна Лапо і тры чалавекі з Кунашоў. Другія мае дзве дачкі, Ірына і Марына, гатавалі абед. Залілі два бакі фундаменту. Аднак на другі дзень прыехаў старшыня с/с Варакса і сказаў, што тэлефанавалі з Валожына і забаранілі будаваць без дзяржакту, а ён каштуе 40 млн рублёў. Дзе нам іх узяць? Я паехала ў Валожын да старшыні райвыканкама. Паўдня праседзела ў прыёмнай, бо мяне не хацелі пускаць, але я настойвала. Калі ж мяне пусцілі, я ледзьве не самлела: успомніла, што ў гэты кабінет мяне некалі выклікалі, каб пакараць за тое, што я ішла за труною святой памяці ксяндза Пупіна, якога везлі хаваць па нашай дарозе. Я расплакалася наўзрыд. Старшыня Малішэўскі супакойваў мяне, даў вады і ўважліва выслухаў. Потым выклікаў архітэктара і начальніка будупраўлення і прыказаў ім не перашкаджаць нам узводзіць капліцу. А я дала слова, што калі пабудуем, я зраблю ўсе дакументы, так нам будзе прасцей. Божа, з якой радасцю я ляцела адтуль!..

І вось зрабілі сцены — будуем капліцу па праекце, які я сама прыдумала. Грошай не хапала аплаціць рабочым, тады мы з мужам вырашылі прадаць карову і толькі так разлічыліся. 11 жніўня 1997 года паехала я з зяцем у вёску Камень, у лясніцтва, прасіць лесу для страпілаў. Далі, дзякуй ім. А як прывезці? Няма трактара! Божа, дапамажы нам! Мы так стаміліся ад клопату і людскіх перасудаў! Амаль ніхто не верыў, што мы пабудуем капліцу.

… Вось ужо больш за год прайшло, а я ні днём, ні ноччу не магу забыцца пра тое, што трэба будаваць, недзе здабываць грошы і будматэрыялы. Зноў пайшлі з 80-гадоваю Альбінаю па вёсках. Сустракалі нас па-рознаму: многія з радасцю складалі ахвяру, а некаторыя ганьбілі нас. Але Пан Бог даў нам такую ласку, што гэта нас не крыўдзіла. Мы толькі прасілі Бога прабачыць ім, бо яны грашылі праз нас. Каб мы не зайшлі да іх, яны б не гаварылі блюзнерча. Вялікі дзякуй ксяндзу Рычарду з Рубяжэвічаў, дапамог нам крыху, абяцаў яшчэ дапамагчы. Так мы сабралі 21 млн рублёў.

Учора, 1 лістапада 1997 г., на ўрачыстасць Усіх Святых на могілках было шмат людзей. Прыехаў ксёндз Каетан. Людзі сабралі грошы, думаючы, што яны пойдуць на будаўніцтва капліцы, аднак ксёндз забраў іх — у Івянцы будавалася плябанія — таксама грошы патрэбныя. Нашыя людзі былі абураныя і патрабавалі, каб касцёльны камітэт паразмаўляў са святаром, але хто пойдзе? Усе хочуць быць добрымі, абураюцца толькі за вочы. Прыйшлося мне і за гэта ўзяцца…

На зіму накрылі часова дах рубероідам. Вясною разам са Стасяй Сакалоўскай і Ядзяй Валовіч паехалі на кані ў Гілікі прасіць у людзей шыферу — падчас урагану ў многіх на дамах пазносіла дахі і некаторыя гаспадары купілі шыфер у запас. Многія давалі хоць па некалькі лістоў, а хто не меў, ахвяравалі грошы. Знайшла брыгаду, якая згадзілася за 27 млн рублёў зрабіць дах. Паехала ў Рубяжэвічы, кс. Рычард даў 5 мільёнаў, нашыя людзі назбіралі, і я заплаціла аванс 9 млн. На фэсце ў сябе 6 жніўня 1998 г. сабралі 5 мільёнаў. Дзе астатнія браць, не ведала. Надышла восень. Хацелася атынкаваць сцены. Згадзіўся гэта зрабіць Тадэвуш Навіцкі з в. Дзераўное са сваёю жонкаю Марыяй. Узялі нядорага, усяго 9 млн рублёў.

…Сабрала крыху грошай і купіла ДВП для столі. Запрасіла рабочых з «Крыніцы» — Закрэўскага з сынам, якія за пару дзён усё зрабілі. Купіла бэушныя дзверы і разам з Казімірам іх завесілі. З дачкою і мужам бялілі сцены. Вельмі стамілася. Захварэла я і лягла на аперацыю ў Бараўляны — выдалілі камяні з нырак і жоўцевага пузыра. Усё прайшло паспяхова, аднак праз нейкі час зноў прыйшлося легчы ў бальніцу з радыкулітам. Але я і там працавала: узяла ў касцёле каталіцкія часопісы, абразкі Маці Божай і хадзіла па палатах — гаварыла людзям пра Езуса і пра тое, што мы будуем капліцу. Многія пачалі прыносіць мне грошы на гэту мэту.

У жніўні 2000 г. кс. Каетана адаслалі ў Польшчу, а на яго месца прыехаў малады, энергічны кс. Лех Баханэк. У мяне з’явілася надзея, што цяпер будзе лягчэй супрацоўнічаць са святаром — зрабіць агароджу вакол капліцы, казырок для званіцы, правесці святло і іншае. Мы адразу ж папрасілі святара асвяціць капліцу, але ён сказаў, што прыедзе кардынал Казімір Свёнтэк і зробіць гэта. З вялікай радасцю мы сустракалі іерарха. Кардынал паразмаўляў са мною, сказаў, што трэба зрабіць усе дакументы на капліцу. Падзякаваў нам за працу і за настойлівасць. Паабяцаў пазней прыехаць і асвяціць капліцу.

Прыйшла вясна, і зноў — праца. Зноў здабыванне грошай, шуканне працаўнікоў, будматэрыялаў. Села і пачала размаўляць з Езусам. Прасіла таксама майго любага святога Антонія дапамагчы нам. І здарыўся цуд: мы знайшлі ўсё, чаго не хапала! Потым у Пяршаях сустрэла майстра, які робіць металічныя агароджы. Ён запрасіў 1000 даляраў. Хоць грошай не было, але я яго наняла, верачы ў тое, што Пан Бог нешта прыдумае. І раптам кліча мяне да сябе Юзэфа Карневіч і кажа, што яе сын Олік аплаціць усю гэтую суму. Хвала Табе, Пане!

20 жніўня прыязджаў спецыяліст з Мінска, Васіль Трацэўскі. Яго паслаў да нас кардынал Казімір Свёнтэк, каб той зрабіў замеры капліцы. Гэты чалавек усё зрабіў і пахваліў мяне за працу. Абяцаў дапамагчы ў збудаванні званіцы, алтара і ўнутры святыні. А яшчэ ён сказаў, што напіша кнігу пра нашу капліцу, і што я ўвайшла ў гісторыю. Я падумала: навошта мне гэта трэба, лепш бы грошай даў і дапамог, як абяцае...

На свята Перамянення Пана прыйшла да нас пілігрымка з Івянца. Былі 4 ксяндзы, 2 законныя сястры, шмат народу. Многа добрых слоў было сказана ў мой адрас. Я была шчаслівая, бо часта прыходзілася выслухоўваць абразы ў свой бок. Праз тры дні пасля гэтага ў Старынках здарыўся цуд: Ядвіга Кайровіч убачыла Езуса на небе! Быў вечар, раптам найшла навальніца з маланкаю, а на небе з’явілася воблака, на якім стаяў Езус тварам да капліцы ў такім выглядзе, як і на сваёй фігуры. Раніцою Ядвіга расказала пра гэта нам і святару. Мы ўсе пайшлі маліцца ў капліцу і дзякавалі Збавіцелю, што Ён сам асвяціў нашу капліцу. <...>

Я радуюся, што пабудавана святыня і што фігура нашага любага Езуса стаіць на алтары. Ніколі не магла нават уявіць, што я на такое здольная. Ведаю, што гэта зрабіла мая вера і любоў да Бога. Гэта не я, але Ён, наш Езус! Гэта Яго заслуга! Я толькі шчаслівая, што Ён мяне абраў для гэтай справы, хаця мог выбраць і некага іншага, больш разумнага, багацейшага. Аднак менавіта мне, вялікай грэшніцы, дасталося гэта шчасце. Хвала Табе, Езус, за такі дар Тваёй міласэрнасці!»

Пазнаёміўшыся са Станіславай Новік і яе дзённікам, хачу сказаць, што старанне і пакуты гэтай жанчыны ў справе адраджэння святыні ўражваюць. Яны, сапраўды, гераічныя. Прызнаюся, што чула ад некаторых яе землякоў, што гэта жанчына мае складаны характар і з ёю бывае няпроста. На гэта хочацца сказаць, што характар у яе не складаны, ён проста у яе ёсць. З іншым характарам такую справу наўрад бы ці хто зрабіў...

Нядаўна Станіслава Вацлаваўна адзначыла 83 гады з дня свайго нараджэння. Мы жадаем ёй моцнага здароўя і просім міласэрнага Езуса адарыць яе і яе блізкіх шчодрымі ласкамі.


Галіна Калевіч

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней