
«Калі можаш развесяліць сумнага чалавека, каб ён пачаў радавацца і нават смяяцца, — будзеш збаўлены», — гаворыць старажытны аўтар. Якім чынам несці радасць іншым, асабліва стомленым, змучаным, заклапочаным, церпячым, ахопленым трывогаю? Як знаходзіць радасць у сваім жыцці?
Радасць — гэта перадусім добразычлівая прысутнасць сярод людзей і ў розных справах нашага жыцця. Прыкладам у гэтым для нас з’яўляецца Марыя, якая ўдзельнічала ў вясельных урачыстасцях у Кане Галілейскай. Яна змагла быць разам з усімі, браць удзел у іх шчасці, радавацца з імі, але Яна змагла таксама падтрымаць заклапочаных гаспадароў, калі не хапіла віна (гл. Ян 2, 3). Вось яскравы прыклад спачувальнага стаўлення да людзей, гатоўнасці дапамагчы ім, умення з любоўю глядзець на бліжніх і на ўсе людскія патрэбы.
Такая прысутнасць датычыць не толькі выключных сітуацый, але і штодзённых, звычайных. Яна адпавядае выказванню: у штодзённых клопатах праяўляецца вечнае. Добразычлівасць вынікае з чуласці да іншага чалавека, з памяці пра яго. «Не забудзь падарыць кветкі, пакуль яны квітнеюць; не забудзь сказаць добрае слова, пакуль хтосьці можа яго чуць», — гаворыць народная мудрасць.
Радасць аб’ядноўваецца з удзячнасцю. Быць удзячным — гэта заўважаць бляск у штодзённасці, перажываць яго як дар, са здзіўленнем глядзець на кожную сітуацыю, нават самую складаную, і прымаць яе з пакораю, без бунту. Тады лягчэй быць шчаслівым. «Я не бунтаваў з дзяцінства, толькі здзіўляўся, і гэта дапамагала мне верыць», — казаў кс. Ян Твардоўскі.
Удзячнасць робіць большымі нашыя сэрцы, мы менш думаем толькі пра сябе і свае справы, мы больш захапляемся Богам. Калі нашы чалавечыя справы набіраюць адпаведныя прапорцыі, мы знаходзім сэнс існавання.
Варта кожны вечар хвілінку падумаць аб пражытым дні — незалежна ад таго, што ў ім здарылася, і шчыра падзякаваць. «Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу» (Эф 5, 20). <...>
Розныя людзі могуць зусім інакш перажываць адно і тое ж здарэнне: для аднаго яно будзе прычынаю смутку, глыбокага жалю, для другога — крыніцаю радасці і ўдзячнасці. Памятайце: адносіны з’яўляюцца больш важнымі за факты. На самай справе мы не заўсёды можам уплываць на абставіны нашага жыцця, але ў вялікай ступені ад нас залежыць тое, як мы на іх рэагуем. Таму трэба настроіцца на пошук радасці і знаходзіць яе ў любой сітуацыі.
Папа Павел VI апублікаваў апостальскую адгартацыю «Gaudete in Domino» («Радуйцеся ў Пану»), у якой пісаў: «Трэба мець цярплівасць і ўнутраную фармацыю, каб навучыцца смакаваць звычайныя чалавечыя радасці, якія пашле нам Створца, — узнёслую радасць існавання і жыцця; радасць, якая паходзіць з чыстай і асвечанай любові; супакойваючай радасці сузірання прыроды і цішыні; радасці ад выкананай працы. Хрысціянскай радасці можа дасягнуць чалавек, які здольны радавацца натуральна».
Вакол нас даволі шмат засмучаных, заклапочаных, пакрыўджаных людзей. Як іх суцешыць? Спачатку мы спрабуем іх пераканаць: «Не перажывай, усё будзе добра! Нос угору!». На жаль, вельмі часта гэта выклікае адваротную рэакцыю — раздражненне і злосць. Засмучаны чалавек зусім не хоча чуць пра тое, што няма прычыны для смутку і хвалявання. Ён заглыблены ў сваю справу, а калі штосьці і можа яго суцешыць, то гэта зразуменне, магчымасць выгаварыцца і быць пачутым. Не трэба жадаць яму насільна радасці, лепш паспрабаваць спадарожнічаць яму ў смутку, дазволіць ім падзяліцца. А тое, што падзелена, становіцца меншым. Трэба паспрабаваць паказаць, што ёсць шмат іншых важных, цікавых і радасных справаў, хоць яны часова заслоненыя смуткам. Ёсць столькі прыгожых рэчаў, якія варта паглядзець, столькі людзей, якім патрэбна дапамога, столькі кніжак, якія трэба прачытаць, столькі музыкі, якую варта паслухаць, столькі людзей, якіх трэба атуліць любоўю.
Можна паспрабаваць далікатна «заразіць» гэтага чалавека сваёй радасцю... «Радуйцеся заўсёды ў Пану» (Флп 4, 4). Святы Павел заклікае да радасці ў Пану. Што гэта за радасць? Чым яна адрозніваецца ад зямной радасці? Розніца ў ёй істотная. Зямная радасць з’яўляецца тады, калі знікаюць клопаты, хваляванні, цярпенні, а евангельская радасць напаўняе сэрца, нягледзячы на ўсё гэта. Яна вынікае з пэўнай дыстанцыі ад здарэнняў, людзей, можа «паўставаць з попелу», адраджацца пасля трагедый, абуджаць новыя рысы індывідуальнасці, набываць сваю каштоўнасць. А ўсё таму, што гэтая радасць укаранёная ў Пану.
Хрысціянская радасць з’яўляецца лёгка, спантанна, яна ахоплівае нас натуральным чынам. <...> Радасць нераўназначная прыемнасці, якая праз некаторы час можа ператварыцца ў расчараванне. Прыгадайце радасць вучняў пасля Уваскрасення Пана. Радасць з’явілася «пасля»: пасля страху, намаганняў, болю. Гэта была радасць, якая паўстала з сітуацыі, прайгранай у вачах чалавека, — са смерці Укрыжаванага. Гэта была радасць, якая вырасла з веры ў Хрыста і прынесла спакой. Радасць стала плёнам Духа Святога. «Становячыся больш блізкім для Бога, выракаючыся граху, — піша Павел VI у адгартацыі «Gaudete in Domino», — чалавек можа сапраўды ўвайсці ў стан духоўнай радасці».
Кс. Юзаф Наўмовіч
Пераклад з польскай мовы Іны Ламакі
Паводле: «Różaniec», № 3, 1997.