Яшчэ раз пра радасць

У нашай рубрыцы мы ўжо гаварылі пра радасць і пра тое, што ёй перашкаджае. Гутарка ішла і пра эмацыйныя звычкі, якія прымушаюць нас зноў і зноў праводзіць большую частку дня ў страху, трывозе, раздражненні, смутку на шкоду радасці. Што ж змянілася ў вашым жыцці з таго часу? Ці стала ў вашым доме і ў вашай душы больш радасці? 


Радасць — гэта дзівоснае перажыванне, якое неабходна адрозніваць ад задавальнення і весялосці, хоць у тым і ў іншым, безумоўна, ёсць доля радасці. Спецыфічнасць гэтага перажывання ў першую чаргу звязаная са спантаннасцю: радасць немагчыма выклікаць штучным шляхам толькі намаганнямі волі. Такім чынам, радасць — гэта тое, што з намі здараецца. Аднак чалавек можа стварыць пэўныя ўмовы для радасці. Ці хочаце вы, каб радасці ў вашым жыцці стала больш? Дзеля гэтага давядзецца сур’ёзна папрацаваць. І першае, з чаго варта пачаць, гэта паназіраць за майстрамі радасці — маленькімі дзецьмі. Паспрабуйце зразумець, як, а галоўнае, чаму яны радуюцца?

Па-першае, мы можам заўважыць, што дзеці спазнаюць радасць пры задавальненні сваіх патрэбаў, натуральных жаданняў. Набегалася дзіця за дзень, прагаладалася — вось і вячэрае цяпер з апетытам, з радасцю.

А вось дарослы мужчына: стаміўся за дзень, напрацаваўся і таксама прагаладаўся, але, прыйшоўшы дадому, есць з раздражненнем. Куды ж знікла яго натуральная здольнасць радавацца? 

Па-другое, дзеці спантанна спазнаюць радасць, калі атрымліваюць тое, чаго хацелі, і чым мацнейшае было іх жаданне, тым ярчэйшая будзе радасць.

Заканамернасць простая: калі вы не баіцеся мець жаданні, вялікія і малыя, то будзеце перыядычна адчуваць радасць. Але ваш жыццёвы досвед падказвае, што можна атрымаць далёка не ўсё, чаго хочацца. А гэта значыць, што калі мы не баімся хацець, то радасць у нашым жыцці будзе чаргавацца са смуткам. І калі дзеля таго, каб ніколі не сумаваць, мы адмаўляемся мець жаданні, то і нагодаў для радасці ў нас таксама не будзе.

Па-трэцяе, маленькія дзеці перажываюць радасны пад’ём, калі сустракаюцца з чымсьці новым.

І гэтая радасць узнікае ў іх спантанна, натуральным чынам — ніхто ж іх гэтаму не навучае! Вырастаючы, людзі пачынаюць сцвярджаць, што больш не сустракаюць нічога новага. Але давайце паспрабуем дапусціць, што гэта адбываецца менавіта таму, што новае не заўсёды бывае прыемнае, часам яно нават палохае. І тады мы разумеем, што дзеля таго, каб не спазнаваць страху, мы пачынаем падсвядома пазбягаць новых заняткаў, новых людзей, новых месцаў, новых страваў і тым самым губляем вельмі шмат нагодаў для радасці. 

Па-чацвёртае, дзеці ўмеюць радавацца, пазнаючы штосьці забытае, сустракаючы штосьці нанова.

Так, дзіця можа прывесці ў захапленне сустрэча з цацкаю, якой яно не бачыла пэўны час, або зімовыя рукавічкі, якія летам выпадкова выпалі з шафы. А мы, дарослыя, часта бываем занадта стомленымі, занадта сур’ёзнымі і важнымі для таго, каб радавацца такім дробязям. 

Па-пятае, дзеці ўмеюць радавацца сваім поспехам, вынікам сваіх намаганняў, якімі б малымі яны ні былі, — вылепленай з пластыліну фігурцы, не самаму ўдаламу малюнку, няроўна ўбітаму цвіку.

Усе мы ў дзяцінстве ўмелі радавацца нават самаму маленькаму поспеху да таго часу, пакуль дарослыя не навучылі нас саромецца гэтай радасці і лічыць, што радавацца вынікам сваёй працы або выпадковаму поспеху нясціпла. Таму і атрымліваецца, што часта замест таго, каб радавацца, мы мучаемся ад няёмкасці і сораму. 

Па-шостае, кожнае дзіця інтуітыўна ведае, што радасць заўсёды належыць цяперашняму моманту, звязаная з тым, што адбываецца непасрэдна цяпер.

Cмачны кампот, чаканы паход з бацькамі ў парк, матылёк, непадобны да ўсіх тых, што дзіця бачыла раней, знойдзеная пад канапаю кніжка, самастойна выразаная сняжынка. Усе прычыны і нагоды для радасці існуюць толькі ў гэты момант, і калі нашыя думкі пастаянна блукаюць толькі ў мінулым або ў будучыні, то нашае жыццё ў лепшым выпадку будзе напоўнена толькі ўспамінамі пра радасць або вечным чаканнем яе. 

Чаму ж яшчэ могуць нас навучыць майстры радасці? Напэўна, самаму галоўнаму: найбольшую радасць прыносіць нам, людзям, любоў — адчуванне таго, што хтосьці любіць нас, што кагосьці любім мы. Што патрэбна для таго, каб пусціць гэтую радасць у сваё жыццё? Адвага, шмат адвагі. Адважыцца на радасць любові — гэта вялікая рызыка. Уступаць у адносіны з людзьмі — гэта сапраўды самае рызыкоўнае, самае небяспечнае пачынанне на свеце, таму што, адважваючыся на блізкія, даверлівыя адносіны, мы становімся вельмі бездапаможнымі. І таму мы часта аддаем перавагу падазронасці, патрабавальнасці, расчараванасці, крыўдам і нават абыякавасці да тых, хто нас атачае, і самых блізкіх людзей, замест таго, каб проста радавацца ад таго, што мы ёсць адзін у аднаго, што нам прынамсі ёсць каго падазраваць, на каго крыўдзіцца і ў кім расчароўвацца. 

Адзін чалавек нядаўна задаў мне пытанне «як псіхолагу»: як не пасварыцца ў Вялікдзень? Вядома ж, гэта быў жарт, але ж якая вялікая ў ім доля праўды! 

Апрача ўмення бачыць прычыны для радасці, трэба навучыцца яшчэ і ўтрымліваць яе, не дазваляць іншым, больш звыклым пачуццям (раздражненню, страху, крыўдам, няёмкасці), хутка знішчыць нашую радасць. Для веруючых людзей гэта асаблівая тэма. У хрысціянскім асяроддзі чамусьці вельмі часта лічыцца, што смутак, пачуццё віны і сораму — гэта больш натуральныя перажыванні для дзяцей Божых, чым радасць. А Ён гаворыць: «Калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мц 18, 3)

Хіба ж не належыць дзецям Божым радавацца, па-першае, таму, што Пан Бог задавальняе ўсе нашыя натуральныя патрэбы, дае нам хлеб надзённы, прытулак і магчымасць адпачынку, і нават у большай колькасці, чым неабходна проста для выжывання. Па-другое, хіба не нашыя малітоўныя просьбы Ён выслухоўвае, задавольваючы часам самыя бессэнсоўныя і капрызлівыя нашыя жаданні? Па-трэцяе, хіба не Ён гатовы ў кожны момант адкрываць для нас усё новыя і новыя грані сваёй Любові, хіба не здзіўляе нас зноў і зноў Яго Міласэрнасць, якая прыходзіць (як ні дзіўна) заўсёды нечакана, і, па-чацвёртае, хіба Ён не дае нам прычыны для радасці, калі няспынна вяртае нам страчаныя і забытыя ісціны, дарыць магчымасць перажываць сустрэчу з Ісцінай нанова ў кожнай Эўхарыстыі, у кожным радку Святога Пісання, у кожным паглядзе на аблічча Маці Божай?

А ці не Ён вянчае поспехам нашую працу? Ці не Ён дае плён нашым намаганням? І хіба не ў кожным моманце нашага жыцця мы можам сустрэцца з Яго клапатлівай прысутнасцю? Дык няўжо нам, хрысціянам, недастаткова прычынаў для таго, каб радавацца — заўсёды радавацца?! 

Але і гэтага ўсяго магло б не быць, калі б заставалася штосьці адно, галоўнае: менавіта Ён дае нам сапраўдную любоў, тую, якая ніколі «не перастае»... 


 Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 4 (181) 2010
Фота Валянціны Аўсянікавай

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней