У папярэднім артыкуле мы абмяркоўвалі віды агрэсіі, якая праяўляецца ў сям’і і якую ў псіхалогіі прынята называць сямейным насіллем. Шчыра кажучы, уздымаючы гэтае пытанне на старонках нашага часопіса, я хвалявалася, ці хопіць вам, нашым чытачам, адвагі зазірнуць і ў гэтую няпростую для дарослага чалавека тэму.
Адвага ж у гэтым пачынанні вельмі неабходная, бо, разбіраючыся з насіллем у сваім жыцці (з тым, якое зазнавалі мы самі, і з тым, якое мы назіралі збоку або нават учынялі самі ў адносінах да іншых людзей), мы непазбежна сутыкаемся з болем, які прыносяць такія ўспаміны, са страхам публічнасці, нявыяўленым калісьці гневам, бездапаможнасцю і няздольнасцю змяніць свае паводзіны, сорамам і, нарэшце, вострым пачуццём віны.
У пачатку яшчэ адной цяжкай размовы магу падтрымаць вас толькі адным: паколькі насілле і агрэсія павялічваюць боль і пакуты ў нашым свеце, то каму як не людзям, якія вераць у Бога, супрацьстаяць гэтаму злу. І пачаць, зразумела, трэба з сябе.
Паспрабуем спярша прасачыць галоўныя заканамернасці, звязаныя з сямейным насіллем.
Па-першае, калі хтосьці з дарослых у сям’і скіроўвае сваю агрэсію на дзіця, яно заўсёды апынаецца ў безвыходным становішчы. У свеце жывёлаў у выпадку пагрозы нападзення жывыя арганізмы ратуюцца адным з двух спосабаў: уступаюць у барацьбу або пускаюцца наўцёкі. Гэта і з’яўляецца біялагічна здаровай рэакцыяй на агрэсію. Аднак дзіця, на якое нападаюць бацькі, не можа скарыстацца ні адным з гэтых спосабаў, бо ўступаць у барацьбу небяспечна (дарослыя заўсёды мацнейшыя і разумнейшыя), а збегчы дзіця не можа, бо не можа выжываць без бацькоў, у той жа час, калі збегчы і пазней вярнуцца, гэта можа толькі раззлаваць агрэсараў.
Менавіта таму ў сітуацыі насілля ў дзіцяці няма выйсця, і, спрабуючы вырашыць, што рабіць, яно не можа зрушыцца з месца. Такую рэакцыю псіхолагі называюць здранцвеннем. Здранцвенне дзіцяці суправаджаецца звычайна моцнаю разгубленасцю і страхам, што яшчэ больш прыгнятае мысленне і здольнасць валодаць целам. Зразумела, чаму дзеці часта проста не ў стане адказваць на пытанні або хутка выконваць заданні раз’юшаных бацькоў.
Па-другое, паўтаральная рэакцыя здранцвення і няздольнасць абараніць сябе толькі ўзмацняе агрэсію з боку дарослых, дазваляючы ім атрымліваць своеасаблівае задавальненне ад адчування ўласнай сілы і перамогі ў паядынку пад назваю «Хто тут галоўны?» Такім чынам ахвяра агрэсіі сваёй пасіўнасцю нібы правакуе і падагравае нападаючага і чым часцей гэтая сітуацыя паўтараецца ў сям’і, тым хутчэй дзіця стане ахвяраю эмацыйнай або нават фізічнай агрэсіі сваіх аднагодкаў. Не маючы навыкаў абараняцца, такое дзіця аўтаматычна становіцца пасіўным перад кожнаю пагрозаю або сілаю, правакуючы гэтым агрэсію спачатку з боку іншых дзяцей, а потым нярэдка і настаўнікаў. Гэта ў сваю чаргу нараджае ў дзіцяці моцны страх перад іншымі людзьмі, якія ўспрымаюцца ім як патэнцыйныя агрэсары, страх перад будучыняю і перад жыццём наогул.
Па-трэцяе, накопліваючы ўсё большы вопыт бездапаможнасці перад насіллем, і не толькі фізічным, дзіця ўсё менш верыць ва ўласныя сілы і сваю здольнасць да абароны. З гэтага часу пагарда і нянавісць да сябе становяцца яго заўсёднымі спадарожнікамі. Цяпер пры кожным новым выпадку насілля і прыніжэння з боку іншых людзей дзіця будзе вінаваціць само сябе, называючы сябе мізэрным, баязлівым, нікчэмным і няўдалым, працягваючы пры гэтым зноў і зноў дранцвець перад крыўдзіцелямі. Да пачуцця віны дадаецца боль ад прыніжэння і сорам пры думцы, што іншым людзям стане вядома, як з ім абыходзяцца ў сям’і. Так нараджаюцца сямейныя тайны, а дзіця становіцца замкнёным і недаверлівым.
Па-чацвёртае, лічачы сябе мізэрным і нікчэмным, дзіця перастае паводзіць сябе натуральна, мяркуючы, што любіць яго немагчыма (яно ж і само сабой пагарджае). У пошуках любові і прыняцця замест сябе сапраўднага яно прапаноўвае іншым свой выдуманы вобраз, ролю, маску. Гэта можа быць маска інтэлектуала, паяца, памочніка церпячым, цыніка альбо кагосьці яшчэ, галоўнае ж яе прызначэнне — выклікаць усеагульную сімпатыю і пахвалу любым коштам або трымаць іншых на адлегласці, якая выключае блізкія кантакты. Усё гэта нібыта павінна змяншаць верагоднасць нападзення і дапамагаць схаваць уласную слабасць і «нікчэмнасць», але ў аснове кожнай ролі заўсёды ляжыць страх перад агрэсіяй або адпрэчваннем.
Вось да якіх наступстваў у жыцці дзіцяці прыводзіць сямейнае насілле. Але падводзіць вынікі рана, таму што дзеці вырастаюць і становяцца дарослымі.
А дарослыя стараюцца як мага хутчэй забыць пра тыя боль, страх, гнеў, разгубленасць і бездапаможнасць, віну і сорам, якія яны спазналі ў дзяцінстве. І чым больш болю, тым мацней даводзіцца забываць. Насамрэч дзеці, якія з’яўляюцца ахвярамі насілля ў сям’і, адчайна мараць хутчэй вырасці і стаць незалежнымі ад бацькоў. У гэтых марах даросласць асацыюецца для іх са свабодаю, у тым ліку і ад страху, і з сілаю. Аднак для таго, каб забыць пра свае дзіцячыя пакуты і «адпусціць» іх, даросламу чалавеку даводзіцца фальсіфікаваць сваё дзяцінства.
Часцей за ўсё ахвяры сямейнай агрэсіі проста забываюць, амнезуюць сваё дзяцінства ці асобныя яго фрагменты даўжынёю ў некалькі гадоў.
Дадатковым спосабам фальсіфікацыі можа быць падмена рэальных падзеяў і адносінаў у сям’і дзіцяці («цяпер я разумею, што бацька меў рацыю», «нічога ж асаблівага мама не рабіла»). Пачаўшы жыць нанава, мы спрабуем пазбягаць успамінаў пра перажытае, мяркуючы, што тэма насілля і сораму назаўсёды пайшла з нашага жыцця, аднак гэта небяспечная ілюзія.
У рэальнасці большасць з нас, выходзячы з дзіцячага ўзросту, так і не навучылася адаптыўна рэагаваць на агрэсію. Часцей за ўсё дарослыя людзі або ўсё яшчэ дранцвеюць перад крыўдзіцелем, не маючы іншага досведу і не знаходзячы своечасова патрэбных словаў і дзеянняў, або пачынаюць нападаць у адказ, наносячы сустрэчныя абразы, крыўды, і пры гэтым самі ператвараюцца ў агрэсараў. Гэта значыць, што, стаўшы дарослымі, мы ўсё гэтак жа накапляем крыўды, страх, гнеў і разгубленасць, а таксама сорам за сваю бездапаможнасць і спазнаныя прыніжэнні, толькі цяпер ужо ў нашым дарослым свеце. А накопленае прыносім дадому, дзе можна не іграць роляў і «расслабіцца», можна адчуць сябе побач са сваім дзіцем значным, моцным, заўсёды правым чалавекам.
Аднак цяпер, скіроўваючы свой гнеў і раздражнёнасць на дзіця, якое памылілася, мы не задумваемся пра тое, як бы мы адчувалі сябе на яго месцы. Чаму? Адказ відавочны: каб зразумець боль нашага дзіцяці, нам неабходна ўспомніць свой у яго ўзросце, а гэта акурат тое, што мы з усіх сілаў стараемся забыць.
Так мы становімся жорсткімі да сваіх дзяцей, а жорсткасць — гэта агрэсія без спачування да ахвяры. І кола насілля замыкаецца.
Што ж з’яўляецца сапраўды нармальнай чалавечай рэакцыяй на агрэсію? Абарона. Так, менавіта здольнасць абараняцца, а не нападаць у адказ, стрымаць занесеную над табой для ўдару руку, а не сустрэчны ўдар выводзяць нас з замкнёнага кола, у якім учарашняя ахвяра становіцца агрэсарам. Аднак для таго, каб навучыцца абараняцца, неабходна спачатку навучыцца распазнаваць агрэсію, як у наш адрас, так і сваю ўласную. Але ў першую чаргу варта, як бы балюча гэта ні было, успомніць цёмны бок свайго дзяцінства і пачаць, нарэшце, спачуваць сваім дзецям.
Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 3 (180), 2010