Сённяшні наш аповед пра Ірыну Фруцкую, чалавека глыбокай веры. Веры такой, што, нягледзячы на сваю фізічную слепату, жанчына стала легіянерам Марыі, каб несці Божае слова тым, хто мае вочы, але не бачыць, і мае вушы, але не чуе.
Ірына аслепла ў 13 гадоў. Менавіта тады яна захварэла на энцэфаліт і пасля няўдалай аперацыі страціла зрок. У адно імгненне дзяўчынка апынулася ў цемры не толькі фізічнай, але і духоўнай. Дзяўчо-падлетак ніяк не хацела змірыцца з тым, што ўжо ніколі не будзе бачыць. Няўцешна плакала два гады. А потым яе забрала да сябе бабуля Вераніка (маміна мама), вельмі добрая і пабожная жанчына. Яна выгадавала семярых дзяцей і вырашыла астатак свайго жыцця прысвяціць сваёй гаротнай унучцы. Бабуля навучыла Ірыну маліцца, вазіла з сабою ў барунскі касцёл, які знаходзіўся недалёка ад іх вёскі і быў заўсёды адчынены, нават падчас ваяўнічага атэізму.
У 19 гадоў Ірына пачала працаваць. Ёй дадому прывозілі дэталі для электрапрыбораў, і яна іх збірала. Прывозіў ёй гэтую працу хлопец Мікалай, які пазней стаў яе мужам. Менавіта ён угаварыў дзяўчыну паехаць працаваць у Маладзечна. Бабуля падтрымала гэтую ідэю. Яна казала ўнучцы: «Я памру, а што ты тут адна будзеш рабіць — сядзець пад плотам з выцягнутай рукою?». Ірына вырашыла паспрабаваць і хутка ўжо працавала на маладзечанскім прадпрыемстве ад «Таварыства сляпых», дзе ёй далі пакой у інтэрнаце.
На дзіва сабе і іншым, Ірына стала добрай спартсменкай. Займалася лёгкай атлетыкай і лыжамі. Выступаючы на рэспубліканскіх спаборніцтвах, займала прызавыя месцы.
Ішоў 1982 год. З Мікалаем, дзякуючы якому Ірына апынулася ў Маладзечне, яны былі сябрамі. І вось праз шэсць гадоў ён нечакана прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Мікалай — інвалід другой групы па зроку (слабавідушчы). Маці Ірыны сур’ёзна тады паразмаўляла з ім. Сказала, што гэта вельмі адказны крок з яго боку і яна не хоча, каб яе сляпая дачка стала прычынай яго няшчасця. Мікалай свайго рашэння не змяніў, і ў 1989 годзе яны ажаніліся. У 1994 годзе ў сям’і Фруцкіх нарадзіўся доўгачаканы сын Дзіма.
Шчасце мацярынства — асаблівае шчасце. Ірына вельмі ўдзячная Пану Богу за гэты падарунак і за тое, што даў сілы, мужнасці і вытрымкі супрацьстаяць усяму нядобраму, што суправаджала нараджэнне гэтага шчасця. Многія тады і шэптам і ўголас казалі: «Навошта ёй гэтыя праблемы?..» Страшна было ад таго, што нават дактары не хацелі яе глядзець, калі была цяжарнай. Памятае, як гінеколаг абразліва сказала: «Я не збіраюся вас тут распранаць і апранаць...». Ірына адказала: «Я сама ўсё гэта раблю, вы толькі пакажыце, дзе знаходзіцца крэсла». Пасля родаў яе паклалі чамусьці ў асобную палату, так што не было нават каму дапамагчы. У калідоры Ірына сустрэла знаёмую жанчыну і папрасіла паказаць, дзе знаходзяцца туалет і душавы пакой. І вось так пастаянна...
Па сваім характары Ірына вельмі далікатны і сціплы чалавек. Стараецца нікому не дакучаць і не навязвацца. Адзіныя, да каго яна не баіцца звяртацца ў любы час і з любымі просьбамі, гэта — Пан Бог і Найсвяцейшая Маці. Яна нават у сне не раз бачыла Маці Божую Барунскую, якая давала ёй парады ў цяжкіх сітуацыях. Так было, напрыклад, тады, калі яна пераехала жыць у Маладзечна. Ірына прывыкла часта бываць з бабуляй у касцёле, а ў Маладзечне ў той час касцёла не было. Маці Божая суцешыла яе тады ў сне, сказаўшы: «Пацярпі яшчэ 7 гадоў — і будзе касцёл». Пакуль касцёл пабудавалі, падрос сын Дзіма. Менавіта ён і пачаў вадзіць маму ў святыню. З часам падлетку хацелася застацца з моладдзю ў касцёле пасля святой Імшы, аднак трэба было весці маці дадому. Ірына перажывала, што яна для сына толькі абуза. Аднойчы, плачучы, яна спытала Маці Божую ў малітве, што ёй рабіць. У сне зноў убачыла Багародзіцу, якая сказала: «Не перажывай, Я табе дапамагу». Хутка Ірына пазнаёмілася ў касцёле з пані Рэгінай, якая прапанавала вадзіць яе ў касцёл.
Дзіма ж неўзабаве ўступіў у моладзевую групу Легіёна Марыі. Ірына таксама зацікавілася гэтым рухам, аднак разумела, што будзе дадатковая праблема з суправаджэннем яе яшчэ і на сход, а потым на апостальскую працу. Яна малілася і чакала спаўнення Божай волі.
Штогод Легіён Марыі адзначае ўрачыстае свята Acies, што з лацінскай мовы перакладаецца як «агляд войска». Кожны легіянер урачыста пацвярджае сваю вернасць Беззаганнай Маці. Разам са сваім сынам на гэта свята ў мінскую архікатэдру прыехала і Ірына. Як і кожны легіянер, яна ўрачыста склала асабістае пасвячэнне: «Я ўся духам Твая, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе». Пасля гэтага яна зразумела, што не быць легіянерам ужо не зможа.
— З уступленнем у Легіён Марыі, — гаворыць Ірына, — значна пашырылася кола маіх сяброў. — Я адчула сябе часткай вялікай сям’і родных па духу людзей. Радасць прыносіць і тое, што я адчуваю сябе тут патрэбнай. Шчаслівая ад таго, што магу дапамагчы іншым малітвай, словам і сваім прыкладам.
Вядома, што чалавек, які мае глыбокую, шчырую веру, прагне дзяліцца ёю з іншымі. У Легіёне Марыі ў Ірыны такой магчымасці стала нашмат больш. Раз на тыдзень яна абавязкова ідзе з кімсьці з легіянераў на апостальскую працу — у бальніцу, парк, іншае люднае месца, дзе патрэбны малітва і слова пра Бога. Легіянеры ўпэўнены, што сведчанне невідушчай жанчыны не пакідае раўнадушным нават самага ўпартага скептыка і недаверка.
Трэба сказаць, што малітва Ірыны вельмі моцная, бо ідзе з глыбіні шчырага і вельмі ахвярнага сэрца. Аб гэтым сведчаць і тыя, за каго яна малілася і моліцца. Аб гэтым сведчыць і такі вось факт. Калі ў Мінск прывезлі з Новага Афона каўчэг з дарамі трох каралёў, Ірына прасіла Езуса і Марыю дапамагчы ёй дабрацца да іх, каб ушанаваць. Неўзабаве звоніць ёй адна з легіянерак і запрашае ў гэтую паездку. Стоячы ў чарзе, Ірына чула, што многія імкнуцца прыкласці да святых рэліквій свае залатыя рэчы. Яна тады падумала: лепш сэрцам да іх дакрануцца! Мела ў кішэні два ружанцы і вырашыла, што абавязкова прыкладзе іх да каўчэга і папросіць у Бога, каб даў ласку плённай малітвы за тых, каму гэта патрэбна. Так і зрабіла. І ў той самы момант адчула неверагодны пах. Нейкі час яе ружанцы захоўвалі гэты, па яе словах, водар неба. А цяпер, калі яна моліцца на іх, то заўсёды на пятай таямніцы Святла — «Устанаўленне Эўхарыстыі» — адчувае той незабыўны пах...
Не наракаць на лёс, мужна несці свой крыж — гэта пад сілу вельмі моцнаму духам чалавеку. Ірына адна з іх. Яна ніколі нікому не скардзіцца, заўсёды далікатна адыходзіць ад тэмы сваіх праблемаў, са спачуваннем выслухоўвае іншых і заўсёды дапамагае словам і малітвай. У нашай размове яна сказала:
— Я вельмі хацела б хоць на імгненне ўбачыць твары сына і мужа, паглядзець на прыроду... Многія людзі не цэняць тое, што маюць. Усім ім я жадаю менш наракаць на лёс, а больш радавацца жыццю — яно, сапраўды, прыгожае.
Галіна Калевіч.
Фота Анжалікі Жалудок.