Калі іншы чалавек становіцца галоўнаю ўмоваю майго існавання, душэўнай раўнавагі і камфорту, цэнтрам майго жыцця — я хварэю на сузалежнасць. Для нас, хрысціянаў, гэтая тэма можа быць асабліва балючай, бо нам часта можа здавацца, што ўсё пералічанае і ёсць форма сапраўднага чалавечага жыцця. Чаму? Бо калі іншы чалавек становіцца сэнсам майго жыцця, я ўсё дзеля яго зраблю, усім ахвярую, забуду пра сябе. Вернікі, якія не задумваліся глыбока над сапраўдным сэнсам запаведзі любові, могуць разглядаць сузалежнасць як рэалізацыю гэтай запаведзі. А насамрэч сузалежнасць — поўная супрацьлегласць любові, гэта павольная смерць.
Сузалежнасць — паталагічная цяга да іншага чалавека, калі раніцай прачынаешся і, да канца яшчэ не прыйшоўшы ў свядомасць, яшчэ не адчуваючы сябе, ужо пачынаеш думаць пра мужа або жонку, пра дзяцей, і гэтак цэлы дзень. Зацыкліўшыся на адным, зусім перастаеш заўважаць іншае.
Цяпер я на прыкладзе хачу распавесці вам, як выглядае сузалежнасць і адкуль яна бярэцца. Дарэчы, выходзіць з яе — значыць спрабаваць рабіць усё наадварот. Зразумела, што сказаць — лёгка, зрабіць — цяжэй, але іншага выйсця з сітуацыі няма, толькі змяніць саму сітуацыю.
Часта мы чуем, што сузалежнасць узнікае тады, калі наш блізкі сваяк хімічна залежны: ад алкаголю або наркотыкаў. Гэта памылка. Сузалежнасць узнікае не ў дарослым узросце, а ў дысфункцыйнай сям’і ў дзяцінстве і падлеткавым узросце: там, дзе мы нарадзіліся і дзе нас выхоўвалі. Калі мы пачынаем думаць, што ва ўсіх нашых бедах вінаваты той, у каго хімічная залежнасць, — гэта няпраўда. Хімічная залежнасць — гэта толькі сімптом нездаровай сям’і, а не прычына.
У гэты ж шэраг, побач з хімічнай, становяцца і іншыя залежнасці: сексагалізм, працагалізм і г.д. Мы ж, звычайна, пачынаем вінаваціць у бедах сям’і менавіта залежнага: «Вось калі б ён або яна перасталі піць, прымаць наркотыкі, хадзіць “налева” — усё было б добра». Гэта ілюзія. Ёсць мноства прыкладаў, калі людзі пазбаўляюцца ад залежнасці, але ў сям’і складаная сітуацыя застаецца нязменнай, бо не ў гэтым была прычына. Алкагалізм або наркаманія — гэта «кветачкі», а апроч іх ёсць яшчэ і «галінкі», і «ствол», і «карані» дрэва. І змяняць сітуацыю трэба з кораня. Паўтару, што корань праблемы — дысфункцыя ў сям’і.
Адна з праяваў дысфункцыі ў сям’і — закрытасць
У такой сямейнай сістэме нічога не змяняецца і не выносіцца вонкі, вербальна або невербальна ад аднаго члена сям’і да іншага перадаецца інфармацыя: «Не рэагуй, не гавары, не давярай, з дому “смецця” не вынось». Зразумела, што ёсць таямніцы, якія павінны заставацца ўнутры сям’і, але некаторыя пачынаюць літаральна душыць людзей. І іх абавязкова трэба неяк вынесці вонкі, каб выжыць. У выніку нехта становіцца агрэсіўным, нехта дэпрэсуе, нехта сыходзіць у алкагалізм.
Яшчэ адна рыса дысфункцыйнай сям’і — татальны ўзаемны кантроль
Напрыклад, дзіця прыходзіць дамоў са школы і не можа дома ні пажартаваць, ні распавесці, што думае і адчувае, бо яно павінна «паводзіць сябе як след». Калі дзіця не прыносіць клопату, мы часта зусім яго не бачым, нібыта яго наогул няма, а «выхоўваць» пачынаем тады, калі дзіця нашкодзіць, разумеючы пад выхаваннем проста ламанне дзіцячай волі. Не дзіва, што дзіця шукае выратавання на вуліцы, пачынаючы жыць па яе правілах.
Наступная рыса дысфункцыі — калі жыццё аднаго прымае форму цалкавітага служэння іншаму
Не будзем апісваць, як жонка пакорна распранае і кладзе ў ложак п’янага мужа. Вельмі просты прыклад: дзіця прачынаецца і прыходзіць на кухню, дзе маці ўжо снедае, п’е каву. Дзіця заяўляе: «Хачу есці», і маці ўскоквае, кідае недаедзены сняданак і пачынае ўсаджваць любае дзіцятка, ставіць талерачку, бегчы да пліты, накладаць кашы… А любаму дзіцятку можа быць ужо далёка не тры гады. Затое, калі з трох гадоў прывучаць дзіця абслугоўваць сябе (па магчымасці, канешне), тады праз нейкі час яго не трэба будзе прымушаць прыбіраць за сабою, не трэба будзе кантраляваць, ці памыла яно посуд — гэта пачатак самастойнасці. Гаворка не ідзе пра падтрымку — гэта патрэбна і дзецям, і дарослым. Падтрымка не павінна ператварацца ні ў кантроль, ні ў абслугоўванне.
Яшчэ адна небяспека абслугоўвання іншага коштам поўнага адмаўлення ад сябе — асабістая дэградацыя
Сузалежныя людзі часта кажуць: «Чытаю кнігу — не магу засяродзіцца, гляджу кіно — праз пяць хвілін пасля заканчэння ўжо не памятаю сюжэту». Гэты рэгрэс паступова выклікае дэпрэсію, суіцыдальныя думкі. Жыццё пазбаўляецца сэнсу, таму што свайго жыцця насамрэч і няма — ёсць сузалежнасць.
Сузалежныя людзі імкнуцца ўзяць на сябе поўную адказнасць за іншых, і часта гэта дае ім адчуванне ўласнай значнасці, прыносіць задавальненне. Каб паказаць глыбокі трагізм сузалежнасці, прывяду вам самы страшны прыклад з уласнага жыцця, звязаны менавіта з гэтым «я важны для іншага», «я патрэбны іншаму», «я не буду патрэбны, калі...».
Аднойчы я пазнаёмілася з жанчынай са спаралізаваным дзіцем. Яна падзялілася сваім няшчасцем, і здарылася так, што дзіцяці зрабілі абследаванне ў Германіі, і дактары далі 95%, што пасля аперацыі яно зможа хадзіць. Маці вельмі цешылася гэтаму шанцу: былі сабраныя грошы, дакументы, зробленыя візы. І за некалькі дзён да запланаванага падарожжа гэтая жанчына прыйшла да мяне і сказала: «Мы не едзем». Я спрабавала яе супакоіць: «Не бойцеся аперацыі, гэтая рызыка вартая таго — Вашае дзіця зможа хадзіць, будзе самастойным». А яна адказала: «Не, я цяпер патрэбная яму, я заўжды з ім, усё маё жыццё для яго. А тады яно стане самастойным, вырасце і пакіне мяне, я застануся адна». Гэта вельмі страшны прыклад. Бываюць «мякчэйшыя» сітуацыі, якія, аднак, маюць такі ж сумны ўплыў на далейшае жыццё: «Не пушчу цябе займацца медыцынай, хірург — прафесія не для дзяўчынкі», «Не дазволю займацца спортам — разаб’ешся, атрымаеш траўмы»… Так у сузалежнасці ламаюцца лёсы людзей і здараюцца сапраўдныя трагедыі.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF