Віктара Галко амаль штодня можна бачыць у смаргонскім касцёле св. Міхала Арханёла. Задоўга да святой Імшы ён стаіць на каленях і моліцца Ружанец. Вельмі актыўна ўдзельнічае ў літургіі, а пасля не спяшаецца ісці і часта застаецца на наступную св. Імшу.
Пра такіх як Віця Галко гавораць: сонечныя дзеці. І гэта вельмі трапна сказана, бо людзі, якія нарадзіліся з сіндромам Даўна, сапраўды вельмі светлыя, пяшчотныя, пазітыўныя і ў большасці сваёй праз усё жыццё застаюцца дзецьмі. Некаторыя з іх нават поспехаў дасягаюць у нейкай прафесійнай дзейнасці. І вось на свае вочы бачу чалавека, які дасягнуў больш чым поспеху ў зямной справе, ён здабыў самы каштоўны скарб — жывую веру, што дае не часовае, але вечнае багацце і шчасце.
Калі бачыш Віктара ў касцёле, узгадваюцца словы Святога Пісання пра тое, што трэба быць як дзеці, каб увайсці ў Валадарства Божае. У свае 37 гадоў Віктар успрымаецца менавіта як такое дзіця. Да веры ставіцца вельмі адказна — рэгулярна спавядаецца і прымае Езуса ў святой Камуніі. З ім прыемна паразмаўляць пра рэчы, якія яго цікавяць. З вялікім захапленнем, напрыклад, расказваў ён пра касцёл у Гервятах, які наведаў нядаўна з аўтобуснай пілігрымкай. Вельмі эмацыйна распавядае пра «Цёплы дом», у які ходзіць шмат гадоў. Там ён мае добрых сяброў і разам з імі ўдзель нічае ў розных спартакіядах і спаборніцтвах. З сумам адзначыў, што падчас каранавірусу мерапрыемстваў у іх значна паменшылася, але ён знайшоў сабе занятак — маляванне. У той дзень, калі я наведала смаргонскі «Цёплы дом», дзе збіраюцца маладыя людзі з асаблівасцямі развіцця, Віктар сядзеў сярод сяброў і вельмі засяроджана нешта маляваў. Я спыталася, што ён малюе. У адказ пачула: «Крыж!». І, сапраўды, сярод так бы мовіць абстрактнага мастацтва гэтага хлопца праглядваўся вялікі, на ўвесь ліст паперы крыж.
Падумалася, як жа цешыцца наш Збаўца Езус Хрыстус з такіх падарункаў Яго дзяцей, якія нясуць праз усё жыццё нялёгкі крыж сваёй хваробы!..
Вельмі заўважна, што Віктар даволі развіты для сваёй хваробы чалавек. Яго маці Ганна Баляславаўна гаворыць, што ў гэтым заслуга выхавацеляў спецкласа 3-й Смаргонскай сярэдняй школы, куды Віця хадзіў 9 гадоў. Думаецца, што перадусім тут заслуга бацькоў. Пасля нараджэння свайго першынца Ганне Баляславаўне прыйшлося развітацца з прафесіяй тавараведа і выхоў ваць хворага сына. Праз пяць гадоў у сям’і нарадзілася другое дзіця, здаровенькі сын Косця. Дзяцей дапамагала гадаваць маці Ганны Баляславаўны — Марыя Канстанцінаўна. Менавіта бабуля вучыла ўнукаў маліцца і вадзіла іх у касцёл. Пасля яе смерці Віця пачаў сам туды часта хадзіць.
Жыве сям’я Галко ў прыватным доме, таму працы заўсёды хапае. Па словах маці, Віктар дапамагае і вады нанасіць, і траву пасля праполкі агароду вынесці, словам, што можа, тое і робіць. «Я вось думаю: так, ён хворы, але ж, дзякуй Богу, сам сябе абслугоўвае, а як любіць мыцца!», — гаворыць Ганна Баляславаўна. Потым, уздыхнуўшы, з сумам дадала: «Чаму так здарылася з гэтым дзіцем, я ж была маладая і здаровая? За нешта ж такое гора!» Мне так хацелася абняць гэту засмучаную ў той момант жанчыну, але не стала яе напружваць з-за каранавірусу. Аднак я сказала ёй тое, што пачула аднойчы вось у такой жа сітуацыі ад мудрага чалавека: «Невядома, што гэта — гора ці благаслаўленне!» Я, напрыклад, упэўнена, што благаслаўленне, і не толькі для сям’і Віктара, але і для ўсіх нас. Калі бачыш, як аддана і шчыра моліцца гэты малады чалавек, а па сутнасці дзіця, адчуваеш, што нават дзеля яго малітвы Бог нас ніколі не пакіне і заўсёды абавязкова дапаможа.
Галіна Калевіч