20 кастрычніка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 30-годдзе біскупскай сакры. Першы біскуп у Беларусі пасля дзесяцігоддзяў атэістычнага ўціску, першы доктар тэалогіі ў Беларусі. Менавіта ён распачаў адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў нашым Краі: адчыніў Гродзенскую духоўную семінарыю, арганізаваў выданне катэхетычнай і рэлігійнай літаратуры. Яго намаганнямі былі вернуты першыя з адабраных касцёлаў, распачатае іх аднаўленне і будаўніцтва новых…
Каталіцкі Касцёл у Расіі таксама абавязаны нашаму мітрапаліту сваім інтэнсіўным і хуткім адраджэннем і ўстанаўленнем касцёльных структураў.
Вяртанне мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь было прадвызначана Божым Провідам. Яго дзейсная, па-юначы няўрымслівая натура, дэмакратычнасць, заўсёдная гатоўнасць да супрацоўніцтва і дыялогу як з асобнымі людзьмі, так і з рознымі арганізацыямі і канфесіямі, яго ўсебаковая адукаванасць заваявалі вялікую прыхільнасць, сімпатыю і аўтарытэт не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Наш Касцёл па праву ганарыцца сваім Пастырам і вельмі яго паважае.
Рэдакцыя часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» ўдзячныя Яго Эксцэленцыі за падтрымку і супрацоўніцтва, за цікавыя і заўсёды актуальныя аўтарскія тэксты, за адкрытасць і разуменне спецыфікі нашай працы.
Шаноўны і глыбокапаважаны арцыбіскуп Тадэвуш! Сардэчна віншуем Вас з 30-годдзем біскупскай сакры! Жадаем Вам найперш моцнага здароўя, шмат сілы і энергіі ў Вашым адказным і нялёгкім служэнні. Няхай Дух Святы шчодра асыпае Вас сваімі дарамі, а Маці Міласэрнасці, як свайго сына, атуляе нястомнаю любоўю і апекаю.
Бог хай адорыць ласкаю,
шчодра благаславіць,
каб у служэнні пастырскім
шлях Яго не згубіць.
Маці сваёй апекаю
хай дапаможа Вам
усіх беларускіх вернікаў
весці да неба брам.
Мы звярнуліся да Яго Эксцэленцыі Тадэвуша Кандрусевіча
з просьбаю адказаць усяго на адно наша пытанне:
«Падсумоўваючы 30 гадоў біскупскага служэння,
за што Вы, Ваша Эксцэленцыя,
больш за ўсё ўздячныя Пану Богу?»
Калі св. Ян Павел ІІ у 1979 г. упершыню як Папа наведаў свой родны горад Вадавіцы, ён сказаў: «Тут усё распачалося». Адказваючы на Ваша пытанне, згадваючы словы Вялікага Папы, хачу паўтарыць яго словы і сказаць, што ўсё распачалося ў невялікай вёсцы — родным Адэльску, што пад Гродна, дзе нарадзіўся, быў ахрышчаны і ў вельмі складаных умовах атэістычнвага рэжыму атрымаў рэлігійнае і агульначалавечае выхаванне.
Удзячны сваім, святой памяці бацькам, Анне і Ігнацыю, за пераказаны Божы дар жыцця. Яны разам з бабуляй былі першымі настаўнікамі маёй веры і выхавацелямі ў духу любові да Бога і бліжняга. Дзядуля памёр хутка пасля майго нараджэння, і яго не памятаю. З удзячнасцю ўспамінаю таксама святой памяці сястру Марыю, з якою разам узрастаў і якая вызначалася асаблівай руплівасцю ў навуцы і служэнню бліжняму. Яны разам з блізкімі, суседзямі і знаёмымі вельмі моцна паўплывалі на маё выхаванне і загартавалі ў вызнаванні веры, што прыдалося мне ў пазнейшыя часы.
Вялікі ўплыў на маю фармацыю меў адэльскі пробашч, святой памяці ксёндз прэлат Пётр Барташэвіч. У ім я бачыў святара і чалавека, якога ўжо ў мае школьныя і студэнцкія гады вылучаў шырокі позірк на служэнне Касцёла, які не павінен замыкацца ў сваіх сценах, але мусіць выходзіць да людзей.
Удзячны і іншым святарам у Беларусі і Ленінградзе, дзе вучыўся ў Політэхнічным інстытуце.
Некаторыя прафесары інстытута ведалі, што я веруючы і хаджу ў касцёл, але ніколі не перашкаджалі маім духоўным перакананням. З аднаго боку, гэта было даволі дзіўна, бо адбывалася ў горадзе трох рэвалюцый, якім быў Ленінград. З іншага — было вельмі прыемна, што і ў ім былі талерантныя людзі, якія паважалі светапогляд іншага чалавека.
Пасля паспяховага завяршэння інстытута Божы Провід учыніў так, што мяне скіравалі на працу ў Вільнюс, дзе ў тыя часы было, у параўнанні з агульнай сітуацыяй у былым Савецкім Саюзе, шмат касцёлаў і святароў.
Складаная сітуацыя Касцёла ў Беларусі ставіла перада мною шмат пытанняў. Адно з іх, ці змагу я, знаходзячыся ў Літве, дзе ў Каўнасе дзейнічае духоўная семінарыя, чымсьці дапамагчы Касцёлу на сваёй Радзіме? Ішлі гады, і нарэшце ў Вострай Браме я прыняў рашэнне ісці ў семінарыю.
Пасля яе паспяховага завяршэння ў 1991 годзе я працаваў у Літве. Бясконца ўдзячны Касцёлу ў Літве, які даў мне магчымасць рыхтавацца да святарства і падрыхтаваць, а потым абараніць доктарскую дысертацыю, набыць багаты пастырскі вопыт.
Божы Провід распарадзіўся так, што ў 1998 годзе я вярнуўся ў Беларусь і распачаў пастырскую дзейнасць у Гродне. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю нешматлікіх святароў, якія тады працавалі на Беларусі, асабліва ў горадзе над Нёманам і Гродзенскай вобласці.
У 1989 годзе папа Ян Павел II прызначыў мяне першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Чаму мяне? Не ведаю. Але ўдзячны яму бясконца за давер і за малітву. Да сённяшняга дня ў маіх вушах гучаць яго словы, з якімі ён звярнуўся да мяне пасля біскупскай кансэкрацыі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане 20 кастрычніка 1989 года каля выявы Божай Маці «Пьета». Тады ён узяў мяне за рукі, моцна сціснуў і сказаў: «Тадэвуш, не бойся, я малюся за цябе».
Бог благаславіў маё служэнне ў Беларусі. Ужо вярталіся адабраныя касцёлы, распачыналася будоўля новых, пачалося выданне рэлігійнай і літургічнай літаратуры, у Гродне адкрылася духоўная семінарыя, з Польшчы прыехалі святары і кансэкраваныя асобы, каб дапамагаць у адраджэнні Касцёла.
Але Бог меў іншы план для мяне: рашэннем Яна Паўла ІІ у 1991 годзе я быў накіраваны ў Маскву. Сітуацыя Каталіцкага Касцёла ў Расіі ў тыя часы была катастрафічнаю, аднак Бог ізноў благаславіў. Хаця было нялёгка, але я сваё служэнне даверыў Божай Маці Фацімскай, якая ў фатальным 1917 годзе, калі атэістычны рэжым прыйшоў на даўно прыняўшую хрысціянства зямлю, прадказала яе навяртанне.
Бог дазволіў мне быць не толькі сведкам, але і ўдзельнікам гэтага працэсу. Адраджаліся парафіі і розныя касцёльныя структуры. Быў заснаваны Тэалагічны каледж і адноўлена закрытая пасля рэвалюцыі 1917 года духоўная семінарыя, развіваліся каталіцкія медыя, выдавецкая і харытатыўная дзейнасць. Адносіны з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, паступова нармалізоўваліся, і гэтаму спадарожнічала ідэя пра тое, што мы не ворагі, а спадзвіжнікі ў справе абароны традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў у часы наступаючага секулярызму і маральнага рэлятывізму. За 16 з паловаю гадоў майго служэння ў Расіі Каталіцкі Касцёл стаў інтэгральнаю часткаю расійскага грамадства, і з яго пазіцыяй сталі лічыцца.
Удзячны перадусім многім расійскім вернікам розных нацыянальнасцяў, асабліва інтэлігенцыі. Яны не дзялілі сябе, але адчувалі членамі аднаго Касцёла, якія так доўга чакалі яго адраджэння і прымалі вельмі актыўны ўдзел у гэтым працэсе. Дасягненні на расійскай зямлі не былі б такімі значнымі, калі б не было плённага і адказнага супрацоўніцтва з іншымі біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі, якія прыбылі з 23-х краінаў свету, і вернікамі. Ім усім вялікі дзякуй.
У 2007 годзе па волі Святога Айца Бэнэдыкта XVI я ізноў прыехаў у Беларусь, дзе працягваю справу адраджэння і развіцця Касцёла, якую распачаў святой памяці Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк, іншыя беларускія біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія.
Хачу выказаць удзячнасць ім усім за тое, што зрабілі да майго вяртання ў Беларусь, і тое, што робяць цяпер. Без вас, дарагія браты і сёстры, я быў бы генералам без войска. Мы ўсе адказныя за наш Касцёл і павінны супольна вырашаць яго праблемы і будаваць будучыню.
Усё ў руках Бога. Сёння, адзначаючы 30-годдзе біскупскай кансэкрацыі, я ўдзячны Богу, які вёў мяне сваімі, можа, не заўсёды зразумелымі чалавечаму розуму шляхамі, на якіх я адчуваў успамогу Марыі.
Усім, з кім давялося служыць Касцёлу ў Літве, Расіі і Беларусі, нізка кланяюся. Перапрашаю тых, каго можа вольна ці нявольна з-за сваёй недасканаласці абразіў. Хачу запэўніць, што заўсёды на першае месца ставіў дабро Касцёла, да чаго імкнуўся і працягваю імкнуцца, ставячы на першае месца Бога, што засведчана ў дэвізе майго біскупскага служэння: «Quis ut Deus» — «Хто ж як Бог». Для вернікаў стараўся быць біскупам, а разам з імі — хрысціянінам, як кажа святы Аўгустын.