«Хрыстус кажа пра “адданне жыцця” за брата, за іншага чалавека. У гісторыі хрысціянства нямала было тых, што ў розных сітуацыях аддавалі жыццё за бліжніх і аддавалі яго, каб наследаваць Хрыста. Так бывала асабліва з мучанікамі, сведчанне якіх спадарожнічае хрысціянству з апостальскіх часоў ажно да нашага часу».
«Свабода дадзена чалавеку Творцам і разам з тым яна яму зададзена, бо праз свабоду чалавек пакліканы прыняць і рэалізаваць праўду. Выбіраючы і здзяйсняючы сапраўднае дабро ў асабістым і сямейным жыцці ў эканамічнай і палітычнай рэчаіснасці, ці ўрэшце ў нацыянальным і міжнародным асяроддзі, чалавек рэалізуе сваю свабоду ў праўдзе. Гэта дазваляе яму пазбягаць магчымых адхіленняў, якія ведае гісторыя, альбо іх пераадольваць».
«Свабода з’яўляецца сабою, <…> з’яўляецца свабодаю ў той ступені, у якой яна рэалізуецца праз праўду пра дабро. Толькі тады яна сама ёсць дабром. Калі свабода губляе сувязь з праўдаю і падпарадкуе яе сабе, яна стварае лагічныя перадумовы, якія маюць шкодныя маральныя наступствы. Іх маштабы часам непрадказальныя. У такім выпадку злоўжыванне свабодаю выклікае рэакцыю, якая прымае форму тае ці іншае таталітарнае сістэмы. Гэта адна з формаў знішчэння свабоды, наступствы якой мы перажылі ў ХХ стагоддзі, і не толькі».
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько
Паводле: Ян Павел ІІ, «Памяць і самасвядомасць». — Мінск, «Про Хрысто», 2006 г.