Musica Sacra. Музыка пакоры

«Яго музыка — як адна вялікая малітва, яе гучанне бярэ выток у сакральным тэксце». У верасні 2020 года адзначыў свой 85-гадовы юбілей эстонскі кампазітар, ганаровы чалец музычных акадэмій Швецыі і ЗША, доктар музыкі Оксфардскага ўніверсітэта, чалец Папскай рады па культуры Арва Пярт.


Арва Аўгуставіч Пярт нарадзіўся 11 верасня 1935 г. у эстонскім горадзе Пайдэ. Сёння ён, бадай, адзін з найпапулярнейшых кампазітараў сярод жывых, менавіта яго творы па статыстыцы найчасцей выконваюцца ў свеце. Арва Аўгуставіч — стваральнік уласнага музычнага стылю tintinnabuli (званочкі), інспіраванага традыцыяй сярэднявечнага еўрапейскага харала, чалавек вельмі сціплы і вельмі глыбокай веры, аўтар мноства твораў, напісаных на сакральныя тэксты. Як сказаў пра яго дырыжор Тыну Кальюстэ (ўзнагароджаны ў в 2014 г. прэміяй Грэмі за выкананне «Плачу Адама» Пярта): «Яго музыка — як адна вялікая малітва, яе гучанне бярэ выток у сакральным тэксце». І, як казаў пра сакральную музыку сам кампазітар: «Калі мы пішам на рэлігійны тэкст музыку, то пасля слова, якое мае вагу… трэба падаць гэтае слова так, каб яно не было заглушана наступным шумам ці нават наступным словам. Каб мы былі ім прасякнутыя, каб быў час яго ўсвядоміць».

Выпускнік Талінскай кансерваторыі пачынаў творчы шлях як гукарэжысёр і кампазітар-авангардыст. Эксперыментальная музыка гэтага перыяду яго творчасці, па праўдзе, мала зразумелая для большасці слухачоў. Яго шлях да пераасэнсавання творчасці, акрэслення новага музычнага стылю пачаўся з твора, напісанага на літургічны тэкст «Credo». Прэм’ера падобнага твора ў 1968 г. у савецкай Эстоніі выклікала сапраўдны скандал і зрабіла Пярта «апальным» кампазітарам. Яму цяжка было ўладкавацца на працу, яго музыка перастала выконвацца. Прыблізна ў гэты ж час ён паступова ўсвядомлена прыходзіць да хрысціянства і на пачатку 1970-х гадоў прымае праваслаўе.

Рэжысёр Роберт Уілсан, які рабіў пастаноўку спектакля «Пасія Адама» на музыку Пярта, казаў пра яго: «Гэта кампазітар, які піша цішыню». Для Пярта надзвычайнае значэнне мае паўза, ва ўсіх сэнсах: музычным, багаслоўскім, філасофскім, жыццёвым. Як тут не ўзгадаць біблейскае: Бог прыходзіць не ў буры і навальніцы, а ў павеве ціхага ветру…

Падобную паўзу ва ўласным жыцці кампазітар перажываў з 1968 да 1976 года, застаючыся ў творчым маўчанні, пераломным для яго самога і сучаснай акадэмічнай музыкі. У 1970-х гадах Пярт пачаў глыбока вывучаць сярэднявечную еўрапейскую музыку і ў першую чаргу традыцыю грыгарыянскага харала. У інтэрв’ю ён часта распавядаў, што выпадкова пачуў у нейкай музычнай краме кароткі, на некалькі секундаў, запіс старажытнага харала і гэта было для яго быццам удар маланкі, адкрыццё новага невядомага свету: «Тады я часта задаваў сабе пытанне, чаму грыгарыянскі харал мае такую моц і чаму ніводны кампазітар нашага стагоддзя не можа стварыць нічога падобнага?» У адным з талінскіх касцёлаў ён дастаў Liber usualis — зборнік богаслужбовай музыкі. «Я раптам адчуў сябе адразу і бедным і багатым. І зусім голым. Я адчуваў сябе як марнатраўны сын, які вярнуўся да айца… З гэтага часу ўся мая папярэдняя праца здалася мне спробаю прасеяць ваду скрозь рэшата…» — узгадваў пра гэты лёсавызначальны досвед Арва Аўгуставіч.

Амаль 10 гадоў нараджаўся новы музычны стыль — tintinnabuli. Гэта музыка прастаты і празрыстасці, ад якой кампазітар адсякае ўсё лішняе: «Існаваннем tintinnabuli я хацеў у некаторым сэнсе падкрэсліць, што Божая праўда прабывае з веку ў век, і гэтая праўда простая! І хочацца ісці да яе проста». Скрыпач і дырыжор Гідон Крэмер так гаварыў пра музыку Пярта: «У яго свая ўнікальная музычная мова. У ёй няма ніводнай выпадковай ноты. У гэтай музыцы кампазітар пазбягае сябе, ніяк не паказвае значэння ўласнай асобы, ніяк не ўплывае на слухача. Гэта чалавек пошуку».

Кампазітар назваў свой стыль сыходжаннем у дабравольную нястачу, максімальнае самаўпакорванне. Аднак парадокс у тым, што гэтая ўяўная «беднасць» адкрывае чалавеку невычэрпнае багацце: «Грыгарыянскі спеў навучыў мяне таму, якая касмічная таямніца хаваецца ў мастацтве спалучэння двух, трох нотаў».

Ён падкрэсліваў, што гэта не толькі стварэнне новага, але і адкрыццё старога, даўно забытага, той святой крыніцы, у якой ужо ўсё сказана.

Арва Аўгуставіч гаворыць: «Музыка — мая сяброўка, якая заўсёды разумее, спачувае, прабачае. Яна — маё суцяшэнне, хустачка, якая сцірае слёзы суму, і крыніца радасных слёз. Маё вызваленне і палёт. Але і балючы шып у маім целе і душы, які мяне ўтаймоўвае. І вучыць пакоры».

Прапануем вам пазнаёміцца са скарбніцай духоўнай музыкі вялікага Арва Пярта. Дзелімся з вамі таксама плёнам яго духоўных роздумаў, узятых з дзённікаў кампазітара і яго інтэрв’ю.

«Я разважаў пра тое, што азначаюць словы “Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй”. Гэта, уласна кажучы, тая самая анёльская музыка, якая існуе заўсёды, якую пачуў і запісаў Моцарт; тая самая анёльская музыка, якую пісалі святыя манахі, і сёння спяваюць у святыні. Такое не можа стварыць адзін чалавек. Тое, што ён можа стварыць, нам даволі добра вядома, і гэта нас не задавальняе. Галоўная праблема толькі ў тым, што чалавек можа падысці да гэтых законаў з вялікай цяжкасцю з прычыны свайго непастаянства і недасканаласці. Гэтыя законы схаваныя ад яго, таму што ён недастойны іх ведаць. Думаю, аднак, што ў вялікіх кампазітараў быў доступ да гэтай скарбніцы».

 

Da pacem («Спашлі супакой») — гімны і псальмы у выкананні Эстонскага філарманічнага камернага хора і аркестра:

«Бог тчэ чалавека ў матчыным улонні няспешна і мудра. Мастацтва павінна нараджацца гэтак жа. Быць, як жабрак — калі пішаш музыку, дый што заўгодна, як заўгодна, калі заўгодна, як дае Бог… Не трэба журыцца, што мы пішам мала і дрэнна, а толькі таму, што мала і дрэнна молімся. І таму, што застаемся цёпла-халоднымі. Крытэрый мусіць быць заўсёды адзін — пакора».

«“А вы ўжо падзякавалі Богу за гэтую няўдачу?” — калі я быў у манастыры Пюхціцы ў Эстоніі, такія нечаканыя словы сказала мне малая дзяўчынка. Я дакладана памятаю: гэта было 25 ліпеня 1976 года. Я сядзеў у манастырскім двары, на лаве, у цяні з нататнікам. “А што Вы робіце? Што Вы пішаце?” — спытала дзяўчынка гадоў дзесяці. “Я пішу музыку, але не вельмі добра атрымліваецца”, — адказаў я. А пасля гэтыя нечаканыя словы ад яе: “А вы ўжо падзякавалі Богу за гэтую няўдачу?”…»

 

Adam's Passion («Пасія Адама») — спектакль-містэрыя па творах Арва Пярта Sequentia («Секвенцыя»), Adam’s Lament («Плач Адама»), Tabula rasa («Чыстая дошка») і Miserere («Змілуйся»):

«Мы маем прамую сувязь з Адамам, мы можам не мець дакладнай карціны таго, як адбываўся ўпадак, але гэта была касмічная катастрофа. Аднак выхад ёсць з любой сітуацыі».

«Чалавек — не анёл, за рэдкім выключэннем. Мы жывём са спадчынаю не толькі сваіх бацькоў, але і сваіх далёкіх продкаў. І ўсё гэта нагадвае пра сябе. І з гэтым трэба змагацца… І якім бы анёлам чалавек ні быў у пачатку, усё адно на працягу жыцця на паверхню прарываецца “стары Адам” ».

«Калі чалавек шчыра каецца, ён вызваляецца. Мы, праўда, прывыклі жыць, як кіслую капусту класці ў бочку, — усё толькі давім у сябе глыбей і глыбей, каб змясцілася. І пасля надыходзіць момант, калі так жыць ужо немагчыма…»

«Самы адчувальны музычны інструмент — чалавечая душа, а пасля яе — чалавечы голас. Неабходна ачышчаць душу, пакуль яна не пачне гучаць».

 

Stabat Mater («Вось стаіць Журботна Маці»), «Сем антыфонаў Magnificat» і іншыя духоўныя творы ў выкананні брытанскага ансамбля Taverner Consort

«Што такое асоба? Вось, напрыклад, Саўл. Ён быў моцнаю асобаю, жорстка пераследаваў хрысціянаў, ён быў гарачы ганіцель на хрысціянства, з моцнаю хваткаю. А пасля аднойчы пачуў голас, які сказаў: “Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне?” І ён стаў апосталам Паўлам. І ўся яго асоба і сіла захаваліся, толькі яны раптам атрымалі знак плюс. Яго асоба набыла іншую палярнасць. Ён атрымаў жыватворчую сілу. Той самы чалавек, тыя самыя сілы, толькі каштоўнасці ў яго змяніліся. Як сказаў у сваёй “Споведзі” Леў Талстой: “І ўсё, што раней было направа, стала цяпер налева, і ўсё, што раней было налева, стала направа. Нібы манета перавярнулася” . І такія ваганні адбываюцца ў нас кожную хвіліну. Іх можна нават вымяраць сейсмографам. Толькі мы не вельмі сур’ёзна ўспрымаем гэта».

«Мы ўсе тонем у адным чоўне і павінны адзін аднаго як бы выратаваць. Што датычыць паўзы — гэта не нейкі фармальны прыём ці эфект. За паўзай стаіць вечнасць. Нам трэба мець паўзу. Гэта той штодзённы хлеб, патрэбны нам, каб спыніцца, каб разважаць, каб ацаніць кожнае сваё прамоўленае слова. Або слова, якое будзе прамоўлена. Якое, магчыма, не варта гаварыць. Гэта таксама паўза. Паўза — гэта канцэнтрацыя ўсіх сілаў… У ідэальным сэнсе паўза — гэта ядро мудрасці. Нам дадзена з гэтай цішыні ўзяць нейкі бісер, якога на першы погляд, магчыма, і не бачна. Але мы павінны гэта знайсці. Гэта, вядома, ужо для людзей больш дасканалых. А для людзей нашага ўзроўню гэта азначае хаця б проста спыніцца і пастарацца зразумець: хто я такі? што я зрабіў?»

«Чалавек — не проста нейкая машына ці пусты мех. У ім увесь час, апроч усяго, функцыянуе яшчэ і сумленне, яно дае імпульсы. Калі вакол нас і ў нашай крыві пастаянны шум, то мы, вядома, не слухаем гэтыя імпульсы. І мы не ведаем, хто мы такія. Нас нясе паток горнай ракі. Але ўявіце, там чалавек у горнай рацэ змагаецца паміж жыццём і смерцю, і за нейкім каменем у кутку раптам спыняецца. І там цішыня. І слава Богу, выбраўся адтуль, хоць на хвіліну. Вось такія драматычныя бываюць урокі, на якіх трэба вучыцца шмат разоў на працягу жыцця». 


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Фота: Kaupo Kikkasestinst.ee/, AFP / Scanpix

Цытаты кампазітара Арва Пярта ўзятыя з дакументальных фільмаў «Lost paradise» (2015) і «Even if I lose everything…» (2015), інтэрв’ю часопісу Rigas laiks (2012), прамовы Арва Пярта на ўручэнні ўзнагароды ў семінарыі св. Уладзіміра, Нью-Ёрк (2014).

Чытайце іншыя артыкулы з серыі Musica sacra:

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней