«Шэрых дзён не бывае...». Як прыняць сваё жыццё і жыць ім?

Сёння мы паразмаўляем на такую тэму: як прыняць сваё жыццё і жыць ім? Прызнайцеся, часам усе мы лічым сябе настолькі важнымі, што здаецца, без нас не будзе існаваць не толькі наш родны горад ці вёска, месца нашай працы ці вучобы, а нават зямля. Насам­рэч мы добра ведаем, што без нас планета не спыніцца, толькі прыняць гэта бывае цяжка. Чаму? Нам здаецца, што калі мы не здзей­снім нечага велічнага і гераічнага, калі нічым важным не будзем вылучацца ў гэтым жыцці, то мы не заслугоўваем месца на гэтай зямлі. І мы напружана працягваем гэтую гонку наверх, каб хоць нечым недзе запомніцца, каб толькі не жыць «звычайным», «шэрым», «будзённым» жыццём. Сёння я хачу паразмаўляць з вамі акурат пра гэтае «будзённае» жыццё.


Мы хочам пераўзысці сябе, хочам быць вялікімі, уплывовымі людзьмі, бо толькі тады, як нам здаецца, нашае жыццё набудзе сэнс. Права на жыццё і існаванне даў нам Бог, і сваё месца пад сонцам Бог вызначыў нам яшчэ да нараджэння. Мы нібыта ўсё гэта ведаем, але не заўсёды глыбока ўсведамляем, не адчуваем, гэтая праўда не даходзіць да нашых сэрцаў. Сапраўды, адкуль нам ведаць, што для нас падрыхтаванае месца пад сонцам? Пачытайце 139 псальм:

«Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі,
ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Яшчэ няма слова на маім языку, а Ты, Пане, ужо ведаеш усё.
З усіх бакоў мяне ахінаеш і кладзеш на мяне сваю руку. <...>
Ты стварыў маё нутро і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці. <...>
Ты добра ведаеш маю душу. Не былі схаваны ад Цябе мае косці,
калі ў таямніцы мяне стваралі, я сатканы быў у глыбіні зямлі.
Твае вочы бачылі мяне ў зародку, у кнізе Тваёй запісаныя ўсе мае дні,
калі ніводнага з іх яшчэ не было».

Толькі ўявіце: нашыя дні запісаныя ў кнізе Бога з таго часу, калі мы яшчэ былі ў зародку, — вось нам права на тое, каб выдыхнуць і разняволіцца. А мы ніяк гэтага не разумеем: нам трэба некуды бегчы, быць «на ўзроўні», шмат чаго дасягнуць, паспець, зрабіць.

Ёсць прыпавесць пра рыбака, які сядзеў на беразе мора, курыў люльку і адпачываў. Да яго падышоў бізнесмен і спытаўся: «Чаму ты не ловіш рыбу?». Той адказаў: «Я ўжо дастаткова налавіў на сёння». — «Як гэта на сёння? Трэба лавіць яшчэ, ізноў ды ізноў выходзіць у мора, каб гэта было не толькі на сёння, але і на заўтра, і на паслязаўтра». Рыбак спакойна спытаўся: «А для чаго?» — «Ну як для чаго? Тады ты зможаш замест гэтага чоўна набыць сабе карабель, налавіць рыбы адразу на цэлы тыдзень і прадаваць». Рыбак ізноў спытаўся: «А для чаго?» — «Тады ты будзеш багаты, сядзеш і зможаш проста радавацца жыццю». Рыбак здзіўлена паглядзеў на бізнесмена: «А што, па-твойму, я цяпер раблю? Сяджу і радуюся жыццю».

Мы заўжды некуды спяшаемся: і ў фізічным плане, і ў псіхічным, і ў духоўным. Мы ўвесь час спрабуем узнесціся над уласным «я»: змагаемся з сабою, з нізкай самаацэнкай, вышукваем у сабе комплексы непаўнавартасці, віны, каб перамагаць іх. І вось нешта, здаецца, пачынае атрымлівацца: мы пачынаем «валодаць» сваім жыццём, апаноўваем комплексы, утаймоўваем нервы. І тут усё раптам абрушваецца, мы ізноў вяртаемся туды, адкуль пачыналі, да тых жа праблемаў. Дзе памылка, у чым справа?

Мы працуем над сабою, каб дасягнуць нейкай уяўнай вяршыні, — і ў гэтым памылка. Гэта не той шлях. Можаце са мною не згаджацца, але мне здаецца, што манахі і манашкі, якія многія гады дасканаляцца ў духоўным жыцці, пацвердзяць мае словы. Колькі ні намагайся, але калі ты выбраў не той шлях, ён усё адно нікуды не прывядзе, ты ўсё адно ўпадзеш. Дык куды ж ісці і што рабіць?

Памятаеце сустрэчу Езуса з Марыяй і Мартаю? Бедная Марта гатавала вячэру для Езуса і вучняў, збівалася з ног, а гэтая «нахабніца» Марыя замест таго каб дапамагчы, села каля ног Езуса і стала Яго слухаць. І Езус, уявіце, падтрымаў гэтую «лайдачку» Марыю: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно» (Лк 10, 41–42). Якая «несправядлівасць», які «жах»! Яна ж бегала, рупілася, працавала… Ці ж ленавацца — гэта добра? І гэтак жа бывае, калі мы чытаем прыпавесць пра марнатраўнага сына. Чаму старэйшы сын, які ўсё жыццё працаваў, не атрымаў ад бацькі нават цяляці ў дар?

А справа ў тым, што каб адчуваць сябе чалавекам, не трэба ўзвышацца над самім сабою, не трэба шукаць недасягальнага. Нават стоячы на вяршыні, можна ўсё адно адчуваць сябе нявартым і нягодным. Справа зусім не ў гэтым. Трэба цалкам прыняць і спакойна пражываць сваю будзённасць — тое, дзе і з кім ты ёсць цяпер, а не існаваць у марах і фантастычных думках пра тое, што магло б быць. Трэба зразумець, што ў кожным нашым звычайным дні можа быць больш сэнсу і больш яркіх момантаў, чым у гонках невядома за чым.

Што ж прымушае нас бачыць жыццё ў шэрым колеры? У свеце існуе вельмі «модная» з’ява, якая называецца «віктымізацыя». Гэта ўнутраная пазіцыя чалавека, які лічыць сябе ахвяраю абставінаў, цяжкага дзяцінства, не таго месца і часу, дзе ён нарадзіўся, і г.д. Гэтым ён апраўдвае многія свае ўчынкі: «Я так паводжу сябе таму, што мяне білі ў дзяцінстве. Я так крычу, бо мяне раз’юшылі». Здараецца, што нават чалавек з «нармальнай» сям’і абвінавачвае дзяржаўны лад, грамадства і нават надвор’е: «Вось у нас сонца мала, таму мы такія».

Чалавек, які ставіць сябе ў пазіцыю ахвяры, заўсёды знаходзіць нейкае апраўданне. Усё, што з ім здараецца, апраўдвае яго. Абставіны жыцця сапраўды бываюць цяжкія, нават страшныя, але чалавек-ахвяра не змагаецца з імі, а кажа: «Я — ахвяра, і маю поўнае права быць ёю».

Наступны крок у віктымізацыі — складанне з сябе ўсялякай адказнасці за тое, што адбываецца, пазіцыя: «Я — ахвяра, і ні за што не адказваю». Крычу на ўсіх — і правільна, бо на мяне ўсё жыццё павышалі голас. Не магу не напівацца да свінства — і гэта нармальна, бо мой бацька піў. І гэтак ва ўсім, што адбываецца з чалавекам-ахвярай. Ён лічыць, што ні на што ў сваім жыцці не ўплывае, а калі і ўплывае, то так нязначна, што гэта не лічыцца.

Першы крок да таго, каб навучыцца прымаць сваю будзённасць, — адкінуць пазіцыю ахвяры. Каб нашае сённяшняе жыццё, а не тое, якое мы будуем ва ўяўленні, набыло сэнс і са­праўды пачало змяняцца, трэба зразумець, што нават калі ты адказны за сваё жыццё ў вельмі нязначнай ступені, гэтая адказ­насць усё роўна ёсць. Хаця б на адзін маленькі працэнт, але ты ўплываеш на ўласнае жыццё і вырашаеш, якім яно будзе. Ты сам расфарбоўваеш свае «шэрыя» дні і пражываеш іх у паўнаце так, як можаш, а не ламаеш сябе ў пагоні за недасяжным.

Другі крок, які трэба зрабіць у гэтым кірунку, — неабходна прабачыць сваю будзённасць: сябе, тых людзей, якія побач, і г.д. Гэта са­праўды неабходна, каб узяць жыццё ў свае рукі і проста жыць.
Пра тое, як гэта зрабіць, мы паразмаўляем у наступны раз.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле лекцый і семінараў
сястры Паўлы Бобер MSF.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней