Незабыўныя сустрэчы. Урывак з успамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка ў 10-годдзе яго адыходу ў вечнасць

Шмат разоў збіралася напісаць пра ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка, успамінаючы доўгія гады сумеснай працы, нашы сустрэчы, размовы. Эмоцыі заўсёды перапаўнялі мяне, і я не магла зрабіць задуманага. Зрэшты, і напісанае цяпер не зможа цалкам перадаць маю агромністую павагу да гэтага Чалавека і яго ўнікальнага лёсу, да тых выпрабаванняў, якіх хапіла б на дзясяткі іншых жыццяў. І нішто не зможа перадаць маю ўдзячнасць яму...


Многія матэрыялы, якія мне ўдалося сабраць, — фотаздымкі, дакументы з розных архіваў, у большай ці меншай ступені непасрэдна звязаныя з ксяндзом Казімірам ці з месцамі, дзе ён жыў, прынамсі з Пінскам, ужо былі выкарыстаныя для стварэння дакументальных стужак, але мне хочацца дадаць да іх яшчэ некаторыя свае ўспаміны...

Упершыню я прыехала ў Пінск у сакавіку 1976 года, калі аб’ектам маіх даследаванняў стаў адзін з найцікавейшых помнікаў архітэктуры XVIII ст. Беларусі — палац Матэуша Бутрымовіча (цяпер Палац шлюбаў). Я вельмі люблю працаваць з архіўнымі дакументамі, але маю таксама і іншую «слабасць»: знаёмства з новым аб’ектам пачынаю сустрэчамі са старажыламі. Звычайна людзі радасна дзеляцца сваімі ўспамінамі і паказваюць сямейныя фотаздымкі, на якіх можна ўбачыць і выявы гістарычнага аб’екта. Амаль усе, з кім я кантактавала ў Пінску, раілі мне звярнуцца ў пошуках інфармацыі да пробашча пінскага касцёла — ксяндза Казіміра: «Ён тут даўно жыве, шмат чаго ведае і пра многае можа расказаць. Чалавек ён няпросты, але цікавы і вельмі адукаваны! Шмат ездзіць па Палессі — на матацыкле! Фатаграфуе прыроду, людзей, запісвае галасы птушак...» Праз некалькі гадоў мне пашчасціла пераканацца ў тым, якімі ж многімі талентамі і здольнасцямі валодаў ксёндз Казімір, а тады я проста сустрэлася з ім, і наша размова была неверагодна цяжкаю, дыстанцыйнаю — мне відавочна не давяралі...

Аднак потым усё склалася: у мяне з’явілася магчымасць быць карыснаю для ксяндза Казіміра, які ўжо тады абдумваў планы будучай рэстаўрацыі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, дзе ён служыў, і я, працуючы ў сістэме аховы і рэстаўрацыі помнікаў мінуўшчыны, здолела дапамагчы яму ў вырашэнні некаторых пытанняў.

Разумеючы маштаб асобы кардынала Казіміра Свёнтка, я, напэўна, не маю права гаварыць пра тое, што з цягам часу мы нават пасябравалі, але магу сцвярджаць, што ксёндз Казімір усе доўгія гады нашых адносінаў заўсёды быў да мяне ўважлівым і добрым і ніколі не адмаўляў у дапамозе — і не толькі ў маёй даследчай працы, але і ў няпростых жыццёвых сітуацыях: магу без перабольшвання сказаць, што здароўем майго адзінага сына я ў значнай ступені была абавязаная дапамозе ксяндза Свёнтка, і я аб гэтым ніколі не забываюся.

Кожны раз, бываючы па справах у Пінску, я сустракалася з ксяндзом Казімірам. Мы разам пілі каву, якую ён гатаваў па сваім асаблівым рэцэпце (любоў да гэтага напою ў нас была ўзаемнаю), гаварылі пра розныя справы. Часам ксёндз Казімір запрашаў мяне прагуляцца па старажытным Пінску, пра які ён мог расказваць бясконца. У яго памяці захоўвалася нямала дзівосных гісторый, і ў яго была патрэба дзяліцца эмоцыямі. Размовы іншы раз настолькі захаплялі, што знікала адчуванне часу і я нават забывалася, што мне трэба паспець на начны цягнік Брэст — Мінск, і тады мы разам з ксяндзом Казімірам беглі на вакзал па толькі яму знаёмых цёмных завулках і дворыках, праз чыгуначныя пуці...

У нейкі момант мне здалося, што ксёндз Казімір пазбягае ўсялякіх размоваў у доме на Шаўчэнкі, 12, дзе ён жыў, а таксама ў сакрыстыі катэдральнага касцёла. Пазней я даведалася, што ён асцерагаўся «прослушки» — час галоснасці быў яшчэ далёкаю перспектываю. На вуліцах Пінска ксёндз Казімір адчуваў сябе вольна і шмат расказваў пра сваіх родных, пра гады навучання ў Пінскай духоўнай семінарыі, пра біскупа Зыгмунта Лазінскага, які з юнацтва быў яго галоўным арыенцірам у выбары жыццёвага шляху. Часам нашы сур’ёзныя размовы змяняліся яркімі і нават гарэзлівымі ўспамінамі з яго, напрыклад, «лясных экспедыцый», у якіх ён мог гадзінамі нерухома сядзець у зарасніках, каб зняць на стужку кагосьці з лясных жыхароў любімага ім Палесся. Ён радаваўся, як дзіця, паказваючы ўдалыя фотаздымкі розных кузурак і звяроў.

Яму было цяжка доўгія гады жыць з думкамі аб перажытым, застаючыся з імі ў адзіноце. Аднойчы ксёндз Казімір, запрасіўшы мяне «na spacer», раптам пачаў гаварыць нечаканымі для мяне кароткімі фразамі-рэплікамі, якія нібыта шмат разоў прайшлі праз чысцец яго памяці і цяжкага асабістага досведу. Ён расказаў мне пра тое, як у 1941 годзе апынуўся ў камеры смяротнікаў і толькі па Божай волі не быў расстраляны. У яго словах не было ні пакутніцкіх інтанацый, ні скаргаў на цяжкі лёс, але была ўнутраная праўда і мудрасць. Пазней Казімір Янавіч даверыў мне гісторыю свайго другога арышту, ужо ў канцы 1944 года, калі быў хуткі суд і пасля яго 10 гадоў у лагерах Варкуты, Інты, Марыінска — жахлівых кругах гулагаўскага пекла...

На адной з нашых прагулак я ўпершыню пачула расказ, успамінаючы які, кожны раз адчуваю неверагодную, да дрыжыкаў, трывогу: ён расказаў пра літургію, якую патаемна цэлебраваў для сваіх сукамернікаў напярэдадні Божага Нараджэння, ведаючы, што гэта магло каштаваць яму ўласнага жыцця. Казімір Янавіч быў перакананы, што гэта вігілія была самаю важнаю ў яго жыцці, бо ў няроўнай «дуэлі» паміж надзіральнікам, які ўварваўся ў камеру з пісталетам, і ім, бяспраўным вязнем, які адважыўся чыніць у жудасных умовах высокае набажэнства, перамаглі Слова (Бог!) і вера ксяндза. Раніцаю ксёндз Казімір даведаўся, што яго пераводзяць у іншы лагер, яшчэ далей углыб Сібіры, з яшчэ больш жудаснымі ўмовамі для выжывання.

Тое, што я тады пачула ад яго, выклікала ў мяне і разгубле насць, і страх, і проста аглушыла. Пра сталінскія лагеры і іх вязняў мы тады ўжо ведалі, але ўсё гэта было здалёк, найперш з літаратуры — з «Калымскіх расказаў» В. Шаламава, «Архіпелагу Гулагу» А. Салжаніцына, з твора Е. Кярсноўскай «Колькі каштуе чалавек». Асэнсаванне гэтага жаху прыходзіла ўжо пазней, а тут перада мною быў чалавек, які выйшаў з гэтых жахаў, застаўшыся Чалавекам, не страціўшы веры і душэўнага святла...


Святлана Адамовіч

Цалкам успаміны будуць надрукаваныя ў кнізе «Мяне заўсёды ратавала вера», якая рыхтуецца да выдання ў выдавецтве «Про Хрысто».

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней