Гэты артыкул — першая спроба расказаць пра бацькоў, а перадусім — пра маці слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Спадзяемся, што эпізоды з жыцця сям’і Лазінскіх дапамогуць чытачам адкрыць прыгажосць супольнасці, якою з’яўляецца хрысціянская сям’я.
Найдаражэйшая матачка — так называў сваю маці слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі…
У 1869 годзе дваццацічатырохгадовая Людвіка Марыя Чачот, дзяўчына шляхецкага паходжання з герба «Астоя», выйшла замуж за Уладзіслава Любіча-Лазінскага з герба «Любіч». Вянчанне адбывалася ў касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку. У іх сям’і нарадзілася шэсць сыноў і дачка. Зыгмунт Канстанцый Антоній, а сёння слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, быў старэйшым з дзяцей. Яго брат Вацлаў быў маладзейшы на год, Багдан — на тры гады, Караль — на шэсць гадоў, блізняты Станіслаў і Канстанцый — на дзесяць гадоў, а сястра Марыя была маладзейшая на сямнаццаць гадоў. Тата быў інжынерам, пісьменнікам, суддзёю гміны чатырох скліканняў, хатнім кампазітарам, адміністратарам нерухомасці, паляўнічым і аўтарытэтам для ўсёй сям’і і суседзяў. Ён заўсёды заставаўся прамалінейным у словах і ўчынках, але спагадлівым і ветлівым для ўсіх. Уладзіслаў Любіч-Лазінскі трапна, з першага позірку, ацэньваў людзей, якіх наймаў для хатняй і фальваркавай службы. Маці Людвіка Марыя скончыла сярэднюю школу, дзе настаўніцаю была манаская асоба. Маці была прыгожаю жанчынаю, якая мела музычныя здольнасці і грала на фартэпіяна, спявала меца-сапрана з лёгкім каларатурным адценнем. Караль Лазінскі ўспамінаў, што настаўнік яго маці, знакаміты ў тыя часы кампазітар Вільгельм Трошэль (Troschel), «пераконваў матачку, што ёй трэба атрымліваць адукацыю опернай спявачкі, але ў тыя часы неадназначна ставіліся да жанчыны з такой прафесіяй». Яна спявала, напрыклад, «Фізакі» Мюнхльцэйнера, творы Тосці і Дэнца «Таму што», «Развітанне», «Скарга» Дэнца; «Вячэрнюю песню» С. Манюшкі, «Скрыпкі сваты» Кратцэра і песні Карловіча. У маці Зыгмунта Лазінскага былі і свае кулінарныя сакрэты. Апроч таго, яна добра страляла з дубальтоўкі. Часам Людвіка Марыя прадчувала няшчасці, адчувала неспакой падчас навальніцаў. У яе была слабасць да розных невялікіх флаконаў, баначак, кубачкаў і г.д. Яна была незвычайна добраю, прыстойнаю, тактоўнаю і глыбока рэлігійнаю жанчынаю, вылучалася асабліваю любоўю да Бога і людзей, Касцёла і Бацькаўшчыны, умела стварыць атмасферу шчырасці, зычлівасці, узаемнага даверу, радасці, гасціннасці і адказнасці.
Уся сям’я Лазінскіх жыла то ў Бараціне (у маёнтку Чачотаў), то ў Чэрніку, то ў Варшаве, аднак менавіта Барацін быў найбольш блізкім іх сэрцам.
Людвіка Марыя і Уладзіслаў Лазінскія цалкам аддаваліся выхаванню дзяцей — бацькі неслі дзецям святло ўласнага прыкладу і глядзелі, каб ніводная спакуса, якая магла б прыйсці ад наёмных работнікаў ці чужых людзей, не мела доступу да дзяцей. Ад калыскі Лазінскія прывучалі іх да дысцыпліны і маральных паводзінаў. Бацькі звярталі асаблівую ўвагу на стаўленне да старэйшых, да хатніх служачых і да незнаёмых людзей. Яны вучылі, што гэтае стаўленне павінна будавацца на зычлівасці і ветлівасці. Людвіка Марыя і Уладзіслаў Лазінскія выхоўвалі дзяцей у духу рэлігійнасці: у адпаведнасці з узростам дзіцяці, яны прывучалі яго да выканання той ці іншай рэлігійнай практыкі, працы і парадку.
Барацін, маёнтак Чачотаў, фота Яна Булгака, 1925 г.
У Лазінскіх была незвычайная сямейная повязь — усе адорвалі адзін аднаго зычлівасцю і любоўю. Вельмі ўрачыста святкаваліся імяніны бацькоў. Дзеці дарылі імяніннікам свае «вырабы». Загады бацькоў былі заўсёды яснымі, зразумелымі і служылі толькі дабру. У дзяцей не было сакрэтаў ад бацькоў, наадварот, яны ахвотна прасілі ў іх парады. Хвароба кагосьці з сям’і, работнікаў хатняй службы і кожнае іншае няшчасце былі для іх нагодаю для ўчынкаў хрысціянскай любові.
На інтэлектуальнае выхаванне дзяцей мелі ўплыў таксама і хатнія настаўнікі. У іх ліку былі выкладчыкі французскай, нямецкай, рускай мовы і іншых прадметаў, дзядзька ксёндз Вітальд Чачот і яго бацькі, а таксама знакамітыя сябры бацькоў з «высокіх сфераў». Дзеці вельмі радаваліся, калі сям’я прымала гасцей.
Дом Лазінскіх быў добраю школаю хрысціянскага, грамадскага і патрыятычнага жыцця. Бацька вучыў дзяцей правапісу, чатыром арыфметычным дзеянням і дапамагаў чытаць на рускай мове. Ён вучыў дзяцей верхавой яздзе, плаванню, карыстанню паляўнічай зброяй. Маці вучыла чытанню, музыцы і танцу — была «дырэктаркаю» гэтай школы. З цягам часу старэйшыя браты пачыналі вучыць малодшых. Дыдактычнаю дапамогаю ў навучанні былі розныя кніжкі, у тым ліку «Лемантар, з якім навучышся чытаць за 5 ці 8 тыдняў» Казіміра Промыка, «Музычная школа» Уладзіслава Зяленскага, «Гісторыя Польшчы» Юзафа Хацішэўскага і «Вечары пад Ліпаю» Луцыяна Сяменскага.
У сям’і Лазінскіх маці была асаблівым чалавекам: сваёю прысутнасцю і аўтарытэтам, розумам і сэрцам яна фарміравала свядомасць дзяцей адпаведна іх узросту. Не было неабходнасці ў пакараннях, крыках і нараканнях. Людвіка Марыя была своеасаблівым сямейным тэолагам.
«Ад маці дзеці даведваліся пра добрага Бога Айца і Стварыцеля ўсіх рэчаў, пра Збаўцу свету, пра Духа Святога, які асвячае і прамаўляе голасам сумлення, пра Маці Божую, пра Анёла Ахоўніка, які любіць нас і абараняе добрых дзяцей ад злога. Кожная хрысціянская ўрачыстасць ці наведванне касцёла былі нагодаю для размоваў на Божыя тэмы. Зыгмунт, нягледзячы на сваю жвавасць і вясёлы настрой, заўсёды з вялікаю ўвагаю слухаў матчыны катэхезы. Не дзіва, што ў яго з маленства была любоў да ўсяго прыгожага, шляхетнага і Божага».
Дзеці з маленства былі далучаныя да таямніцы і сэнсу малітвы, да ўдзелу ў святой Імшы і набажэнствах. Маці сама рыхтавала іх да першай споведзі і святой Камуніі. У навучанні праўдам веры яна карысталася распрацоўкаю ксяндза Антонія Пуцятыцкага «Катэхізіс і святая гісторыя». Маці арганізоўвала хатняе Маёвае набажэнства, якое ўсе вельмі любілі.
Урачыстасці Божага Нараджэння і Вялікадня былі для сям’і вялікімі падзеямі, якія перажываліся ў повязі з канкрэтнаю рэчаіснасцю. Напрыклад, вігілійная вячэра ніколі не пачыналася, пакуль бацька не вернецца з Бараціна ў Чэрнік; ці калі маці хварэла, у хаце не ставілі елачку, не было таксама гасцей і забаваў…
Маці для Зыгмунта Лазінскага была ідэалам. Калі хлопчыку было 2–3 гады, ён станавіўся разам з ёю на калені і складаў, як яна, ручкі, углядаючыся ў Пана Езуса на крыжы або ў святы абраз. Зыгмунт глыбока паважаў маці да канца свайго жыцця.
Калі Зыгмунт Лазінскі вучыўся ў Варшаўскай гімназіі, ён узгадваў заклапочаны твар бацькі і пяшчотнае аблічча сваёй маці, неаднойчы размаўляў пра іх са сваімі братамі. Зыгмунт штодзённа маліўся за сваіх бацькоў і дзядоў. Ён цешыўся, калі ў сям’і ўсе былі здаровыя. Аднойчы слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі прызнаўся:
«Калі я быў малым хлопцам, маці казала мне тройчы дадаваць
да штодзённых малітваў заклік: „Божа мой міласэрны,
дзеля мукі Твайго Сына, змілуйся над нашай няшчаснай Бацькаўшчынай“.
З той хвіліны я ніколі не пераставаў паўтараць гэтую малітву,
такую кароткую і простую, але ў якую ўкладзены такі глыбокі сэнс».
***
Гады прабывання ў бацькоўскім доме хутка прайшлі. Настаў час вучобы ва ўніверсітэце, уладкавання на працу, заснавання сям’і. Думкаю і сэрцам маці заўсёды была з дзецьмі — пра гэта сведчыць захаваная сямейная карэспандэнцыя і «Успаміны для нашчадкаў» Караля Лазінскага.
Пасля зняволення ў Аглоне ксёндз Зыгмунт Лазінскі працаваў у парафіі ў Туле, куды маці прысылала яму бялізну, прадукты і прысмакі, а ён раздаваў усё дзецям і моладзі, якія прыходзілі на катэхезу.
Маці шмат разоў наведвала сыноў падчас іх вучобы ў Варшаве, клапоцячыся пра іх здароўе і пра ўмовы, у якіх ім даводзілася жыць і вучыцца. Яна наведвала сына Караля, які вучыўся ў Кракаве. Асабліваю апекаю яна ахінала дачку Марыю, у якой было падазрэнне на туберкулёз: на працягу некалькіх гадоў Людвіка Марыя выязджала з ёю ў Закапанэ і на іншыя курорты.
Гэтую цудоўную, мужную жанчыну жыццё выпрабоўвала рознымі хваробамі. Яна перанесла адзёр, запаленне бронхаў, у яе адыходзіла рагавіца правага вока. Людвіка Марыя перажыла сардэчны прыступ, пасля якога доўга лячылася, гадамі яе мучыў артрыт і рэўматычныя хваробы, якія, нягледзячы на лячэнне, не адступалі. Яна зносіла ўсе цярпенні, цалкам давяраючыся Божай волі.
***
У красавіку 1923 г. біскупа Зыгмунта Лазінскага напаткаў вялікі ўдар: памерла яго маці. Ён сам выканаў для яе апошнюю духоўную паслугу… Ён ні перад кім не плакаўся, але было бачна, што біскуп Лазінскі моцна перажываў смерць маці — гэта відаць і па яго лістах, напісаных у той перыяд. Ён успамінаў маці з вялікаю пяшчотаю, давяраючы яе душу малітвам сваіх пабожных сяброў і знаёмых. Біскуп Зыгмунт цэлебраваў за яе шмат святых Імшаў і да канца жыцця памятаў пра яе ў сваіх малітвах і падчас складання Найсвяцейшай Ахвяры.
Падрыхтаваў кс. Станіслаў Паўліна
Гэтая публікацыя створаная паводле «Зборніка 80-ці лістоў 1879–1921 гадоў Зыгмунта Лазінскага (1870-1932), біскупа Мінскага і Пінскага» (Rps BUW, nr inw. 4943); кнігі брата слугі Божага Караля Лазінскага «Успаміны для нашчадкаў» (Rkp BUW, nr inw. 3736) і таксама кнігі ксяндза Яна Васілеўскага «Ксёндз Зыгмунт Лазінскі, біскуп Пінскі» (машынапіс, 1939).